На Вілейшчыне адкрылі абноўлены музей яйка

Яйкі з дрэва, каменя, гліны зноў можна пабачыць ў Вілейскім доме рамёстваў у вёсцы Ізбіно. Напярэдадні Вялікадня тут пасля рэканструкцыі адкрылі музей яйка.



get_img_1_21.jpg

Гісторыя музея пачалася  з  інкруставанага саломкай яйка, якое зрабілі на сувеніры. Пакрысе калекцыя расла. І ў 2006 годзе ў цэнтры рамёстваў з'явіўся музей яйка.  

– На той момант, мяркую, ён быў адзіны не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, – кажа дырэктара Дома рамёстваў Ксенія Альфер.

Тут сталі праводзіць абласныя майстар-класы па роспісе яек, ды і свае майстры папаўнялі калекцыю.

Так што зараз у музеі захоўваецца больш за  300 яек розных памераў. Найбольшае – каля 30 сантыметраў у вышыню.

get_img?ImageId=23846

На іх намаляваны, наклеены і высечаны розныя вобразы: арнаменты, выявы звяроў, пейзажы. Ёсць і рэлігійныя вобразы –  аўтарка адмыслова дазвол у святара прасіла.

– А якія самыя цікавыя экспанаты? – запытаў у Ксеніі Альфер.

– Напэўна, тыя, што пры адкрыцці музея ў 2006 годзе падараваў доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута –  традыцыйная пісанка з Украіны. І яшчэ вельмі цікавыя –  зробленыя нашымі майстрамі ў тэхніцы традыцыйнай беларускай пісанкі, характэрнай для Цэнтральнага рэгіёну Беларусі.

А калі ў Доме рамёстваў летась  пачалі рамонт, вырашылі пашырыць і па-новаму аздобіць музей. І цяпер кожны здалёку можа здагадацца, які тут музей знаходзіцца: шыльда зроблена ў форме вялікага яйка. Экспанаты размясцілі ў новым, большым памяшканні.

На адкрыццё абноўленага музея прыйшлі прадстаўнікі ўлады і госці.  Для іх правялі майстар-клас па пісанках – навучала ахвочых майстар  Наталля Сідэрчык.

І  арка ў абноўленым музеі таксама зроблена ў форме яйка. Ужо некаторыя пыталіся, ці можна правесці цырымонію рэгістрацыі шлюбу менавіта пад ёй. Лічаць, што гэта вельмі сімвалічна, бо яйка сімвалізуе пачатак новага жыцця.

– Здаецца, простае яйка  –  а колькі цікавага з ім звязана, колькі ўсялякіх павер'яў у народзе было! – дзеліцца  Ксенія Альфер. – І што калі заблукаеш у лесе, трэба з'есці велікоднае яйка з шалупіннем, тады адшукаеш дарогу дадому.  А перад тым, як першы раз выгнаць скаціну на пашу,  гаспадыня клала на парозе хлява яйка. Калі яно засталося цэлым – значыць, што для скаціны год будзе добры.

У абноўлены музей ужо завітваюць наведвальнікі. І вас запрашаюць – каб далучыліся да народнай культуры. 

get_img?ImageId=23847

www.rh.by