Падзеі ў рытмах і рыфмах
20 мая ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца вечар сучаснай беларускай песні і паэзіі «Рытмы і рыфмы», на якім барды Таццяна Беланогая, Юры Несцярэнка і Віктар Шалкевіч зробяць усё магчымае, каб задзейнічаць публіку ў незвычайным творчым эксперыменце.
20 мая ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца вечар сучаснай беларускай песні і паэзіі «Рытмы і рыфмы», на якім барды Таццяна Беланогая, Юры
Несцярэнка і Віктар Шалкевіч зробяць усё магчымае, каб задзейнічаць публіку ў незвычайным творчым эксперыменце.
Прадстаўнікі трох розных пакаленняў беларускай музыкі, балансуючы на сумежжы некалькіх стыляў — року, блюзу і аўтарскай песні, — распавядуць кожны сваю асабістую гісторыю. Акрамя
таго, гледачоў чакаюць дасціпныя жарты вядучага Мюра Фарыдовіча, развагі пісьменніцы Людмілы Рублеўскай, паэтычныя штукарствы Вікі Трэнас — упершыню разам на тэатральнай сцэне.
Кожны з удзельнікаў канцэрта мае добрыя навіны і гатовы падзяліцца пазітыўным настроем як з чытачамі, так і з наведнікамі імпрэзы.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ: «ЗАКЛІКАЮ ПРАЯЎЛЯЦЬ УВАГУ АДНО ДА
АДНАГО»
— Якія прыемныя для вас падзеі нядаўна адбыліся?
— Зараз я завяршаю працу над сваім новым раманам «Сутарэнні Ромула», які ахоплівае ўсю гісторыю Беларусі, ад часоў Вялікага княства Літоўскага і да сучаснасці. Нядаўна наша
дачка Вераніка Шніп, бас-гітарыстка ў гурце «Scales», прымала ўдзел у фестывалі альтэрнатыўнага року «Другое дыханне». Гурт прайшоў у фінал і атрымаў спецыяльны
прыз журы для запісу дэма-версіі. Акрамя таго, мы з Веранікай прадстаўляем сумесны праект — візуальна-паэтычную выставу «Забытыя словы. Забытыя рэчы» ў бібліятэцы імя Цёткі
(мае вершы і Веранікіны фотакалажы).
— Якія ўражанні ад сумесных выступаў з музыкантамі «Рытмаў і рыфмаў»?
— Мы з Віктарам Шніпам абое супрацоўнічаем з музыкамі і мастакамі. Наша знаёмства з Юрыем Несцярэнкам пачалося з таго, што ён напісаў песню на мой верш, які проста знайшоў у кнізе. Ён якраз
з тых людзей, якія спалучаюць у сабе зацікаўленасць у розных відах мастацтва: музыка, паэзія, да таго ж, Юры піша цікавую прозу. Мне падабаецца, як ён працуе: гэта сапраўды высокі прафесіяналізм, я
ведаю, што ён выдатны блюзавы музыкант. Калі я чую ягоныя песні, мне хочацца пісаць вершы, а гэта адзін з паказчыкаў таго, што твор удаўся.
Дарэчы, на канцэрце хочацца пабачыць прадстаўнікоў розных пакаленняў, розных інтарэсаў і прафесій. Было б вельмі карысна, каб прыйшлі не толькі філолагі, гісторыкі, паэты, то бок людзі, зацікаўленыя
прафесійна. Праблема нашай творчай інтэлігенцыі ў тым, што яна раз’яднаная. Мастакі не чытаюць пісьменнікаў, пісьменнікі не наведваюць выставы, артысты не ведаюць ні кампазітараў, ні
пісьменнікаў, ні мастакоў. Усе знаходзяцца ў сваіх лакальных тусоўках, дзе ёсць свае лідэры. Я стараюся быць у курсе таго, што адбываецца ва ўсіх сферах культурнага жыцця, маю шырокае кола
зацікаўленасцяў. З апошняга, што я бачыла,— прэм’ера ў Купалаўскім тэатры спектакля Пінігіна «Translations». Пра яго ёсць самыя розныя меркаванні. Мне ж гэты
спектакль вельмі спадабаўся. Такім чынам, я заклікаю творчую інтэлігенцыю праяўляць увагу адно да аднаго.
ВАСІЛЬ ДРАНЬКО-МАЙСЮК (МЮР ФАРЫДОВІЧ):
«ХАЧУ ЎБАЧЫЦЬ ДЫЯЛОГ ПАМІЖ ПАЭЗІЯЙ І СПЕВАМІ»
— Тэатралізавана-барабанная чытка вашай п’есы «Цуда-малпа» нядаўна прайшла на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі і ў фотамайстэрні на
Ракаўскай.
— Так, у фотастудыі Аляксандра Жарнасека на вуліцы Ракаўскай ёсць магчымасць ладзіць незвычайныя музычныя чыткі, у якіх адбываецца дыялог паміж музыкай (музыкамі) і голасам
(акцёрамі). Першай нашай чыткай на фотастудыі стала прадстаўленне асобных раздзелаў п’есы Францішка Аляхновіча «Дрыгва». Мая п’еса-казка
«Цуда-малпа» — зусім іншы, вясёлы твор. Гэта іранічнае назіранне за сучасным інфантыльным грамадствам, якому час станавіцца дарослым і адказваць за свае ўчынкі. Я рыхтую
яшчэ дзве жартоўныя антырэлігійныя п’есы з часопіса «Маладняк» 1924–1925 гадоў.
— Чаго вы чакаеце ад канцэрта?
— Я на гэтым канцэрце выступаю як вядучы, сэнсава спалучаю тры цікавыя і важныя блокі, дзе выступаюць зоркі нашага «бардаўства». Мая задача — зрабіць цікавыя і
вясёлыя «падуанскія» мосцікі. Я хацеў бы бачыць не толькі сольныя выступленні, але і дыялог паміж паэзіяй і спевамі.
Разам з Максімам Іўкіным у складзе групы «Жаба ў каляіне» мы двойчы выступалі на вечарынах, дзе ўдзельнічаў таксама і Віктар Шалкевіч. Ён умее і спяваць, і артыстычна падаваць свае
тэксты, у адрозненне ад многіх бардаў. Цікава і слухаць, і глядзець. Ён можа падабацца ці не падабацца, але гэта сапраўдны артыст сярод бардаў, які выклікае павагу.
ТАЦЦЯНА БЕЛАНОГАЯ: «НОВЫ АЛЬБОМ ФАКТЫЧНА
ГАТОВЫ»
— Вы вельмі актыўна апошнія месяцы працавалі ў студыі. Над чым?
— Паколькі песень было вельмі шмат, я вырашыла запісаць новы альбом. Музыканты часам не маюць «штуршка» для таго, каб пачаць студыйны запіс, бо выдаць альбом —
па-сутнасці акрэсліць пэўны адрэзак свайго жыццёвага перыяду. Чаму я не выдала дыск раней, чаму толькі зараз? Пэўна, адчула, што патрэбны час прыспеў. Нарэшце альбом фактычна гатовы, хоць, вобразна
кажучы, яго яшчэ трэба «апрануць» (смяецца). Думаю, што кружэлка будзе называцца «Ніткі»: нябачныя повязі, знітаванні — сімвал, які злучае нас эмацыйна з
дарагімі і блізкімі нам незалежна ад таго, дзе мы знаходзімся. Дыск не сацыяльны, ён пра мой сум па людзях. Гэта спакойны акустычны альбом, не абцяжараны іншымі інструментамі, аранжыроўкамі.
Некаторыя песні даволі багатыя, таму нельга іх выканаць без сур’ёзнага падыходу. Складана даверыць іх іншым музыкам.
— Ці будуць новыя кампазіцыі на канцэрце?
— Збольшага якраз я планую выконваць новы альбом, праграму, якая складалася ў мяне каля двух гадоў, некаторыя песні ўжо знаёмыя слухачам, некаторыя прагучаць упершыню.
ЮРЫ НЕСЦЯРЭНКА: «Я ХУТЧЭЙ АЎТАР І ВЫКАНАЎЦА, ЧЫМ
БАРД»
— Нядаўна выйшаў новы альбом гурта «White Night Blues», пра што ён?
— Канцэртны альбом «Live in Poland» быў запісаны з дапамогай нашых польскіх калег у ліпені 2009 года ў Бяла-Падлясцы ў межах нашага выступлення на міжнародным блюзавым
фестывалі Biala Blues Festival. 15 мая ў паб-клубе «Графіці» нашая каманда ў поўным складзе будзе прэзентаваць кружэлку. На дыску прадстаўлены стандартны блюзавы рэпертуар, класіка
і аўтарскія творы.
— Існуе стэрэатып, што бардаўская песня не зусім прафесійная з пункту гледжання музычнага афармлення і выканання.
— Думаю, што такі стэрэатып можа існаваць абсалютна ў любым відзе мастацтва. У кожнай галіне культуры і творчай дзейнасці ёсць майстры і рамеснікі. Я хутчэй аўтар і выканаўца, чым бард. У
бардаўскай традыцыі я не зусім вольна сябе адчуваю, нягледзячы на тое, што неаднаразова браў удзел і нават перамагаў у конкурсах, фестывалях бардаўскай песні. Традыцыя, якая склалася на падставе
творчасці шасцідзесятнікаў, цяпер не зусім дакладна перадаецца. Тыя людзі, якія яе сфарміравалі, нашмат больш сур’ёзна ставіліся да якасці. Сапраўдныя віртуозы ў стварэнні такога рэпертуару
не прэтэндуюць на масавую папулярнасць. Плынь шасцідзесятнікаў, акрамя таго, вельмі цікавая па паэтычнай частцы, хоць і музычную яны таксама стараліся падтрымліваць. Адказ на гэта пытанне, на мой
погляд, можа стацца цэлым даследаваннем.
ВІКТАР ШАЛКЕВІЧ: «ДЛЯ АКЦЁРА НЕ ВАЖНА,
ДЗЕ ЁН ВЫСТУПАЕ»
— Віншуем вас з выхадам новага альбома!
— Перадусім на альбом працуюць усе: пачынаючы ад тых, хто стаіць на сцэне, заканчваючы тымі, хто сядзіць у залі. Калі чалавек, які быў на канцэрце, пазнае сябе на запісах па сваіх
апладысментах і воклічах, гэта здорава. Жывы гук мне заўсёды падабаўся. Гэта «замарожаны» час, які заўсёды можна «размарозіць» і паслухаць. Альбом ёсць такі, які
ён ёсць. Не горшы і не лепшы. Гэта люстэрка, якое паказвае цябе, у якое ты можаш праз пэўны час паглядзець і пазнаць або не пазнаць сябе.
— Якая сярод усіх вашых кружэлак найбольш блізкая вам?
— Бывае, у сям’і да кагосьці мама ставіцца больш прыхільна, да кагосьці — тата, можа, бывае такое, мужчына цэніць сыноў, жанчына любіць дачок, але пры ўсім пры тым бацькі
аднолькава моцна любяць сваіх дзяцей. Мае альбомы — гэта мае дзеці. Над кожнай песняй мучыўся, нешта выдумваў, кожная песня мае сваю гісторыю. Пра іх можна расказваць бясконца. Яны мне ўсе
дарагія. Я ніколі ў жыцці іх не адрозніваў.
— Вы выступалі раней разам з Таццянай Беланогай і Юрыем Несцярэнкам?
— Я заўсёды казаў і кажу: не бывае так, каб яблык на галіне адразу з’яўляўся вялікім, чырвоным і салодкім, мы ведаем, што спачатку павінны быць кветкі, якія мусяць апыляцца пчоламі,
пасля з’яўляецца завязь, якая расце, і тады толькі будзе яблык. Мне прыемна, што традыцыя аўтарскай песні не знікае і мае свой працяг, што і Таня, і Юра адчуваюць свет і могуць гэта перадаць
у радках, з гітарай.
— Як акцёр ці маеце вы пэўныя сантыменты да тэатральнай сцэны? У чым яе спецыфіка?
— Ды няма ніякай спецыфікі сцэны! Ведаеце, калі памяшканне назваць тэатрам ці кінатэатрам, ад гэтага нічога не зменіцца. Для акцёра не важна, дзе ён выступае. Галоўнае — людзі, якія
сядзяць перад ім і слухаюць яго.
На гэтым канцэрце я выканаю любімыя песні, што на вялікіх канцэртах не спяваю. Зала будзе камерная. Пастараюся прадставіць некалькі новых песень, якія яшчэ ніхто не чуў.
Аляксандра Лазоўская