На сцяне дома на Чырвонаармейскай — партал у паралельны свет

Улетку тэг #minsk у Instagram быў захоплены фотаздымкамі чорна-белай выявы з сабакам і шыкоўнымі дзвярыма ў новы цудоўны свет, якія з’явіліся на сцяне дома на Чырвонаармейскай. Падобныя ч/б-працы з цягам часу пачалі трапляцца па ўсім горадзе. 



img_3193_800.jpg

Гэта вядомы дызайнер і мастак Mitya Pisliak вырашыў дадаць менскім вуліцам берлінскага драйву і хіпстарскай прыгажосці. Каб даведацца, для чаго яму гэта трэба і які ад гэтага кайф, мы разам з Mitya выйшлі на барацьбу з бессэнсоўнай пустэчай менскіх сцен.

Правакацыя, Вялікі Гэтсбі ды instagram-тэрапія

«Гэта ў вас акцыя нейкая? Палітычная? Саміту прысвечаная? Негрыцяня ўабдымку з бабай такой жа! Будзьце пільныя, гэта могуць расцаніць як правакацыю!» — крычыць здаровы лысы мужык. Мы кажам яму, што робім рэпартаж для БТ пра сучаснае вулічнае мастацтва. Паліткарэктны суайчыннік ухвальна ківае, жадае нам поспехаў і адпраўляецца дахаты.

На гадзінніку 16:00, вакол утульны Міхайлаўскі сквер, над намі блакітнае неба, пад намі яшчэ зялёная трава, на якой ляжыць аркуш паперы вышынёй метры з два. Мастак Mitya Pisliak нажніцамі выразае з гэтага ліста прыгожую афраамерыканскую пару, апранутую ў стылі «кожную суботу мы граем джаз на вечарынах Вялікага Гэтсбі». Зараз мы паселім гэтых моднікаў на пустую сценку аднаго з дамоў Міхайлаўскага завулка.

«Нядаўна я быў у Венецыі і сустрэў там пару з Чыкага, — распавядае Mitya, шукаючы ў сваёй сумцы ПВА. — Яны былі вельмі прыгожа і стыльна апранутыя — святкавалі гадавіну вяселля. Я іх сфатаграфаваў і сказаў, каб чакалі сюрпрызаў. Цяпер вось змаляваў іх са здымка, раздрукаваў і наклею тут. Потым яшчэ цішотку хачу зрабіць. Думаю, ім будзе прыемна».

1236999_312774292201940_1852326280_n.jpg


Паводле Mitya, ён або знаходзіць у горадзе сценку, якая яго ўражвае, кідае яму выклік сваёй бессэнсоўнай пустэчай, і робіць пад яе працу, або сустракае цікавых людзей, якіх хочацца маляваць. Часам ён робіць падарункі сваім сябрам: малюе іх і наляпляе такія партрэты ў горадзе. Напрыклад, на дзень народзінаў.

«Я сваімі працамі не спрабую вывесці людзей на барыкады, — кажа мастак. — Проста хачу зрабіць горад прыгажэйшым, хачу, каб у ім было хоць трохі нейкага берлінскага драйву, калі выходзіш на вуліцу, а там паўсюль мастацтва, і самому хочацца ўвесь час тварыць. Плюс street-art, што тут хаваць, — выдатная рэклама для праекта Mitya Pisliak. Бо працы ўбачаць шмат выпадковых мінакоў, а яшчэ больш залайкаюць іх у Facebook ды Instagram».

Mitya павольна намазвае на малюнак ПВА, акуратна, старанна разгладжваючы зморшчыны, лепіць партрэт стыльных чыкагцаў на чырвоную сцяну ў небяспечнай блізкасці ад будынка Суда Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Побач змяшчае ліст з гуллівым надпісам: «Welcome to Chicago». Пасля гэтага ў нас невялікі сеанс instagram-тэрапіі.

Пакуль мы шукаем прыгожыя ракурсы, да нашага фотапалявання далучаюцца выпадковыя мінакі, а гэта ў сваю чаргу прыцягвае нейкую аматарку парадку і чысціні. Пад яе абураны лямант — «Вы наогул ведаеце, каму належыць гэты дом?!» — мы сыходзім шукаць сценку для другой працы Mitya.

1381875_348257621986940_526390694_n.jpg

 

Ч/б, прычоска «афра» і партал у паралельны свет

Па дарозе высвятляецца, што ў нас скончыўся клей, таму ідзем у краму «Матэрыялы для мастака», добра знаёмую нашаму герою. Ён малюе з дзяцінства, шэсць гадоў адвучыўся ў Акадэміі і мае дыплом па спецыяльнасці «манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», а апошнія гады займаецца дэкараваннем кватэр, офісаў і кафэ. Менавіта ён, напрыклад, працаваў над барамі Doodah King і Coyote.

«Адрозненне вуліцы ад бара і кватэры ў тым, што тут я ні ў каго не пытаю, што рабіць, як рабіць, што напісаць на вокладцы кнігі, якой таўшчыні павінны быць лініі, — распавядае Mitya, ныраючы ў краму. — Няма гэтых бясконцых узгадненняў. Я проста бяру і малюю».

Першы раз вулічным мастацтвам Pisliak заняўся гэтым летам. На Чырвонаармейскай ён ператварыў пусты праём у партал у прыгожы паралельны свет. З тых часоў у горадзе з’явілася ўжо больш за дзясятак яго фірмовых black & white малюнкаў. І спыняцца жадання ён не мае.

«Чорна-белы добра выглядае на любой паверхні — няхай гэта будзе кут дома або сучасны інтэр’ер. Ён вылучаецца, бо ўсё астатняе як раз такі каляровае. Пры гэтым ч/б жыве арганічна ў любым асяроддзі, бо такое спалучэнне даволі нейтральнае, — тлумачыць тонкасці Mitya. — Шмат хто раіць мне дадаць чырвонага-блакітнага-жоўтага, але я не бачу ў гэтым асаблівага сэнсу. Гэта проста не мой стыль. Таму пакуль буду рабіць горад ярчэйшым з дапамогаю чорнага і белага».

C:DOCUME~1AdminLOCALS~1Tempmsohtml11clip_image003.jpg

Пасля закупкі мы рухаемся ў бок Кастрычніцкай, дзе Mitya ўжо клеіў свае працы. На другім яго малюнку афіцыянты з рымскага Сaffè Propaganda, якіх мастак сустрэў падчас свайго летняга падарожжа па Італіі. Праз паўгадзіны барадаты прыгажун у белай кашулі з вузкім чорным гальштукам і элегантная дзяўчына з прычоскай «афра» ўжо глядзяць на дошку гонару заводу МЗОР і тых, хто праходзяць міма аматараў пахуліганіць.

«За сваё жыццё кожны чалавек павінен зрабіць нешта вартае і сапраўднае, нешта цалкам сваё, — кажа напрыканцы мастак. — Я хачу, каб такой магчымасцю для мяне быў арт-праект Mitya Pisliak. Каб я мог прыйсці, сказаць: “Хачу вось гэтую сцяну”. А мне сказалі: “Так, мы цябе ведаем, ты лухты не зробіш. Дый стыль нам твой падабаецца”. А потым я шмат працаваў бы і зрабіў бы тое, за што мяне будуць памятаць. Так што ўсе мае сённяшнія малюнкі — гэта першы крок да чагосьці сапраўды істотнага. І для гэтага я гатовы шмат працаваць».

Мы с Mitya рушым у бок метро, заўважаючы сцены, якія больш падобныя на вялікія выставачныя пляцоўкі пад адкрытым небам. На гэтых пляцоўках ёсць рамкі, але карціны ў іх уставіць забылі. Але Mitya запэўнівае мяне, што гэта ненадоўга.

733882_337893486356687_613655222_n-850x850.jpg

34mag.net