На Чэрвенскім рынку гукалі вясну (фотарэпартаж)
Рэспубліканская грамадская арганізацыя “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” зладзіла 19 сакавіка гуканне вясны на Чэрвенскім рынку ў Лошыцы.
Гукалі каля дзвюх гадзін, за гэты час некалькі разоў мянялася надвор’е: то пачынаў ісці снег, то свяціла сонейка, то станавілася пахмурна. “Добрая вясна выдалася сёлета ўзімку і добрая зіма ўвесну. Але зараз пагукаем — усё паправім” — жартавалі дзяўчаты.
Спярша дзяўчаты прайшліся карагодам па гандлёвых радах, павесілі папяровых птушак. Спявалі вяснянкі, танчылі і гулялі, частавалі дзетак і даролых печывам у форме птушак.
Збольшага гандляры і наведвальнікі рынку рэагавалі зацікаўлена і весела: “Дзяўчаты, дзе вашы хлопцы?!”, “Гэта, напэўна, валачобнікі”.
Гэта ўжо трэццяе сумеснае мерапрыемства Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і адміністрацыі Чэрвенскага рынку.
20 сакавіка Студэнцкае этнаграфічнае таварыства ладзіць “вялікае” гуканне вясны ў Вязынцы, таму дзею на рынку можна лічыць рэпетыцыяй.
У народным побыце гукаць вясну пачыналі дзе-нідзе ўжо з Грамніцаў, а працягвалі ледзь не да Вялікадня.