У Магілёве прэзентаваная кніга "Невядомыя старонкі гісторыі Магілёўшчыны"

4 снежня ў магілёўскай гарадской бібліятэцы гісторык Міхаіл Рыськоў прадставіў сваю кнігу "Невядомыя старонкі гісторыі Магілёўшчыны", выдадзеную восенню 2012 года.



300px_1.jpg

Магілёў. Гарадская ратуша

Як расказаў БелаПАН аўтар, будучы загадчыкам музея гісторыі адукацыі Магілёўшчыны і збіраючы матэрыялы, ён натрапляў на невядомыя шырокай грамадскасці гістарычныя моманты. Менавіта гэта і падштурхнула Міхаіла Рыськова да іх сістэматызацыі і апублікавання.
 


У "Невядомыя старонкі гісторыі Магілёўшчыны" ўключаны 32 нарысы, якія сведчаць пра найболей прыкметныя падзеі магілёўскай гісторыі, пра людзей, імёны якіх малавядомыя ці забытыя.
 


Так, у кнізе адкрываюцца невядомыя старонкі біяграфій паэта Аляксея Пысіна, кінарэжысёра Віктара Турава, генерала Івана Лазарэнкі, расказваецца пра існаванне ў перадваенныя гады Магілёўскага ваеннага пяхотнага вучылішча, узгадваецца пра магіляўчаніна, Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава — удзельніка войны ў Афганістане, што служыў у той самай 9-й роце, якая стала правобразам для аднайменнага фільма Фёдара Бандарчука.
 


Асаблівую ўвагу аўтар надае гісторыі знікнення з Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музея Крыжа Еўфрасінні Полацкай у 1941 годзе. Паводле яго сцвярджэння, святыня не была вывезеная ў Маскву ні першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам, ні супрацоўнікамі НКУС. "Каштоўнасці Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музея засталіся не эвакуяванымі", — заяўляе Рыськоў. "Крыж Еўфрасінні Полацкай яшчэ да вайны двойчы спрабавалі выкрасці. У ліпені 1941-га гэта ў кагосьці атрымалася", — лічыць аўтар кнігі.
 


"Я лічу, што Крыж вывезлі, і не важна куды — на Захад ці на Усход. Думаю, што яго вывезлі, хутчэй за ўсё, праз Усход на Захад. Але ў мяне няма фактаў, я прапаноўваю версію", — адзначыў гісторык.
 


Зыходзячы з фінансавых магчымасцяў аўтара, кніга аб'ёмам прыкладна 150 старонак выйшла невялікім накладам — усяго 40 асобнікаў. Цяпер яна паступіла ў гандлёвую сетку Магілёва.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН