Навошта на вяселлі ёлка і свечы?

На канцэрце ў Акадэміі музыкі гурт са знакамітых Аўцюкоў прадэманстраваў мінскай публіцы… не, не анекдоты, як можна было б чакаць ад жыхароў сталіцы гумару. Фрагменты традыцыйнага аўцюкоўскага вяселля і незвычайныя прадметы, што выкарыстоўваліся падчас урачыстасці.

fota_3_2019_04_03_bdam_a._ljaszkevicz_sveczy_logo.jpg

Вяселле кожнага рэгіёна Беларусі — адметнае. На Палессі і Падняпроўі вялікая ўвага надавалася караваю. Самы разнастайны па аздабленні абрадавы хлеб выпякалі на Брэстчыне. На Гомельшчыне ён выглядаў больш сціпла, упрыгажэнні рабіліся з цеста. На Панямонні таксама выпякалі каравай, аднак кульмінацыя вяселля там прыпадала на зборы да вянца. Адметнасць заходняга Падзвіння (Пастаўскі, Браслаўскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Шаркаўшчынскі раёны, часткова Докшыцкі) — разгорнуты звычай «зборнай суботы», калі маладая развітвалася з сяброўкамі, рыхтуючыся пераехаць да мужа. На ўсходнім Падзвінні (Гарадоцкі, Віцебскі, Лёзненскі, Шумілінскі, Талочынскі, Сенненскі, Аршанскі, Дубровенскі раёны) быў распаўсюджаны «стаўбавы абрад»: вяселле адкрываў «стаўбавы» або «запявала», які лез на ўзвышша (звычайна на пячны стоўб, адкуль і назва абрада), выконваў спецыяльныя арацыі і песню. Яскравая адметнасць усходняга і цэнтральнага Падзвіння — вясельныя галашэнні маладой і яе маці.

Вясельныя абрады з ёлкай, кшталту прадэманстраванага аўцючкамі ў Акадэміі музыкі, сустракаюцца на Гомельшчыне і ў паўднёвых раёнах Магілёўшчыны. Звычайна ссякалі жывую невялікую ёлачку, упрыгожвалі жывымі ці штучнымі кветкамі ды іншымі прыкрасамі. Ёлка сімвалізавала маладую ў яе «пераходным» да замужняга жыцця стане.


Дэманстрацыя вясельнай ёлкі і свячэй гуртом з в. Бабічы Чачэрскага р-на. Фестываль «Берагіня», 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч.
У в. Багрымавічы Петрыкаўскага раёна прыбраную вясельную ёлку называлі «каліна». Такое ж сімвалічнае найменне выкарыстоўвалася для пазначэння цнатлівасці маладой. Дружына жаніха выкупала ёлку, потым яе ставілі перад маладымі на вясельны стол. Пасля цырымоніі маглі разарваць (верылі ў магічныя ўласцівасці частак вясельнага дрэўца), маглі прыбіць на хату (пакуль не абсыпалася, потым спаліць).


Асіповіцкі р-н, в.Каменічы, жэняцца Кунцэвіч Анатоль і Людміла, 1957 ці 1958 г. З архіву БДАМ.

Асіповіцкі р-н, в.Каменічы, жэняцца Кунцэвіч Анатоль і Людміла, 1957 ці 1958 г. З архіву БДАМ.

У вёсцы Карма Акцябрскага раёна адну вясельную ёлку ўтыкалі ў бохан хлеба (т. ч. ён станавіўся падобным да каравая, упрыгожаннага галінкамі-«вёльцамі»), а другую прывязвалі на дугу каню. Як бачна на старых фотаздымках, у сярэдзіне ХХ стагоддзя ёлку працягвалі выкарыстоўваць для аздаблення вясельнага транспарта, але ўжо грузавікоў.


Вясельныя вёльцы на фасадзе дамоў, дзе жывуць маладыя, у першы год пасля вяселля. Г. п. Камарын Брагінскага р-на, 2011 ці 2012 гг. Фота Алены Паўлавай.
Галінкі, якімі ўпрыгожваюць вясельны каравай, тоесныя ёлцы па сімволіцы. У ваколіцах Камарына іх называюць «вёльцы» (ад формы, падобнай да вілаў). Пасля цырымоніі вёльцы прымацоўваюць на фасадзе хаты, дзе жывуць маладыя, ці нават шматпавярховага дома. Здымаюць вёльцы толькі праз год пасля вяселля. Гэта жывая традыцыя, актуальная ў наш час.


Ёлка, упрыгожанная на Грамніцы, в. Новае Палессе Лельчыцкага р-на, 2018 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Ёлка, упрыгожанная на Грамніцы, в. Новае Палессе Лельчыцкага р-на, 2018 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Вясельную песню, кшталту выкананнай аўцючкамі ў Акадэміі музыкі, спяваюць і падчас упрыгожвання ёлкі на каляндарныя святы. У вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна на Стрэчанне (другая назва свята — Грамніцы, адзначаецца праваслаўнымі 15 лютага) ёлку вязуць па вёсцы, водзяць, трымаючы яе, карагоды, і ў канцы свята прымацоўваюць на год да прыдарожнага крыжа. У вёсцы Тонеж таго ж раёна ёлку ўпрыгожваюць на Масленіцу. Пра дрэўца кажуць: «Это ж ёлачка як дзяўчына нарадна… сьветлая, ясная і багатая». У канцы свята ёлку зацягваюць на дуб, вакол якога водзяць карагоды.


Аўцюкоўцы сукалі вясельныя свечы ў хаце маладой і маладога. Падчас вяселля свацці абменьваліся свечкамі, пяючы «Прыступі, сваха, да мяне, і ў цябе свяча, і ў мяне…» і падносілі свечы адна да адной, пяючы «Да й знясём сьвечы да кучы, да й зьвядом дзяцей да пары». Так паўтаралася два разы, а на трэці свечы звязвалі між сабой, што сімвалізавала шлюбны саюз. Разнастайныя дзеянні са свечамі па-за царквой, у ходзе традыцыйнага вяселля — адметнасць Усходняга Палесся.

Канцэрт у БДАМ 3 красавіка 2019 г. Фота Алены Ляшкевіч.
Музычна-этнаграфічны канцэрт «Ой, за лесам сонейко гуляе» адбыўся 3 красавіка ў межах навуковых чытанняў памяці Лідзіі Мухарынскай, арганізаваных Акадэміяй музыкі. Мінчукі пазнаёміліся з этнамузычнымі традыцыямі Усходняга Палесся. Гурты з вёсак Вялікія Аўцюкі і Бярозаўка Калінкавіцкага раёна прадэманстравалі абрадавыя і лірычныя песні, танцавальную музыку. У відэазапісах публіка пачула спявачку Праскоўю Галіеву з вёскі Каменка Мазырскага раёна. З усімі выканаўцамі супрацоўнікі БДАМ пазнаёміліся летась падчас экспедыцыйнай практыкі студэнтаў.
Відэа Алены Ляшкевіч