У Мінску адбылася прэзентацыя выбраных твораў Кастуся Тарасава
Амаль 600-старонкавае ілюстраванае выданне з прадмовай выбітнага беларускага літаратара Уладзіміра Арлова выйшла ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор ў залатой дзвюхсоттомнай серыі “Беларускі кнігазбор.
Прэзентацыя прызнанага майстра гістарычнай прозы, былога рэдактара штотыднёвіка “Новы Час Кастуся Тарасава (1940 – 2010) праходзіла 22 лістапада ў мінскай сядзібе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны у межах кампаніі “Будзьма.
Пасля заканчэння хімічнага факультэту Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ) Косця Тарасаў працаваў у Паўночна-Заходняй геолагаразведачнай экспедыцыі, на прамысловых прадпрыемствах Беларусі, у
выдавецтве “Вышэйшая школа, газетах “Знамя юности“, “Літаратура і мастацтва, “Навіны, “Наша свабода і
“НовыЧас, часопісах “Нёман і “Спадчына. Друкавацца пачаў з 1965 года. Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў узняў тэму
гістарычнай спадчыны. Творчасці Тарасава ўласцівы рэалістычны погляд на мінулае Айчыны, адчуванне непарыўнай сувязі часоў, а таксама ўменне перадаць атмасферу старасветчыны.
Сярод твораў празаіка – аповесці “Дзень рассеяння і “Пагоня на Грунвальд, кнігі аповесцяў “Падарожжа ў цесным крузе і
“Адзіны сведка – Бог, раман “Тры жыцці княгіні Рагнеды, літаратурна-гістарычнае эсэ “Памяць пра легенды: Постаці беларускай
мінуўшчыны, а таксама зборнікі дэтэктыўных аповесцей “У час Стральца і “Залатая горка. Прычым кнігі “Пагоня на Грунвальд і
“Памяць пра легенды сталі тымі творамі, на якіх вырасла сучаснае пакаленне беларускіх адраджэнцаў.
Першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што, дзякуючы кнігам Кастуся Тарасава, беларусы адчулі сябе не Іванамі бязроднымі, не перакаці-полем, а сынамі вялікай зямлі, выказала падзяку за
выданне кнігі галоўнаму рэдактару “Кнігазбору Кастусю Цвірку і сваякам пісьменніка, а таксама надзею на тое, што ў будучым выйдзе поўны збор твораў Кастуся Тарасава.
Паводле слоў Кастуся Цвіркі, творы Тарасава заўсёды выклікаюць захапленне, таму што аўтар імкнуўся як мага паўней асвятліць абраную тэму праз мастацкія вобразы і малавядомыя факты мінулага. Паколькі
кнігі серыі з’яўляюцца візітоўкай пісьменніка, трэба было ўключыць у выданне самыя важныя творы розных жанраў, каб найбольш паўней прадставіць вобраз Тарасава. У том увайшлі, у тым ліку, эсэ
з шырока вядомай кнігі “Памяць пра легенды, якая у 1984 годзе адразу зрабіла Тарасава знакамітым гісторыкам і літаратарам, аповесць “Скарб Нясвіжскага замка,
раней друкаваная толькі ў часопісе “Дзеяслоў, вельмі папулярны раман “Пагоня на Грунвальд, а таксама апошнія гістарычныя нарысы пісьменніка ў “Новым
Часе, прысвечаныя выбітным дзеячам айчыннай гісторыі, аўтабіяграфічныя нататкі і каментары.
Кастусь Цвірка
Як паведаміў Цвірка, у планах выдавецтва – выбраныя творы выдатных дзеячаў айчыннай культуры пісьменнікаў Алеся Адамовіча і Васіля Віткі, гісторыка Анатоля Грыцкевіча, а таксама пераклад на
беларускую мову працы польскага этнографа Казіміра Машынскага “Усходняе Палессе.
Сястра пісьменніка Таццяна Дзегцярова адзначыла, што Кастусь Тарасаў з дзяцінства марыў стаць пісьменнікам і на хімфак БПІ паступіў толькі для таго, каб дагадзіць бацькам. Яго першая публікацыя
звязаная з часопісам “Юность, а шырокае прызнанне прыйшло ў 1988 годдзе, калі брат атрымаў прэмію Міністэрства абароны СССР за раман “Погоня на Грюнвальд,
сказала Дзегцярова. Яна выказала надзею, што з цягам часу будуць апублікаваныя фрагменты літаратурнага пошуку Кастуся Тарасава з гісторыі магнацкага роду Радзівілаў.
Таццяна Дзегцярова
Дарэчы, Кастусь Тарасаў быў ўшанаваны яшчэ дзвюма літаратурнымі прэміямі: “Залаты апостраф часопіса “Дзеяслоў за аповеды “Брыгіткі і
“Нячутныя гукі самоты (2007), а таксама імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра “За актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што
спрыяе фармаванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў (2010).