На БТ паказалі ўрывак з фільму «Жыве Беларусь!»

У праграме «Дыя@блог», якая выйшла ў эфір 3 лістапада, быў паказаны адзін з кульмінацыйных урыўкаў стужкі ў якасці ілюстрацыі да праблемы ўжывання беларускай мовы ў войску.



prysiaha.jpg

Кадр са сцэны фільму, у якой паказваецца рэпетыцыя складання прысягі

У паказаным урыўку адзін з маладых салдатаў насуперак камандаванню вырашае прыняць вайсковую прысягу на беларускай мове. Камандзір надыктоўвае тэкст прысягі па-расійску, а салдат услед паўтарае па-беларуску, што выклікае канфуз у афіцэра.

Назва фільму «Жыве Беларусь» у эфіры не прагучала. Вядучая Алена Трацэнка звярнулася да суразмоўцы з прапановай «паглядзець урывак з мастацкага фільму», не называючы якога менавіта. Пасля прагляду госць праграмы, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытуту журналістыкі БДУ Пётар Жаўняровіч, каментуючы відэа, адзначыў:
«Безумоўна, усе дзяржаўныя дакументы павінны быць на абедзвюх дзяржаўных мовах, і ў кожнага вайскоўца павінна быць магчымасьць прыняць прысягу на роднай мове».


Таксама мовазнаўца прыгадаў, што ў 1920-я гады нават Янка Купала пісаў песні да беларускіх вайскоўцаў. Чаму мова ў войску ўжываецца рэдка? Жаўняровіч адзначае, што мала распрацаваная вайсковая тэрміналогія.
«Паводле дамоваў паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам павінна быць адна мова ў войску, але чаму тады не выбраць, напрыклад, англійскую», — рытарычна пытаецца мовазнаўца.
Сусцэнарыст фільму «Жыве Беларусь» Францішак Вячорка, на аснове вайсковай службы якога зняты фільм, задаволены, што фільм трапіў у гэтую перадачу:
«Фільм меў на мэце прыцягнуць увагу беларусаў да праблемаў беларускай мовы, свабоды і незалежнасці. У фільме паказаныя факты моўнай дыскрымінацыі. Вельмі добра, што стужка трапіла на дзяржаўнае тэлебачанне. Магчыма, цяпер многія задумаюцца і вырашаць, што варта нешта змяніць».
Фільм «Жыве Беларусь!» не быў дапушчаны да паказу ў Беларусі, у кінатэатрах і на кінафестывалях у Беларусі не дэманстраваўся, а дзяржаўныя медыі яго існаванне праігнаравалі. Сам Францішак Вячорка лічыць, што з'яўленне стужкі ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання не можа сведчыць пра нейкую лібералізацыю: 
«Лібэралізацыі тут ніякай няма. Трэба глядзець на рэальныя справы ўладаў. Вунь Танкачову, якая на справе займалася правамі прызыўнікоў, у тым ліку моўнымі правамі, дэпартуюць».
«Жыве Беларусь!» дэманстраваўся ў кінатэатрах і на фестывалях больш чым 25 краінаў свету, і атрымаў 8 перамог на міжнародных кінафестывалях.
Фільм паказвалі на кінафестывалях у Канах, Бэрліне, польскім Цешыне (Польшча), Леўвардэне (Нідэрлянды), Кіеве (Украіна), Быдгашчы (Польшча),Торуні (Польшча), Сэтубале (Партугалія), Чыкага (ЗША), Таронта (Канада), Празе (Чэхіі), Вільні (Літва), Насау (Багамы), Гоа (Індыя) і інш. Фільм уганараваны гран-пры на кінафестывалях у Вене (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Стамбуле (Турэччына), прызам глядацкіх сімпатыяў — у Гдыні (Польшча), за найлепшы сцэнар — у Бруселі (Бельгія), за найлепшую музыку — у Трускаўцы (Украіна).
Фільм (афіцыйны год выдання 2013) апавядае пра сучасную Беларусь. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя спісы. У войску ён пачынае весці дзённік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзённік перарастае ў адкрытае супрацьстаянне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».
svaboda.org