У Вязынцы вясну гукалі. І нагукалі! Шмат фота
26 сакавіка на радзіме Янкі Купалы традыцыйна прайшло «Гуканне Вясны». Як усё адбывалася — у нашай фотасправаздачы.
«Гуканне Вясны» штогод ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.
Ад самога ранку госці і ўдзельнікі свята ўпрыгожвалі дрэвы і камяні ля дома песняра, ладзілі кірмаш, спявалі песні пад старымі яблынямі. Як заўсёды свята пачалося з гукальных песень на горцы, а потым велічэзным карагодам усе ахвотныя праходзілі па святочных пляцоўках пад спевы.
Вядома, не абышлося без падкідвання ўгору печыва ў выглядзе жаваранкаў, святочных арэляў і танцаў.
Хочаце верце, хочаце не, але недзе праз гадзіну пасля пачатку свята хмары разышліся і выглянула сапраўднае вясновае сонейка. «Нагукалі!» — радаваліся ўдзельнікі і яшчэ званчэй працягвалі спяваць.