Тодар Лебяда: Сын верны маці-Беларусі

Кніга гэтага творцы-пакутніка (якіх у паўтысячагадовай гісторыі беларускай літаратуры большасць) чакалася са стагоддзе. На жаль, многія тэксты Тодара Лебяды (псеўданім Пятра Шырокава) згінулі ў часе сталінска-бальшавіцкіх арыштаў, турэмных увязненняў і сібірскіх гулагаў. 

todar_lebjada_1.jpg

Але дзякуючы шматгадовым апантаным даследчыцкім высілкам Сяргея Чыгрына (укладальніка, аўтара прадмовы і каментароў) у кнізе сабрана ўсё магчымае (і нават немагчымае) з ацалелай спадчыны адметнага, трагічнага аўтара – паэта, драматурга, празаіка, публіцыста.

Ён нарадзіўся 6 студзеня 1914 года ў Віцебску ў сям’і рабочага і чыгуначнай правадніцы. Закончыў Менскі педагагічны тэхнікум, адчуў прагу да арфейскіх узлётаў – і разам з іншымі адзінаццаццю студэнтамі-аднагодкамі быў беспадстаўна абвінавачаны ў буржуазным нацыяналізме і арыштаваны. А затым – трагічны лёс арыштанта-смяротніка, бальшавіцкага канцлагерніка, бадзяжніка, выгнанца-эмігранта, вяртанца, зноў лагерніка, пасля – нізкапрофільнага работніка. Лёс, які закончыўся ў 1970 годзе…


У 1940-м у Мінскай турме ў вершы «На сцяне 95-й камеры» Тодар Лебяда спавядаўся:
Мне лёсам вызначаныГэтакі прымус.Аб шчасці сённяМожна сніць і марыць.За тое,Што я толькі – беларус, –Мне гэтакая ка́ра!Я ка́ру іхнююЗ пагардаю прыняў,Бо я – сын верныМаці-Беларусі!І я святога,Гордага імяНе адракуся!
Зноў жа – на жаль – згадваюцца і «не сонечныя» лёсы іншых «літаратурных сядзельцаў» клятай мінскай турмы – ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Каруся Каганца – да Уладзіміра Някляева, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты, Андрэя Скурко ды сотняў іншых…
І такія вершы, як у Тодара Лебяды, правільней – душэўна-спавядальныя лірычныя выкрыкі-лісты, пісаліся і пішуцца па-сёння. Як, напрыклад, гэты сібірскі (чытай: акрэсцінскі, ізалятарскі):
З усходу дзікага –Людское дамавіны, Пішу мой ліст,Бо гэтыя снягіТрывожаць частаДоўгія ўспаміныАб вельмі блізкім,Вельмі дарагім.Успомніш Беларусь,І кроў у жылах стыне…Куды не йдзеш –З табой адна туга…<…>
Ізноў пішу,Бо сум ізноў без меры;Пішу табеЗ сібірскае глушы.Часамі горычВыльеш на паперы,І ўсё лягчэйЗдаецца на душы…
(З цыкла «Вершы для сябра».)
Як паэт, Тодар Лебяда – спавядальна-маркотны, шчымліва-шчыры ў сваіх пачуццях. У творчым выяўленні ён найперш прадаўжальнік паэтычнай стылістыкі і вобразнасці «народна-песеннай» традыцыі Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Міхася Чарота (нагадаем ягонае: «Я прысягаю вам сябры, мае палі, мае бары, / Кажу вам: я не вінаваты»).
Я ўсёй душой Любіў загонаў мову.Я ўсёй душойЛюбіў мой родны край…І вось мяне,Як злодзея, суроваЗладзейскі судБез жалю пакараў.Зладзейскі суд!..То ж ён чырвонай зграіДушу сваюЗа медзякі прадаў!..
(З ужо цытаванага цыкла Тодара Лебяды «Вершы для сябра».)
А яшчэ – далей у часе – тэматычна-асацыятыўна чуецца ў некаторых яго вершах… хрэстаматыйная «Железная дорога» Мікалая Някрасава:
Видишь, стоит, изможден лихорадкою,Высокорослый больной белорус…<…>Не разогнул свою спину горбатуюОн и теперь еще: тупо молчитИ механически ржавой лопатоюМерзлую землю долбит!
У Тодара Лебяды:
Ты чуў не разЧыгунку за Байкалам,Ды мо не чуўПра здзекі і прымус:Бо тут цяперАмаль пад кожнай шпалайЛяжыць замучаныЎ выгнанні беларус.
Тыповыя лірычныя вобразы Тодара Лебяды – васількі, жытнёвае поле, журавы, гусляр… У апошняга сустракаецца і алегарычнае перастварэнне-персаніфікацыя, сустракаецца своеасаблівы дублёр. Калі гусляра знішчаюць, яго месца займае новы «песеннік» – тыран-сатана:
Гэтым годам ля прыгоркуНа узлессіТвой гусляр, здаўна каханы,Даканаў.Змоўклі родныяЧаруючыя песні…Там гуляе адмысловыСатана…
Гуляе такі ж тыран, як і ў Мандэльштамаўскім вершы «Горец»:
Мы живем, под собою не чуя страны, Наши речи за десять шагов не слышны, А где хватит на полразговорца, Там припомнят кремлевского горца.
Не адчуваў пад сабой сваёй краіны-Беларусі ў той жа самы час і Тодар Лебяда…
Большасць жа яго вершаў – апісальна-эмацыйныя, з рэдкай метафарычнай квяцістасцю. Сваёй танальнасцю яны часта паўтараюць творы паэтаў паэтычнага пакалення 1920-1930-х гадоў, найлепшыя з іх родняцца з шэдэўральнымі вершамі Паўлюка Труса. Нагадаем:
Падаюць сняжынкі – дыяменты-росы,Падаюць бялюткі за маім акном…
У Тодара Лебяды:
Адцвітаюць ружы, / І з вялікім болемПадаюць пялёсткі / Долу ды на рунь…
(З верша «Адцвітаюць ружы.)
Паэтычныя кветкі Тодара Лебяды зацвіталі годна, натхнёна і ўпэўнена, але былі апаленыя ледзяным ліхалеццем часу і не склаліся ў самавіты кветнік...

Тодар Лебяда. Плачуць ліпы на кургане. – Мінск, «Кнігазбор», 2021. – 168 с.

Тодар Лебяда. Плачуць ліпы на кургане. – Мінск, «Кнігазбор», 2021. – 168 с.


З невялікай кніжнай нізкі апавяданняў найперш вылучаюцца тэксты іранічна-сатырычнага характару, у якіх Тодар Лебяда выявіўся як майстар яскравых дыялогаў, псіхалагічна-дакладнага ды інтрыгуючага сюжэта, дынамічнага і кароткага, а таксама запамінальны тыповасцю сваіх персанажаў (як у апавяданні «Заможны»).Надзвычай яскрава і эфектна выпісаны ў апавяданні «Да маці ў госці», (1960 год) эпізод наведвання Сцяпанам Мяцеліцам старой маці. Едучы на машыне ў сваю вёску, ён па дарозе не захацеў паспрыяць-падвезці кволую бабульку, якая і аказалася ягонай маці, – а тая пехатой дабіралася з далёкай крамы з цяжкімі клункамі – прадуктамі, каб пачаставаць сына.
У кнізе сабраныя і ўсе вядомыя п’есы Тодара Лебяды. Найбольш значная з іх – драма «Загубленае жыццё», у сюжэтных калізіях якой – трагічны лёс сялянаў на прыкладзе асобнай вёскі, сямейная трагедыя сям’і Прыдарожных (раскулачванне, паламаны лёс дачкі), нечаканая адплата крыўдзіцелям…
Паводле сваёй жанравай спецыфікі п’есы не могуць жыць адно «на паперы», без адмысловага суаўтарства рэжысёра, артыстаў, дэкаратараў (акрамя асобных так званых п’есаў для чытання). Сцэнічны лёс згаданага твора Тодара Лебяды, будзем спадзявацца, яшчэ не завершаны, хоць пастаноўкі драмы з поспехам прайшлі ў Віцебску і Менску, але толькі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі…
«Загубленае жыццё» – аб тым, як сяляне сілай заганяюцца ў калгасы, як над імі пануюць агітатары, як лайдакуе колішняя вясковая бедната… Запамінаюцца і просяцца ў цытаты многія дыялогавыя рэплікі герояў п’есы:
«Нам камуністычная партыя загадала пайсці ў калгасы таму, што ў нас аб’яўлены поўны сацыялізм. А паколькі ў нас поўны сацыялізм, дык нам цяпер патрэбны і калгасы…» (так «вяшчае» на сходзе мясцовы агітатар-«ідэолаг» Сцяпан Дышла). Яму дасціпна адказвае дзед Змітрок: «Калі кароўку даглядае сама гаспадыня, дык яно, малачко гэтае самае, будзе, людцы, будзе… А вось жа, гэтае самае, калі кароўку, знацца, усе будуць даглядаць, дык малачка не будзе, людцы, не будзе».
Сённяшнія ж сцэны Віцебска і Мінска «не падрыхтаваныя» да пастаноўкі згаданай п’есы Тодара Лебяды, у фінале якой некалі заможны вясковец, а затым «вораг народа» гаворыць, паказваючы на камісара: «Вось яны адабралі ў нас усё, выгналі нас з нашае хаты, знішчылі нас, душылі нас у канцлагерах, а мы ўсё ж такі жывем, дзеткі! <…> Як яны не знішчаюць наш народ, а ўсё ж жыве Беларусь!»…
Асобны раздзел кнігі – эпісталярны. Гэта шчырыя ды інфармацыйна насычаныя лісты дачкі Тодара Лебяды Алы Козел да даследчыка Сяргея Чыгрына. Чытаючы іх, усведамляеш, што гэтае выданне мае двух аўтараў: ба́цькі і дачкі. Голас апошняй – як спавядальнае дапаўненне да недаробленага пісьменнікам. У тым голасе – душэўны і прачулы боль, мемуарныя згадкі, пра якія не мог распавесці Тодар Лебяда за Саветамі і не паспеў у віхуры акупацыі:
«“Сядзім у камеры, – распавядаў бацька, – і выдумляем сабе самі якуюсьці віну, толькі каб не катавалі, лепей смерць, чым пакуты”;
«І вось – суд. <…> Мне ўжо амаль пяць гадкоў. Бацьку я не ведаю, хаця многа чула пра яго.
У зале суда шмат народу <…>. Чую, маці, падхапіўшы мяне на рукі, шэпча: «Алеська, во татку нашага вядуць…». І паднімае мяне вышэй, каб тата нас убачыў. А я гляджу: вядуць нейкага дзядулю ў блакітным світары, з доўгай сівой барадой. <…> А было нашаму «дзядулю» ўсяго 26 гадоў»…
Але ў песнях гэтага «дзядулі» – дзякуючы яму ды захавальнікам ягонай творчай спадчыны – і сёння гучаць маладыя, бадзёрыя, нязломныя, свабодалюбныя і актуальныя ноты:
Выйду зноў у ранняе прадвеснеСустракаць цудоўную зару…Для цябе сягоння мая песня,Дарагая сэрцу Беларусь!..
На твае на ба́цькаўскія гоні,На палёў нязведаную шырПесню гордую Крывіцкае ПагоніЯ нясу ад шчырае душы…
(З верша «Песня малодосці»)
Тодар Лебяда. Плачуць ліпы на кургане. – Мінск, «Кнігазбор», 2021. – 168 с.