Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Калі вы многа падарожнічаеце па Беларусі, бываеце ў глухіх вёсачках, напэўна, адзначалі, што гаворка людзей розніцца. І калі наша вуха пачуе незвычайную форму слова, адразу пачынаем параўноўваць яе ці з літаратурнай мовай, ці з той, якой карысталіся на сваёй малой радзіме.

fq0r3280.jpg


І сёння носьбіты традыцыйных гаворак не перастаюць здзіўляць даследчыкаў, якія прыязджаюць да іх у час дыялекталагічных экспедыцый. Часам за адным словам ці нават гукам можа хавацца гісторыя асаблівасцяў развіцця мовы.
Незвычайная форма — гэта заўсёды штуршок для пошуку, для адказу на пытанне, што сабой уяўляла гаворка, якая яна сёння; у пэўнай ступені можна прадбачыць і яе далейшае развіццё, — заўважае Вераніка Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Паедзьце за Лагойск і крыху далей у паўночна-заходнім кірунку ці на ўсход, і там вы можаце пачуць «бала», «на скрыпацца». Спецыяліст адразу разумее, з чым гэта звязана (з характарам акання). Гэта не парушэнне нормы, а адлюстраванне тыповай маўленчай традыцыі, характэрнай для мясцовых гаворак пэўнага тыпу. Чалавеку, які вельмі далёкі ад народнай культуры, мовы, калі ён чуе падобныя формы, такое гучанне падасца ненармальным, ён дазваляе сабе заявіць: «Як смешна гавораць». Насамрэч такая рэакцыя — гэта проста дэманстрацыя няведання рэгіянальнай моўнай спецыфікі. Між іншым, адметныя моўныя факты могуць расказаць пра многае, у тым ліку і пра гісторыю твайго роду. Калі мы спрабуем разабрацца, чаму так гаворым, можам даведацца, адкуль прыбылі ў гэту мясцовасць нашы продкі. Напрыклад, калі на Віцебшчыне чуеш «на санёх» або «вав'ёрка», ліхаманкава ў сябе пытаешся: «Як аказаліся яны за межамі свайго актыўнага бытавання?». І калі падобную форму пачуеш ад пяці чалавек, разумееш, што на гэта былі прычыны.
Калі наш аддзел у 2011 годзе быў у экспедыцыі ў Полацкім раёне, мы не запісалі там «цокання» (калі ў слове замест «ч» вымаўляецца «ц»), хоць у 40-я гады мінулага стагоддзя ў час збірання матэрыялаў для Дыялекталагічнага атласа гэта з'ява там яшчэ дзе-нідзе фіксавалася. А падчас экспедыцыі ў Верхнядзвінскім раёне (2017 год) я аб'ездзіла многа вёсак і ў некалькіх з іх пачула не толькі словы: «вадзіцка», «сястрыцка», але і «пецка». Вымаўленне «ц», нават калі чалавек ужывае паралельна словы «вадзічка» і «вадзіцка», «пецка» і «печка», невыпадковае. Для даследчыка гэта найперш указанне, што цоканне сапраўды жыло тут некалі, бо ад яго нават да сёння захаваўся след. Ці другі выпадак. У паўднёва-заходняй Беларусі, на тэрыторыі якой распаўсюджаныя гаворкі паўднёва-заходняга дыялекту, можна пачуць словы «балата» (націск на апошні гук), «вокна», «цялята». Не трэба думаць, што гэта перанята з рускай мовы. Насамрэч гэта традыцыйная, раней шырокаўжывальная форма, калі назоўнікі ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку мелі канчатак «а». Але сёння вы тут сустрэнеце хутчэй адзінкавыя словы з такім канчаткам...
— Напэўна, краязнаўцы і наогул неабыякавыя да роднай культуры і гісторыі людзі маглі б таксама збіраць такія моўныя факты?
— Маглі б збіраць, сапраўды, многія. Але трэба заўважыць, што і цяпер сярод нас ёсць неабыякавыя людзі, далёка не толькі краязнаўцы, якія рупяцца пра захаванне моўных скарбаў сваёй мясцовасці. Яны запісваюць тыя матчыны словы, з якімі раслі. Гэтым самым найперш зберагаюць памяць пра сваіх продкаў, пра гісторыю свайго краю. Добра, калі людзі разумеюць каштоўнасць таго, што знікае. А каб сабраная інфармацыя стала агульнанацыянальным набыткам, скарбам для іншых, яе можна дасылаць, напрыклад, у наш аддзел, бо калі падобныя факты не занатаваць, заўтра можа быць позна. Напрыклад, калі я паеду ў тую мясцовасць, дзе запісалі адметныя словы ці нейкія асаблівыя словаформы, магу ўжо гэтага і не заспець, бо прадстаўнікі старэйшага пакалення сыходзяць у нябыт, а разам з імі адыходзіць і наша мова, магчымасць больш даведацца пра яе гісторыю. І, на жаль, ужо сёння некаторыя адметнасці, рысы, якія вылучалі нас як беларусаў па гаворцы, можна ў вёсцы і не знайсці...

Калдобіны ці галдобіны?


— Пра што можа расказаць слова «салёнка» (ачышчаная звараная пасоленая бульба)? — цікаўлюся ў Веранікі Курцовай і працягваю ліст са Смаргоншчыны ад нашай чытачкі Яўгеніі Кулевіч («Слоўніца» працягвае паляванне на моўныя скарбы: словы, запісаныя чытачамі, мы перадаём вучоным).
— Пра адметныя традыцыі харчавання беларусаў. Часта страва атрымлівае сваю назву па пэўнай прыкмеце. Напрыклад, зварылі бульбу, яе не парэзалі, не патаўклі і кажуць: сёння будзем есці «цэлую бульбу». А калі чуеш назву «салёнка», адразу разумееш, якая матывацыйная прыкмета лягла ў яе аснову — страву пасалілі. Але была на Беларусі і іншая традыцыя — есці бульбу без солі, бо апошнюю не заўсёды людзі маглі набыць. А яшчэ ў слове «салёнка» адлюстравана асаблівасць маўлення. У іншых рэгіёнах сустракаецца форма з цвёрдым гукам «л» — «салонікі». Вельмі важна, каб людзі, якія збіраюць словы, пазначалі, у якой мясцовасці яны зафіксаваны. Напрыклад, на тэрыторыі паўночнага захаду Беларусі можна пачуць «галдобіны» (згадаем агульнавядомыя калдобіны). Альбо, акрамя «канюхі», беларусы могуць гаварыць «канюгі». Розныя формы вымаўлення могуць сведчыць пра працэсы, якія адбываюцца ў мове, і даследчык паспрабуе даць адказ, чым было выклікана з'яўленне такіх лексічных варыянтаў.
— У лісце Яўгеніі Барысаўны я знаходжу і інфармацыю пра традыцыйныя рамёствы. Так, яна згадвае слова «клоча». («Калі часалі лён, то вычэсваліся кароценькія валасінкі. Доўгія ішлі на кужаль (тонкае палатно), а кароткія на што-небудзь горшае: посцілкі, ходнікі (палавікі), мяшкі, шарачок. Таксама людзі казалі: «Хоць клоча, хоць воўна, абы кішка поўна» («Не трэба шукаць прысмакаў, а есці, што ёсць».)
— Вымаўленне слова «клочча» ў абліччы «клоча» адлюстроўвае тыповыя фанетычныя рысы мясцовай гаворкі. Наяўнасць аднаго зычнага ў становішчы паміж галоснымі — найвыразнейшая асаблівасць гаворак у гэтым рэгіёне. На Смаргоншчыне вы можаце сустрэць многа слоў, дзе не адбылося падаўжэння зычных: «падарожа», «вяселе (вяселле)», «жыцё». Прычым калі мы запісваем тэксты гаворак, то ўключаем у запіс усё, як расказвае сам апавядальнік. У сучасным маўленні, акрамя традыцыйнага пласта слоў, сустракаецца і шмат новых, галоўным чынам запазычаных з рускай мовы. Але гучаць яны па-мясцоваму. Так, калі людзі згадваюць пра сваё здароўе, кажуць пра ціск «даўлене». Слова «даўлене» па вымаўленні асобных гукаў такое ж, як названыя вышэй «вяселе» ці «жыцё», бо засваенне адбываецца па законах традыцыйнай фанетыкі, шляхам адаптацыі да гукавога ладу мясцовай гаворкі.

У ваш слоўнічак:

Лацвей, латвей, латво — добра, лёгка, зручна, выгадна. (Латвей яму рабіць, калі сын дапамагае. Ну, справу залатвіў!) «Падобныя словы — тыповыя для паўночна-заходняй часткі Беларусі. Калі ўзнікаюць такія адзінкі, як «залатвіў справу», што азначае, мабыць, «зрабіў вельмі добра, удала», гэта паказвае, што слова характарызуецца высокай словаўтваральнай прадуктыўнасцю, бо ўжываецца не толькі ў адной форме: яго асноўная частка, корань, выступае і ў іншых абазначальных сродках. Відавочна, яно добра вядома мясцовым насельнікам», — тлумачыць Вераніка Курцова. Закапёршчык — зачыншчык, ініцыятар якой-небудзь справы. Вучоныя заўважаюць, што гэта слова традыцыйнае для беларускіх гаворак, але абмежаванае рэгіянальна. Часам у такім жа значэнні выкарыстоўваецца і слова «падбухторшчык». Закалец на палец. Пра дрэнную гаспадыню гаварылі: «Як хлеб спячэ, то закалец на палец». Закалец — гэта аселы на скарынку хлеб, і сама такая скарынка. Вераніка Курцова таксама дадае: «Хлеб з закальцам абазначаецца словам «закалісты». А яшчэ ў такім выразе паказана, наколькі ён няўдалы — па таўшчыні на цэлы палец. Да таго ж, як кажуць у народзе, ацеслевы, глёўкі, глізавы. Каб не было такой неспадзяванкі, хлеба з закальцам, то дзежку, у якой замешвалі хлеб, лячылі: націралі цыбуляй». Трэба неба, але трэба і хлеба. «Гэта было ў вёсцы Сялец. Адзін чалавек рэгулярна хадзіў да касцёла, амаль кожны дзень. А дома пяцёра дзяцей, жонцы хоць разарвіся, і звярнулася тая да ксяндза, толькі папрасіла, каб мужу не казаў, што яна прыходзіла. Наступны раз ксёндз выклікаў мужыка, пагаварыў і на заканчэнне сказаў: «Трэба неба, але трэба і хлеба», — напісала ў сваім лісце Яўгенія Кулевіч. А як заўважыла Вераніка Курцова, такі выраз даволі вядомы на Беларусі. Што ні кажы, а хлеб для людзей заўсёды быў на першым месцы. Яйка вып'е, і дзюркі не будзе — казалі пра вельмі хітрага чалавека. Пазуры (ногці, пазногці). Такое слова ўжываюць галоўным чынам у гродзенска-баранавіцкіх, а таксама заходнепалескіх гаворках. Акрамя яго, беларускім гаворкам для абазначэння ногцяў вядомыя найменні, напрыклад, на паўднёвым усходзе, за выключэннем усходнепалескіх гаворак, — «кіпці; капцюры» — у асобных вёсках на поўдні Беларусі. Праўда, выкарыстоўваюцца капцюры (кіпцюры) звычайна разам са сваім «сваяком» — словам з аднолькавым значэннем — «ногці». Пазногці з'яўляюцца набыткам сярэднебеларускіх гаворак, але галоўным чынам той іх часткі, якія размешчаны ў кірунку на паўночны захад. З-пад гадзіны яйкі дастане, і тая не ўкусіць — казалі пра чалавека, які няпраўдамі дабіваецца поспеху. «Гадзінай называюць пераважна гадзюку. У народнай традыцыі гэта яшчэ можа быць і абагульняльная назва ўсіх паўзуноў. Асацыятыўна ўспрымаюцца ўсе такія істоты чалавекам як нешта непрыемнае, брыдкае, злоснае. Зусім невыпадкова таму, што, гаворачы пра злосную жанчыну, у якасці ацэначнай намінацыі часам выкарыстоўваюць гэта слова», — тлумачыць Вераніка Курцова. Шляга — палка з булавой на канцы, зробленая з моцнага, цвёрдага дрэва, якой карысталіся, напрыклад, калі расколвалі на дровы калоду, білі ёю па абуху сякеры. Па-іншаму гэты прадмет называецца шырокавядомым у беларускай мове словам «доўбня». Слова трапіла ў гаворкі з нямецкай мовы. Квяліць (цвяліць) — дражніць, звычайна дзіця. Прыйшло слова ў беларускія гаворкі з польскай мовы. У форме «квяліць» з пачатковым спалучэннем «кв» яно вядома найперш у гаворках заходняй зоны беларускай мовы. Ясёнка — асенняе жаночае паліто (без мехавога каўняра, ваціна ці ваты, толькі верх і падкладка). Слова рэгіянальна абмежаванае. Як і «квяліць», яно вядомае найперш у гаворках заходняй зоны беларускай мовы. Дубальты — застаўленыя падвойныя вокны на зіму. Слова характэрнае галоўным чынам для заходняй часткі беларускай дыялектнай мовы. Акрамя слова дубальты, больш шырока ў гаворках у значэнні «падвойны» ўжываецца лексема «дубальтовы». Яна, дарэчы, з'яўляецца нарматыўнай у беларускай літаратурнай мове. Форма «дубальтовы» лічыцца запазычаннем з польскай мовы. Еш хоць расперажыся — казалі, калі ў гасцях было багата ўсякай ежы. Калі чалавек наеўся, раменьчык, відаць, ужо перашкаджаў. Печарыцы — шампіньёны. На Беларусі яшчэ іх называюць печурыцы, пячуркі, пячаркі, пячоркі. Словы з такім абліччам пашыраны ў асноўным у гаворках поўдня Беларусі, радзей яны адзначаюцца на тэрыторыі Гродзеншчыны. Акрамя найменняў накшталт «печурыцы», гаворкам вядомы назвы белякі, бялянкі, пагнойкі, пагнойнікі і інш. формы з базавай часткай -гн- (і яе варыянтамі), садавікі, совы, сарокі, панскія грыбы. Але самымі распаўсюджанымі з'яўляюцца трансфармаваныя да непазнавальнасці формы лексемы «шампіньёны». У гаворках слова выступае як шампіёны, шапіёны, шпіёны, чампіёны. Дадаюцца да пералічаных трансформаў і іншыя іх фанетычныя варыянты
.Алена Дзядзюля, фота Анатоля Клешчука, zviazda.by