Таня Малярчук: «я пішу сцісла і страшна»

23–26 верасня адбыўся чарговы літаратурны фестываль «European Borderlands — Абсягі паэзіі», мэта якога — «звязаць дыялогам некаторыя асабліва цікавыя галасы ў паэзіі і прозе ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе». Кожны год імправізаваная трупа літаратараў наведвае цягам тыдня дзве краіны, звязаныя культурна і гістарычна, але ў сучаснасці падзеленыя межамі. Сёлета Берлінскі літаратурны калёквіум і «Allianz Kulturstiftung» (арганізатары фестывалю) аб’ядналі Беларусь і Літву.



459a4ddcb586f24efd9395aa7662bc7c.JPG

23–26 верасня адбыўся чарговы літаратурны фестываль «European Borderlands — Абсягі паэзіі», мэта якога — «звязаць дыялогам некаторыя асабліва цікавыя галасы ў паэзіі і прозе ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе». Кожны год імправізаваная трупа літаратараў наведвае цягам тыдня дзве краіны, звязаныя культурна і гістарычна, але ў сучаснасці падзеленыя межамі. Сёлета Берлінскі літаратурны калёквіум і «Allianz Kulturstiftung» (арганізатары фестывалю) аб’ядналі Беларусь і Літву. Паэты абедзвюх краін, а таксама прадстаўнікі Германіі, Швейцарыі, Польшчы і Украіны выступалі ў Вільні і Мінску.
Сапраўднай неспадзяванкай для беларускай публікі, якая сабралася 25 і 26 верасня ў Доме дружбы на вуліцы Захарава, стаў удзел у фестывалі ўкраінкі Тані Малярчук. Найперш таму, што сярод усіх выступоўцаў яна была адзіная пісьменніца, а не паэтка. Па-другое, гэта, відаць, самая значная з’ява так званай «новай літаратуры» нашых паўднёвых суседзяў у Мінску пасля колькіразовых выступаў тут Аляксандра Ірванца і Сяргея Жадана.
Таня Малярчук нарадзілася ў Івана-Франкоўску ў 1983 годзе. Дэбютавала ў прозе, калі ёй было 20. Яе першая кніга «Эндшпіль Адольфа, або Ружа для Лізы» (2004) адразу паставіла на вушы самавітых украінскіх крытыкаў і пісьменнікаў старэйшага пакалення. Яе прозу параўноўвалі то з заходнімі Павічам ды Маркесам, то з айчыннымі Прахаськам і Іздрыкам, гаварылі аб прагрэсе ўкраінскага магічнага рэалізму. Пасля таго харкаўскае выдавецтва «Фоліо» надрукавала яшчэ чатыры кнігі прозы Тані: «Згары ўніз: кніга страхаў» (2006), «Як я стала святой» (2006), «Гаварыць» (2007), «Звераслоў» (2009), ніводная з якіх не змусіла акулаў пяра забраць назад свае кампліменты.
Падчас выступу ў Мінску гэта непасрэдная паненка і сапраўды перакрочыла культурныя межы, зладзіўшы своеасаблівы перформанс. Адмовілася ад паслуг паралельнага перакладу на спецыяльна ўсталяваным экране і сама прачытала сваё апавяданне па-беларуску. «Гэта смелы эксперымент, я ўпершыню ў Мінску і амаль ніколі дагэтуль не чула беларускую мову»… «ЗІрніце», — ставіла яна націск, хіхікаючы сама з сябе. «ЗірнІце», — смеючыся папраўляла зала.
На падворку Дому дружбы мы гутарым з Таняй пра літаратуру яе краіны.
— Ты паходзіш з Івана-Франкоўску (раней — Станіслаў). Апішы, калі ласка, знутры «станіслаўскі феномен».
— «Станіслаўскі феномен» даўно памёр, хаця яго з’яўленне было вельмі знамянальным і прыўкрасным, яно дало шмат добрых тэкстаў, кніжак, аўтараў. Раней, у 1990-я, Івана-Франкоўск быў сапраўдным цэнтрам новай літаратуры, але потым з’ява распаўзлася па ўсёй Украіне: Львоў, Харкаў, Кіеў.
Калі ўсё гэта адбывалася, я была маленькай. Зразумела, «феномен» на мяне вельмі паўплываў. Я толькі скончыла школу і паступіла ў Прыкарпацкі універсітэт, на філалогію. У мяне некалькі выкладчыкаў былі пісьменнікамі. Шточацвер адбываліся літаратурныя імпрэзы, я ведала ўсіх пісьменнікаў у твар і страшна гэтым ганарылася. На літаратурныя вечарыны я хадзіла як на лекцыі. Усіх гэтых пісьменнікаў я абагаўляла, узносіла на п’едэстал. Страшна люблю іх дагэтуль.
— Імёны?
— Пісьменнікі Юры Андруховіч, Тарас Прахаська, Юрко Іздрык, менш вядомыя цяпер, але вельмі добрыя паэткі Галіна Петрасаняк, Марыя Макіцэй, Ганна Сэрэда. Пісьменнікі Уладзімір Ешкілеў, Юрко Іздрык. Іздрыка можна згадаць і двойчы. Да таго ж, яны пастаянна запрашалі ў госці замежных пісьменнікаў, рабілі часопісы (напрыклад, «Четвер» — Е.В.) вар’яцкія перформансы... Аднойчы, недзе ў канцы 1990-х, вывесілі ў Музеі сакральнага мастацтва фотаздымкі аголеных жанчын. Скандал быў на ўзроўні мэрыі. А! Была яшчэ чароўная кавярня «Пэтэрс», шчыльна звязаная са «станіслаўскім феноменам», можа, яна яго і стварыла — бо менавіта там па чацвяргах усё і адбывалася. Цяпер там аптэка... Хаця, хто ведае, можа цяпер у Івана-Франкоўску аптэка больш патрэбная.
— Ці не з гэткімі «жыццёвымі універсітэтамі» звязана цытата, што часта фігуруе ў прэсе: «Дзіўна, я такая маладая і такая мудрая»?
— Божа, не трэба так наўпрост прывязваць гэта да мяне. Так гаворыць мая гераіня, а не я. Я насамрэч старая і дурная. Я думаю, што з самага дзяцінства павялося. А маё літаратурнае кшталтаванне, відаць, было звязанае з тым, што я расла самотніцай, мне ніхто не быў патрэбны, ні з кім не гаварыла, чытала кніжкі па дваццаць на тыдзень.
— Вельмі рэдкі выпадак, калі такую маладую пісьменніцу, як ты, так ухвальна прымае крытыка. Што важней: любоў крытыкаў ці чытачоў?
— Я думаю, важней проста любоў. Любоў усіх. Я неяк не дзяліла любові крытыкаў і чытачоў. На крытыку я ўвогуле мала звяртаю ўвагі. Да таго ж, мне здаецца, што крытыка ва Украіне не асабліва ёсць. Для добрай крытыкі павінна быць магутная літаратура, разнастайная, разнасферная, сістэмная. У нас такой літаратуры пакуль няма. У нас існуе пласт для інтэлектуалаў, а нізавога і сярэдняга пакуль мала. Папсовых жанраў — дэтэктываў ды жаночых раманаў — па-ўкраінску не пішуць.
— А як жа ж Марыя Маціос, Ірэна Карпа?
— Іх усё адно чытаюць адны і тыя ж людзі — умоўна кажучы, «інтэлігенцыя». У метро ж спрэс чытаюць Усцінаву ды Данцову.
Але калі існуе людская патрэба ў такой літаратуры, значыць, яны патрэбныя. Яны запаўняюць пэўную нішу. Шкада, ніхто з імі не можа канкураваць… Але я вось зараз падумала, што па-ўкраінску цяжка напісаць такога кшталту тэкст, таму што мова не прыдатная да такой літаратуры. Найперш таму, што звычайныя людзі мала гавораць па-ўкраінску. Гэта мова інтэлігенцыі. Звычайныя пралетарыі камунікуюць з дапамогай суржыку. Вось такой мовай варта пісаць папсовыя тэксты!
— У цябе ёсць дзве вялікія «заганы». Як у празаіка. Па-першае, ты маладая, па-другое — ты жанчына. Агульнапрыняты стэрэатып: празаік — гэта такі самавіты мужык пасля 30-ці. Як выжыць маладой пісьменніцы ў свеце літаратуры?
— Я думаю, што трэба проста не думаць пра тое, што жыць цяжка… Усе гэтыя гендэрныя штукі, мне здаецца, крыху адышлі ва Украіне. Мяне гэта вельмі цешыць. Яшчэ некалькі гадоў таму першым пытаннем журналістаў было: «Как вы относитесь к женской литературе?» Я адказвала, што «я к ей не отношусь», я ні феміністка, ні антыфеміністка, не бачце ўва мне жанчыну. Хаця ясна, што жаночае і мужчынскае пісьмо вельмі розняцца… Зусім няцяжка выжываць. Мне, напрыклад, вельмі лёгка. Іншая рэч, што ўкраінская літаратура доўгі час была вельмі маскуліннай. Зразумела, былі жанчыны: Леся Украінка, Ліна Кастэнка. Але пра іх казалі, маўляў, гэта ці не першыя мужчыны ва ўкраінскай літаратуры. Іх успрымалі як мужчынападобных істот — яны і мыслілі так. Мне здаецца, жаночая літаратура ў сённяшняй Украіне вельмі актуальная. То бок, паўстала жаданне і неабходнасць выслаўляцца па-жаночаму. І гэта вельмі добра ўспрымаецца.
— Праз сваю мегазнакамітасць ты ўваходзіш у шэраг «экспартных» украінскіх пісьменнікаў, што пацвярджае ў тым ліку і тваё з’яўленне тут. У Беларусі выезд пісьменніка за мяжу на творчыя стыпендыі часта расцэньваецца як здрада Радзіме. Як у гэтым плане выглядаюць твае стасункі з тэмай Айчыны?
— Родная краіна вельмі добра бачыцца збоку. Развітанне з радзімай дае вялізнае натхненне. Натхненне, змяшанае з настальгіяй. Сваю першую кнігу я напісала ў Сібіры, калі тры месяцы гасцявала ў цёткі. «Нарадзіла» літаральна за два тыдні, дагэтуль нічога не пісаўшы. Яшчэ я была тры месяцы ў Кракаве, на стыпендыі Homines Urbani. Там я таксама напісала кнігу. Падчас такіх стыпендый у цябе шмат часу. Табе плацяць грошы ні за што, ты там сядзіш, і табе няма чаго рабіць. Калі пісьменніку няма чаго рабіць, ён можа або бухаць, або пісаць. Бухаць увесь час нельга... Але тут справа ў іншым. Прадстаўляць краіну за мяжой — гэта пачэсна і адказна. Аднак ёсць вельмі шмат людзей, нават не зайздроснікаў — няўдах нейкіх. Яны б самі хацелі на нейкія стыпендыі, і таму ім здаецца, што ўсе, хто туды паехаў, зрабілі гэта вельмі несумленнымі шляхамі, з дапамогай карупцыі нейкай. Што на справе далёка не так. Але дзе б я ні была, я б ніколі не рызыкнула пісаць пра іншую краіну. Для мяне Украіна ёсць чымсьці адзіна літаратурным. Я толькі пра яе магу пісаць.
— З пісьменніцтва ва Украіне можна жыць?
— Я чатыры гады так жыла, нідзе не працуючы. Зразумела, што журналістыкай займацца не магу, бо не ўяўляю, што такое аб’ектыўнасць, надта люблю прыбрэхваць, прычым раблю гэта так, нібы большай праўды ў свеце не існуе, сама сябе абдурваю. Але з крызісам я была змушана зноў пайсці ў тэлежурналістыку; змагаюся з сабой. Але нават самыя вялікія пісьменнікі не могуць увесь час жыць з творчасці, бо для гэтага трэба выдаваць кніжку ў год, а такі тэмп не кожны вытрымліваць можа. Але не трэба думаць, што пісьменніцтва ўвогуле павінна прыносіць грошы. Яно прыносіць пэўны стыль, спосаб жыцця. Да грошай я стаўлюся вельмі легкаважна. Яны прыходзяць і сыходзяць.
— Пісьменнік для поспеху павінен напісаць раман. Закон рынку.
— Я не рынкавая і некамерцыйная ўвогуле, бо я гэтага не разумею. Журналісты пастаянна пішуць, маўляў, усё чакаюць ад мяне рамана, а я не разумею, хто канкрэтна чакае ад мяне рамана. Пакажыце мне гэтага чалавека! Я яшчэ няздольная напісаць раман. Некалькі разоў спрабавала, але на трыццатай старонцы разумела, што ўсё. Ёсць такая фраза ва ўкраінскай літаратуры: «Ён пісаў сцісла і страшна». Дык вось, я пішу сцісла і страшна. Можа, праз некалькі гадоў штосьці атрымаецца. Нешта накшталт альтэрнатыўнага гістарычнага рамана.
— Ты нарадзілася ў Івана-Франкоўску, жывеш у Кіеве, а выдаешся ў Харкаве. Як ты гэта ў сабе сумяшчаеш?
— Усё неяк само сабой выйшла. Выпадкова нарадзілася ў Івана-Франкоўску. Выпадкова ўцякла ў Кіеў з невялікім заплечнікам, куды змясцілася ўсё маё папярэдняе жыццё. А харкаўскае «Фоліо» — самае буйное выдавецтва ў краіне. Прапанавалі — выдалася. Неяк так.
— Кавярня «Пэтэрс» сфармавала «станіслаўскі феномен». А дзе вы тусуецеся ў Кіеве?
— У Кіеве такога месца няма, на жаль. Там няма зацішных кавярняў, якіх багата ў Львове, напрыклад. Раней быў невялічкі калялітаратурны паб у цэнтры — «Купідон»... Але і там стала паршыва.. Мне вельмі падабаецца рог вуліц Пушкінскай і Прарызной: гастраномчык, пры ім некалькі столікаў, там традыцыйна збіраліся савецкія пісьменнікі выпіць па стопачцы, пагаварыць пра літаратуру... Дагэтуль бачу там нейкіх невядомых мне пажылых дзеячаў культуры, якія паседжваюць там, п’юць каву з каньячком... Мне даецца, гэта вельмі міла і сентыментальна... Кіеў жыве сваім жыццём, я яго не ведаю.

----------------------------------

Удзельнікі фестывалю «EUROPEAN BORDERLANDS — АБСЯГІ ПАЭЗІІ»:


Эўгеніюс Алішанка, Уладас Бразюнас, Гінтарас Граяўскас, Дайва Чапаўскайце, Агне Жагракаліце (Літва)
Уладзімір Арлоў, Вера Бурлак, Вольга Гапеева, Дзмітры Дзмітрыеў, Андрэй Хадановіч (Беларусь)
Тадэвуш Дамброўскі (Польшча)
Таня Малярчук (Украіна)
Ільма Ракуза (Швейцарыя)
Ян Вагнэр, Марсэль Байер (Германія)