Васіль Быкаў: Пра мастацтва і праклятыя часы

«Літаратурная Беларусь» і «Новы Час» працягваюць публікаваць фрагменты гутарак Юрася Залоскі з Народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым — на гэты раз пра лёсавызначальныя і «праклятыя» часы нацыі і яе «духоўнае здароўе».

Фота з архіву аўтара

Фота з архіву аўтара

— Цi схiльны Вы, Васіль Уладзіміравіч, лiчыць, што сёння рэалiзм як мастацкi метад у сусветнай лiтаратуры ўвогуле страчвае сваю мастацкую каштоўнасць — з прычыны анiгiляцыi самога жыцця, знiкнення непасрэднасцi чалавечых перажыванняў i паводзiн, распаду традыцыйнай бiблейскай маралi, замены ўчынкаў на фальшывыя iнфармацыйныя ўмоўнасцi?
— Так мяркую, што рэалiзм аджывае сваё найперш у сытых, забяспечаных грамадствах, дзе ён як напрамак мастацтва ўжо адпрацаваў уласныя магчымасцi. У грамадствах жа, якiх раздзiраюць сацыяльныя праблемы, якiя пакутуюць без элементарных грамадзянскiх свабод, нацыянальна не рэалiзаваных, у такiх грамадствах яшчэ доўга будзе iснаваць патрэба ў звычайным рэалiзме, з яго чэрствай праўдай жыцця, адлюстраванай у формах самога жыцця. Тое меркаванне, вядома, не выключае памкнення пэўнай (элiтнай) часткi грамадства да мастацтва iншага кшталту з ухiлам у бок формы, эпатажных прыёмаў творчасцi, асаблiва папулярных на Захадзе. Але не забудзем: перайманне ёсць паўтор, другаснасць, няздольныя даць кшталт адкрыцця, i ў дэмакратычным грамадстве хiба што будзе цярпiмае, не болей. У недэмакратычным жа не будзе i элементарнай цярпiмасцi.
— Дарэчы, у Вас мала твораў пра сучаснасць. Вы што — iнтуiтыўна адчувалi немастацкасць часу i свядома адмовiлiся выказвацца пра яго мастацкiм словам?
— Для мяне час так званага застою, як бы ён нi вызначаўся эканамiчна, у экзiстэнцыяльных стасунках сапраўды здаваўся немастацкiм. Рэалiстычнае мастацтва — выяўленчае цi лiтаратура — усё ж вымагае пэўнага элементу стыхiйнасцi, неарганiзаванасцi, якiх не было ў нашым дашчэнту зарганiзаваным, рэгламентаваным бальшавiсцкiм мiнулым. На вайне тае стыхiйнасцi было куды болей, асаблiва ў партызанскай вайне, на акупаванай тэрыторыi, i туды iнстынктыўна памкнулiся мае лiтаратурна-эстэтычныя сiмпатыi.
— ...I таму ў дачыненнi да сучаснасцi Вы абралi не эстэтычны, а — палiтычны шлях умяшання ў жыццё. Цi азначае гэта, што лiтаратуру вызначае ўсё-такi кандыцыя самога жыцця, i жыццё папросту можа не даць спрыяльных iмпульсаў для творчасцi («крызiсны час»)?
— Наколькi наш час лёсавызначальны для нацыi, наколькi драматычны i «пракляты» для грамадства, настолькi ён неспрыяльны для мастацтва, для функцыянавання культуры. Крызiсны час — тым усё сказана. Вядома, пасля ён дасць пэўны плён, можа быць, i плён значны, але — пасля. Як усё ўляжацца, настане нейкая пэўнасць i выразнасць, усталюецца пэўны позiрк на мiнулае, якiм неўзабаве зробiцца наша сучаснае.
Выпрацуецца пэўная эстэтыка, адпаведная густам новага часу. Пэўна, на змену ранейшай эстэтыцы, дзе ўсё ж пераважаў рэалiзм (крытычны, сацыялiстычны) прыйдзе якi нечуваны гiпермадэрнiзм. Хай! Мае ж лiтаратурныя густы, што склалiся пад уплывам класiчнага рэалiзму ХIХ стагоддзя, умацавалiся ў рэчышчы рэалiзму ХХ стагоддзя, ад таго не пацерпяць, i не мне ўжо мяняць iх на штось нязвыклае. Позна ўжо, ды i не цiкава.
— Вiдавочна, што ў процiстаўленнi жыццё — мастацтва Вы аддаеце прыярытэт жыццю. Калi так, то ўсё прыгожае, усе класiчныя шэдэўры лiтаратуры, жывапiсу i г.д. як бы народжаны самiм жыццём. Дык вось: цi не можа ў прынцыпе стацца так, што мастацтва збанкрутуе канчаткова, адпрэчанае самiм жыццём?
— Вядома, мастацтва нараджаецца з пэўных праяваў жыцця (найбольш рэалiстычнае мастацтва), але таксама i з унутраных, душэўных iмпульсаў, сiгналаў аўтарскай падсвядомасцi. Суадносiны таго i другога ў кожным творы кожнага аўтара дужа няпэўныя. Бываюць творы, нiбы само жыццё, «спыненае iмгненне»; бываюць створаныя выключна з iрацыянальных элементаў, дзе ад рэальнасцi, бадай, нiчога няма. Мабыць, каштоўнасць тых ды iншых вызначаецца ўсё ж не так спосабам адлюстравання, як характарам творцы, сутнасцю яго часам выразнага, а часам загадкавага таленту. У культурным грамадстве сапраўднае мастацтва (не кiтч) па сваёй сiле ўздзеяння можа супернiчаць з натуральнымi праявамi жыцця. Уплывы мастацкiх вобразаў на душу чалавека, аднак, дужа невыразныя, апасродкаваныя, залежныя ад псiхiчнай канстытуцыi асобы, узроўню яе культурнасцi, а таксама ад меры мастацкай умоўнасцi твору. Тая ўмоўнасць бывае нармальнай, агульнапрынятай, бывае празмернай i цяжкой для ўпрыняцця, бывае недастатковай i з тае прычыны таксама не кранае спажыўца прыгожага. Iншае ж аказвае зусiм адваротнае ўражанне, чым на тое разлiчваў аўтар. Яшчэ Арыстоцель заўважыў пэўны парадокс успрыняцця мастацтва, калi пiсаў, што «мы з задавальненнем глядзiм на выяву таго, на што ў рэчаiснасцi глядзець непрыемна». Чаму так — не зусiм зразумела. Але, мабыць, у тым нешта адчувалi марксiсты, якiя, не маючы магчымасцi выкаранiць «негатыў» з рэальнага жыцця, заўзята выкаранялi яго з мастацтва. Сучасная рэчаiснасць, вядома, тоiць у сабе безлiч самага рознага, у тым лiку i драматычна-трагедыйнага, заўжды каштоўнага для мастацтва. Але праблема, мабыць, у тым, што да пары гэта — сырэц, паўфабрыкат, сусла, з якога яшчэ трэба вырабiць прадукт. А тое патрабуе часу. Выспее, перабродзiць у дзяжы мастакоўскай свядомасцi (асаблiва ў падсвядомасцi), i вiнар-аўтар зробiць з яго напой багоў. Але не цяпер, не ў крызiсны час. У крызiсны час майстра заняты не так пошукам метафар, як пошукам хлеба…
— У апошнiя гады Вы адкрыта выступаеце як апалагет хрысцiянскiх каштоўнасцяў i хрысцiянскай веры. Цi былi Вашыя адносiны да рэлiгii (Бога) ўвесь час нязменнымi, роўнымi? (У гэтым сэнсе цiкава пачуць Вашу ацэнку вайны як не толькi «вайны», але i як памежнай падзеi быцця, удзельнiкi якой як бы праходзяць своеасаблiвую мiстэрыю «прычашчэння смерцю», г.зн. здабываюць пэўны духоўны гарт...)
— Безумоўна, у наш складаны, бязбожны час традыцыйныя хрысцiянскiя каштоўнасцi застаюцца галоўным духоўным апiрышчам нацыi. Тое было пэўна ў гады татальнага вынiшчэння рэлiгii, нездарма бальшавiкi з першых дзён свайго панавання пастралялi царкоўных iерархаў, пабурылi цэрквы — яны не трывалi духоўнай канкурэнцыi. Дэмакратычна арыентаваныя i проста сумленныя грамадзяне заўжды спантанна адчувалi згубнасць атэiстычнай бездухоўнасцi i неяк спрабавалi процiстаяць ёй. На пачатку перабудовы, калi з’явiлася такая магчымасць, я ў «Комсомольской правде» палемiзаваў з заўзятымi маскоўскiмi прафесарамi-атэiстамi.
Але затым мой заступнiцкi пафас знiзiўся, калi новыя ўлады ў адносiнах да царквы цынiчна змянiлi бiзун на пернiк. Вядома, ад камунiстаў усяго можна было чакаць, але здзiўляла тая «хэнць», разлiк або наiўная легкавернасць, з якой царква (найбольш праваслаўная) кiнулася ў камунiстычныя абдымкi, спрэс ператвараючыся ў банальныя «рычагi» ўлады. Мабыць, сапраўды каштоўнасць рэлiгii не ў царкве, не ў яе зменлiвай духоўнай палiтыцы, а найперш у фундаментальнай сутнасцi яе маралi, якую два тысячагоддзi нясе з сабой хрысцiянства, Стары i Новы Запавет, першакрынiцы хрысцiянства.
У гэтым сэнсе на памяцi прыклад Льва Талстога, якi, як вядома, займеўшы канфлiкт з царквой, узяўся за вывучэнне грэцкай мовы, каб без перакладу спасцiгнуць першасны сэнс запаветаў Хрыста i святых апосталаў.
Але гэта Талстой. А як народу, сем дзясяткаў гадоў адлучанаму ад веры, зноў далучыцца да яе, пераадолець духоўную разарванасць, спасцiгнуць боскую сутнасць без карыслiвых адвакатаў рэлiгii? Беларусам намагчыся на тое i яшчэ цяжэй — гiсторыя не дала iм канкрэтна-ўласнай рэлiгii, кiнула на раздзёр мiж дзвюма не надта прыязнымi канфесiямi. Унiяцтва, якое магло б стаць рэлiгiяй беларусаў, амаль задушана, зацiснута з двух бакоў магутнымi канфесiямi i нiяк не можа адрадзiцца. Усё тое балюча адбiваецца на духоўным здароўi народа.
Здаецца мне, вайна да тае праблемы не мае прамых адносiнаў, бо на вайне ўсё вырашала грубая сiла, мiстыцы там не было месца. Гэта вернiкам у акопах Першай сусветнай вайны бачылiся розныя мiстычныя ўяўленнi, як правiла з добрым, шчаслiвым знакам. Атэiстам жа на Другой сусветнай не бачылася нiчога, апроч дужа рэальнай (без мiстыкi), заземленай (лiтаральна i фiгуральна) пагiбелi. Што б гэта значыла? Але, мабыць, зразумела, што.
— Наколькi вядома з Вашых iнтэрв’ю, Вы падзяляеце той пункт гледжання на чалавечую гiсторыю, паводле каторага «чалавецтва паступова разумнее», г.зн., што развiццё чалавецтва ў цэлым адбываецца нiбыта ў кiрунку прагрэсу. Але апошняе стагоддзе пакiдае па сабе i найжахлiвыя сведчаннi маштабнага самагенацыду «разумнага» чалавецтва: дзве сусветныя вайны з мiльёнамi ахвяр, пастаянны лязгат зброi, крывавыя канфлiкты, у тым лiку i апошнiя... Можа, слушна было б разглядаць вайну i ваяўнiчасць як усё-такi фатальнае спараджэнне гульнi бессвядомых сiл у калектыўным арганiзме чалавецтва, як пэўнае выйсце для той грубай энергii iнстынктаў, якая пры надта кшталтаваным розуме не знаходзiць, аднак, належнай сублiмацыi ў культуры, таймуецца (чым, бадай, безвынiкова апякуецца i Царква), але затым вырываецца на паверню жыцця i — нiшчыць, руйнуе той цывiлiзаваны лад, якi, здавалася, цалкам паверыў у сваю трываласць i бясконцасць. Можа, след прызнаць за вайной метафiзiчную, iрацыянальную прыроду i, адпаведна, статус увесьчаснага спадарожнiка чалавецтва праз усю яго гiсторыю?.. Г.зн. пагадзiцца з тым, што чалавецтва ўсё-такi не разумнее?
— Мабыць, тое разуменне адбываецца не раўналегла: калi адны народы даўно «паразумнелi» i па-людску ладзяць сваё людское жыццё, дык iншыя не толькi не спяшаюцца рабiць тое, а час ад часу дурнеюць.Помнiцца амаль роспачны крык у тэлевiзары аднаго з самых сумленных расейскiх iнтэлектуалаў: «Россия, ты одурела!» (гэта калi Расея прагаласавала за Жырыноўскага). У нас жа, у Беларусi, не ведаю, на жаль цi на шчасце, такога вокрыку не пачуеш — не тое тэлебачанне. Нават пры магчымасцi свабоднага (адносна, вядома) выбару выбiраюць не лепшае, i не таму што не хочуць сабе дабра, а таму што дагэтуль не навучылiся адрознiваць кепскае ад горшага. Бо не вучацца нi ў Бога, нi ў д’ябла, нi ў разумных суседзяў. Мабыць, лiчаць, што даволi марксiсцкай навукi, засвоенай ва ўнiверсiтэтах марксiзму-ленiнiзму, партшколах… Нацыя ж, спакушаная фальшывымi iдэямi, падманутая псеўданавукай, будзе хварэць, аж пакуль не паразумнее i не вызвалiцца ад тае ачмурэласцi. Пакуль не зразумее элементарную самакаштоўнасць здаровага сэнсу.
— Напэўна, усе вышэй закранутыя пытаннi можна звесцi да аднаго, унiверсальнага: адкуль на зямлi лiха i дзе прычыны зямных бед i радасцяў (мастацтва, лiтаратуры, грамадскага ўладкавання), — у трансцэндэнтным, г.зн. пад уладаю патойбочных сiл, цi — у самой амбiвалентнай iснасцi гэтага свету i чалавека? Прынамсi, наколькi схiльны Вы пераносiць адказнасць за тое, што робiцца сёння на Зямлi (i ў Беларусi), у сферу патойбочнага?
— У чым тыя прычыны — пэўна не ведае нiхто. Як не ведалi таго тысячу i дзве тысячы гадоў таму. Хоць яйкагаловым мiнулага заўсёды здавалася, што яны ведаюць усё. Па крайняй меры, заўжды i ўсё на зямлi i ў небе знаходзiла нейкае тлумачэнне. Але мiнаў час, i рабiлася вiдавочнай уся наiўнасць, «антынавуковасць» таго тлумачэння. I тады з’явiлася агнастычнае разуменне непазнавальнасцi свету. Кант i Спэнсэр былi не дурнейшыя за папярэднiкаў, калi ўсумнiлiся ў iхнiх поглядах. А пасля ўсумнiлiся i ў вызначэннях самiх агностыкаў, што даказалi марнасць ведаў пра свет. I пра чалавека таксама.
На маю думку, чалавецтва нiколi не спазнае сябе па дзвюх прычынах: па-першае, чалавек — зменлiвае стварэнне, i спазнаць яго ў стане зменлiвасцi наўрад цi каму ўдасца. Па-другое, калi спазнаць да канца, дык тым спынiць сам працэс пазнання, а гэта ўжо цi не канец гiсторыi? Хаця, як вызначыў Ф. Фукуяма, канец гiсторыi азначае толькi тое, што людзi пачнуць яе зноў, так бы мовiць, чарговым заходам. I так бясконца. У тым, можа, i ёсць не разгаданая таямнiца iснавання, вялiкi ягоны сэнс.
Чэрвень 1995 г.