«Сустрэча. Мікалай Фердынандаў і Арманда Рэверон. Дзве гамы аднаго натхнення» ў Нацыянальным мастацкім музеі
З 28 лістапада 2012 года па 11 лютага 2013 года будзе працаваць выстава «Сустрэча. Мікалай Фердынандаў і Арманда Рэверон. Дзве гамы аднаго натхнення» са збору Нацыянальнага музейнага фонду, Галерэі нацыянальнага мастацтва Венесуэлы (Каракас).
Выстава, арганізаваная Міністэрствам народнай улады па культуры і Міністэрствам замежных спраў Баліварыянскага ўрада Венесуэлы, Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь, Лацінаамерыканскім культурным цэнтрам імя Сімона Балівара ў Мінску, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, — праект, які ўпершыню прадстаўляе беларускаму гледачу выяўленчае мастацтва Венесуэлы і накіраваны на пашырэнне культурных сувязей паміж краінамі.
На выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе прадстаўлена 27 твораў жывапісу і графікі двух неардынарных мастакоў — эмігранта з Расіі Мікалая Фердынандава (1886–1925) і яго вучня і сябра, знакамітага венесуэльца Арманда Рэверона (1889–1954).
Творчасць Мікалая Аляксеевіча Фердынандава — таленавітага жывапісца, ювеліра, архітэктара, філосафа, — амаль не вядомая на радзіме, з’яўляецца часткай нацыянальнага скарбу Венесуэлы. Яго філасофскія погляды, прыхільнасць да мадэрнісцкіх ідэй еўрапейскага мастацтва паўплывалі на характар мастацкага жыцця краіны пачатку ХХ стагоддзя і спрыялі фармаванню нацыянальнай мастацкай школы Венесуэлы ў кантэксце сусветнага культурнага працэсу. Жывапісныя творы майстра — шматлікія накцюрны, бясфабульныя краявіды на мяжы абстракцыі, партрэты — напісаны ў духу сімвалізму, прасякнуты чулымі адносінамі да прыроды і дэманструюць багацце адценняў сіняга і блакітнага – улюбёных колераў мастака.
Арманда Рэверон, чыя творчасць сфарміравалася пад моцным уздзеяннем філасофскіх і эстэтычных ідэй рускага настаўніка, пустэльнік, які цалкам прысвяціў сябе жывапісу, адасобіўшыся ў хаціне на беразе Карыбскага мора. У сваіх творах мастак імкнуўся перадаць асаблівасці святла і колеру крэольскага краявіду, паступова адыходзячы ад фігуратыўнасці ў бок абстракцыі. Яго працы, у якіх дамінуюць лакальныя плямы і асаблівае сімвалічнае значэнне мае белы колер, прадстаўляюць сабой своеасаблівы «інтымны партрэт» свету, у якім жыў мастак.