Несур’ёзныя справы сур’ёзнага чалавека
Нагодай для гутаркі журналісткі НЧ Таццяны Шапуцька з вядомым моладзевым лідарам, былым палітвязнем Андрэем Кімам стала яго ініцыятыва па агучванні трэйлераў да сусветных прэм’ераў
па-беларуску.
— Каму патрэбныя трэйлеры фільмаў «на мове»?
— Трэйлеры — гэта рэклама, а за кошт рэкламы людзі заўсёды прывучаюцца да мовы. Калі б уся рэклама ў нас была па-беларуску, моўная сітуацыя ў краіне кардынальна б змянілася.
Мажліва, праз трэйлеры і кінакампаніі задумаюцца пра дубляж поўных фільмаў на беларускую мову.
— Вы пераклалі два трэйлера — да фільмаў «Цёмны рыцар: Адраджэнне» і «Нястрымныя–2». Ролікі агулам прагледзела каля 4 тысяч
чалавек (на момант гутаркі). Няшмат, каб зацікавіць кінакампаніі…
— Я быў расчараваны, бо чакаў мінімум 10 тысяч праглядаў кожнага фільма. Наш жартаўлівы ролік «Шатландцы ў ліфце» з беларускімі субтытрамі, які нідзе не рэкламаваўся,
набраў менавіта столькі праглядаў! Паглядзім, як пойдзе справа з трэйлерам да фільма «Хобіт» паводле Толкіена. Гэтым ролікам я сапраўды ганаруся, агучылі яго выдатна! Актор, які
дублюе пачвару Голума, распавядаў, як ён здолеў дамагчыся падабенства ў голасе — заўважыў, што падобныя гукі выдаюць ягоныя каты, калі выкашліваюць поўсць, і пачаў паўтараць за імі.
— Як адбываецца сам працэс агучвання? Дома на мікрафоны?
— Не, мы наймаем прафесійную студыю. Усе акторы таксама прафесійныя — Павал Харланчук, Ганна Хітрык ды Аляксандр Малчанаў з Купалаўскага тэатра, Уладзімір Глотаў з Рускага тэатра. У
агучванні «Цёмнага рыцара» паспрабавала сябе спявачка Руся. Калі з’яўляецца магчымасць аплаціць студыю (самі акторы працуюць «за ідэю»), мы збіраемся,
праглядаем трэйлеры і супольна абіраем ролік для агучвання. Валанцёры, якія добра ведаюць замежныя мовы, робяць пераклад. Мы заўсёды перакладаем з арыгіналу. Адзіным выключэннем быў японскі мульцік
— яго мы пераклалі з англійскай, бо знаўцаў японскай мовы сярод нас не знайшлося. Уласна начытванне тэксту для трэйлера займае паўгадзіны (для фільмаў — каля 5 гадзін), пасля ідзе
тэхнічная апрацоўка.
Я адмыслова ездзіў у Маскву вучыцца гукарэжысёрскай працы, і адзін з маскоўскіх тэлеканалаў пасля нават прапаноўваў мне застацца ў іх працаваць.
Дарэчы, у Беларусі нам прапанавалі за грошы займацца агучваннем па-беларуску пірацкіх копій фільмаў-прэм’ераў — г. зв. «экранак» (запісаных падчас прагляду ў
кінатэатры). Пірацтва — непавага да рэжысёра, да таго ж якасць такіх фільмаў дрэнная, таму мы адмовіліся.
— Дык вы ж таксама крадзеце трэйлеры?
— Не, трэйлеры адмыслова выкладаюцца для распаўсюду. Нам яшчэ і даплачваць павінны, што мы дапамагаем распаўсюджваць рэкламу на беларускую аўдыторыю. Праўда, пакуль я не ўпэўнены, што наша
праца цікавіць беларусаў. Расійскія гледачы куды больш пазітыўна адрэагавалі на беларускамоўныя трэйлеры. Ды што казаць — найпапулярнейшы расійскі сайт кіно «Кінапошук.ру»
размясціў ролікі імгненна, а нашы незалежныя сайты выстаўлялі трэйлеры вельмі марудна, пасля шматлікіх упрошванняў і нагадванняў. Прыкра, што партал tut.by адмовіўся выстаўляць беларускамоўныя ролікі
побач з рускамоўнымі… Я асабіста пісаў лісты на сайт, гледачы пакідалі каментары з просьбамі размясціць трэйлеры — рэакцыі не было ніякай.
— Як вы распаўсюджваеце трэйлеры?
— Выкладаем ролікі на «Ютуб», «Укантакце», у «Фэйсбуку», у ЖЖ. Зараз мы ствараем сайт, на якім будуць размешчаныя нашы пераклады
трэйлераў ды фільмаў, будуць публікавацца рэцэнзіі на кіно, можна будзе весці блогі. Пісаць на сайт зможа кожны аматар кіно.
— А агучваць трэйлеры аматараў пусціце?
— Не, гэтая справа занадта дарагая. Але, напрыклад, займацца перакладамі — калі ласка.
— Некаторыя кажуць — людзі сыдуць з кінатэатра, калі туды прыйдзе беларуская мова?
— Дык і не трэба, каб ва ўсе кінатэатры адразу прыходзіла беларуская мова. Але нават у сённяшняй сітуацыі абсалютна рэальным было б вылучыць хаця б адзін кінатэатр, дзе паказвалі б толькі
беларускамоўныя фільмы. Упэўнены, гэты кінатэатр сябе б акупіў.
— У мінулым вы — вядомы палітычны дзеяч, а цяпер дублюеце трэйлеры — несур’ёзна неяк…
— Перад прэзідэнцкімі выбарамі адна палітычная сіла спрабавала мяне купіць, пыталіся — чым займаешся? Фільмы агучваю, кажу. Ды каму твае фільмы трэба, займайся сур’ёзнымі
рэчамі, адказваюць.
Тое, што я раблю, ніколі не ўспрымалася ўсур’ёз. Бойкі падушкамі, якія збіралі больш людзей, чым акцыі на Дзень Волі; агучванне фільмаў і ролікаў па-беларуску; кампанія салідарнасці з
палітвязнямі пры ўдзеле замежных зорак— гэта ўсё несур’ёзна. Было б добра, калі б яшчэ КДБ і МУС таксама не ўспрымалі гэта ўсур’ёз. Мне не прадаюць гарэлку і цыгарэты ў
крамах, бо я выглядаю на 16 гадоў. Няхай і мае справы выглядаюць на 16 гадоў, а сур’ёзныя справы пакінем дзядзькам у пінжаках.
P.S. На момант друку агулам трэйлеры прагледзела больш за 15 тысяч чалавек.