Пад знакам Януша Корчака

Можна сказаць, што гэты тыдзень прайшоў пад знакам педагога-наватара, пісьменніка, публіцыста і грамадскага дзеяча Януша Корчака. Інакш, чым можна патлумачыць, што НЧ атрымлівае на гэтым тыдні ўжо трэці артыкул, прысвечаны Корчаку.  



korch.jpg

Мы вырашылі прадставіць чытачу усе гэтыя матэрыялы, бо на самой справе, яны не паўтараюць, адзін аднаго, а толькі яшчэ больш раскрываюць Януша Корчака для грамадскасці.

Пра дзіцячыя кніжкі Януша Корчака можна прачытаць артыкул Евы Вайтоўскай «Польскі «Гары Потар»  па-беларуску»  ТУТ.

Больш пра самога Корчака і яго жыццёвы шлях — артыкул Аляксея Хадыкі ТУТ.

А гэта рэпартаж з прэзентацыі трохтомніка Януша Корчака ў Педуніверсітэце, напісаны Маратам Гаравым.

Саветнік па культуры амбасады Польшчы Эльжбета Шчэпаньска-Дамброўска на прэзентацыі 28 лістапада распавяла, што 100 гадоў таму па вуліцы Крахмальнай у Варшаве Корчак заснаваў Дом Сірот для габрэйскіх дзяцей, дзе педагог развіваў свае наватарскія педагагічныя ідэі. Яна назвала Корчака «вялікім інтэлектуальным і маральным аўтарытэтам нашага часу, які пераадольваў традыцыйны падзел людзей па нацыянальнасцях, канфесіях, палітычных перакананнях і сацыяльнаму статусу» .

«Самым важным і самым цяжкім для педагога быў канфлікт паміж дарослымі і дзецьмі. Ён даказваў, што дзіця з’яўляецца асобаю, каторая мае сваю прастору, правы і грамадзянства. Год Корчака — гэта вялікі ўрок, гэта праграма грамадскай адукацыі, накіраваная на дарослых і дзяцей, на сем’і і бацькоў. Мы шмат чаму можам навучыцца ў гэтага чалавека. Яго постаць і жыццё дазваляюць нам больш мудра выхоўваць нашых дзяцей, будаваць з імі сяброўскія адносіны і сумесную будучыню. Корчак часта паўтараў, што дзіцё — гэта цуд Бога і прыроды, дзіцё з’яўляецца асобаю, мае сваю неад’емную годнасць і свабоду. У вачах Корчака дзіцё — самае дасканалае стварэнне, надзеленае сілаю развіцця. Ісці шляхам Корчака — значыць заўсёды быць з дзіцём, размаўляць з ім, прыслухоўвацца да ягонага меркавання, паважаць, разумець, пазнаваць і быць адкрытым з дзіцём» , — сказала дыпламат.

Яна звярнула ўвагу на тое, што кнігі Корчака можна інтэрпрэтаваць па-рознаму ў залежнасці ад ўзроўню сталасці чытача. «Корчак застаўся ў нашай памяці як даследчык і адкрывальнік свету дзяцей, практык і тэарэтык выхавання, сімвалічная постаць грамадскага супраціву ў гады Халакосту, чалавекам, які аб’ядноўвае людзей і адстойвае права кожнага, у тым ліку прыніжанага маргінала» , — падкрэсліла саветнік амбасады.

Польскі корчаказнаўца, прафесар педагогікі Анджэй Яноўскі падкрэсліў, што ніхто да Корчака так уважліва і дэталёва не ўглядаўся ў эмацыйны стан і паводзіны дзяцей, каб разумна ўплываць на іх.

 «Ён лічыў, што дарослым трэба не толькі зразумець дзіця і даць яму магчымасць зразумець самога сябе, але і ствараць сітуацыі, у якіх дзеці могуць шмат сказаць. Корчак імкнуўся пісаць так, каб яго кнігі маглі разумець дзеці і яны былі цікавыя дарослым. Яго кніга пра габрэйскіх дзяцей у летніку, выдадзеная на пачатку XX стагоддзя ў Варшаве, мела перавыданні ў Вільні (1911) і Пецярбургу (1915) на рускай мове, а таксама была перакладзена на іўрыт і ідыш. Корчака вельмі цікавіла пытанне пра тое, хто каго вучыць і ад каго можна навучыцца нечаму карыснаму. З гумарам аўтар пісаў, што дзеці таксама вучаць сваіх настаўнікаў быць больш сціплымі і разумнымі» , — сказаў навукоўца.

Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс, які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі, і разлічаныя, галоўным чынам, на юнага чытача — «Малы агляд»  («Mały Przegląd» ), паведаміў прафесар Яноўскі. Ён распавёў легенду, што ў варшаўскім гета Корчак сабраў сваіх аслаблых ад голаду дзяцей і маршам правеў іх з песняй пад зялёным сцягам надзеі караля Мацюся на транспарт у Трэблінку, а таксама нагадаў апошні запіс Корчака: «Я нікому не рабіў зла, я проста не ўмею гэта рабіць» .

Польскаму габрэю Корчаку, які на працягу ўсяго жыцця казаў аб сваёй прыналежнасці да абодвух народаў, узведзены мемарыялы ў Польшчы (Варшава і Трэблінка) і Ізраіле (Іерусалім і Бат Ям). Пра жыццё гэтага вялікага і мужнага чалавека палякі знялі мастацкі фільм «Корчак»  (рэжысёр Анджэй Вайда), а англічане паставілі мюзікл.