Верыць свайму густу, ісці сваёй дарогаю

…Завіруха, сцюжа, завыванне вятрыска. Цёмная ноч. Не паспелі гаспадары, дзед з бабай, і Бляха, разабраўшы кабана, толкам выпіць і смажанінай закусіць, як у двары з’явіліся здзічэлыя сабакі і злодзей...

Андрэй Федарэнка. Фота lit-bel.org

Андрэй Федарэнка. Фота lit-bel.org

Андрэй Федарэнка — з кагорты маіх найлюбімых творцаў. Усё ягонае (апавяданні і аповесці, эсэ і раманы, «сечку», а таксама годныя і дасціпныя адказы на пытанні тых сумоўцаў, што ладзяць з ім гутаркі) чытаць прыемна і карысна.

У адной з гутарак Андрэй Федарэнка сказаў: «Калі ўжо выбраў сваёй дзейнасцю літаратуру — стаў перад сабой самыя высокія мэты». Сказаць так мог толькі адметны пісьменнік. Ён такім, дарэчы, і стаўся, на той час ужо аўтар цэлага шэрагу яскравых аповесцяў: «Вёска» (1995), «Цугцванг» (1998), «Шчарбаты талер» (1999), «Нічые» (2001), «Афганская шкатулка» (2002). А да гэтага, у свае трыццаць, падараваў свету другую па ліку кнігу «Смута», наклад якой склаў 6000 асобнікаў.

Яна выйшла ў свет у 1994 годзе. Неўзабаве была ўганаравана Літаратурнаю прэміяй імя Івана Мележа. Я, калі прачытаў кнігу, зразумеў: у беларускую нацыянальную літаратуру прыйшоў талент ад Бога. Шмат што перачытваў і радаваўся. Ды і дагэтуль перачытваю. Асабліва моцнае і незабыўнае ўражанне займеў ад апавядання «Пеля». Ёсць такое шыкоўнае ў нашай мове слова — неруш. Вось майстар слова і паказаў чытачам неруш роднае старонкі. Хай сабе камусьці апавяданне «Пеля» падаецца звычайным. На першы погляд яно такім і выглядае, у ім не адбываюцца маштабныя падзеі, няма варагуючых бакоў, цяжкіх характараў, нейкіх канфліктаў. І фабула нескладаная: хлопец, лепш сказаць — лірычны герой (гаворка ідзе ад першай асобы) пасля сесіі за першы курс інстытута «праз некалькі дзён павінен быў ехаць у сельгасатрад, у Крым, а пакуль сядзеў у сваёй вёсцы і нудзіўся»... І толькі калі надышоў дзень ад’езду (цягнік спыняўся на пару хвілінаў на станцыі ля самай вёскі), хлопцу зрабілася неяк настальгічна, сумна. Закарцела прайсціся па знаёмых мясцінах, а калі ўдасца, то і палавіць рыбкі. Часу хапіла б сабрацца, яшчэ і пачытаць да начнога цягніка. Але так не атрымалася. Балота, з яго карасямі, небяспечнымі мясцінамі, туманам, які насунуўся знянацку і надоўга, не адпусціла студэнта амаль да раніцы... І цягнік на Сімферопаль пайшоў без яго. А пасля выявілася, што ў Крыме аўтобус, у якім на другі дзень па прыездзе адправіліся аднакурснікі на вінаграднік, урэзаўся ў скалу…Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Тут я ўжыву такую ўмоўнасць. У нас, у Беларусі, надта малая доля народа сярод насельніцтва. Народа, якому баліць душа за родную мову, культуру, за школу, страшна абруселую. Сярод насельніцтва, якому галоўнае — была б спажыва страўніку. Дык вось чытач-прадстаўнік насельніцтва можа проста ігнараваць беларускі твор, а тым болей — з такім незацяганым найменнем «Пеля». Зразумела, для самабытнага празаіка гэта не страта, што засведчылі яго развагі і пра «Смуту», і пра кнігу ўвогуле, і шмат пра што яшчэ ў звароце «Да магчымага чытача», асабліва — у яго заканчэнні.

Для мяне гэтае апавяданне дарагое. Усцешаны, што яно нашае, беларускае. Жыццёвае, праўдзівае (хай сабе аўтар кажа «выдумалася» за дзве гадзіны, гэта тым больш уражвае). У жыцці якраз такое здараецца: плануеш адно — атрымліваеш іншае, непрадказальнае. Яно і аптымістычнае: малады чалавек ацалеў паміж смяротнымі пагрозамі.

Федарэнкаўскае балота, ніколечкі не падобнае да мележаўскага, паціху высыхае. Але засталася пеля. Хлопец дабраўся да вады і зразумеў: «напароўся на неруш, дзе, можа, некалькі гадоў ніхто не рыбаліў. Карасі амаль не супраціўляліся». Аднак жа азарт ледзь не пагубіў яго: з купіны на ягоны астравок перапаўзала вялізная гадзюка. Выратавала, як ні дзіўна, міжвольнае глупства: ён тупнуў, і край астраўка, які і так ледзь ліпеў, у адзін міг адламаўся, і ён «наўзнач боўтнуўся ў чорную халодную прорву». Мокрымі пальцамі хапіўся за пук травы, за мяккі бераг, які адрываўся, бы гліна, але намацаўся і корань, па якім выкарабкаўся на свой корч. На юнаку вісела жабурынне, карэньчыкі, камякі гразі, з парэзаных пальцаў цякла кроў. А тут — новыя выпрабаванні, звязаныя з густым сівым туманам, які ўладна насунуўся на балота. «Толькі пад нагамі нешта можна было яшчэ разгледзець. Дарыбачыўся!..» Хлопец схапіў сетку з уловам — кілаграмаў восем — і злосна, рашуча ступіў на свой след, ды ізноў шахнуў па самыя пахі. Пад рукамі захадзіла ўжо знаёмая мяккая кашка… Словам, цэлы каскад прыгодаў паднесла роднае балота.

Апавяданне «Бляха» ў «Смуце» знаходзіцца як бы на супрацьлеглым полюсе ў параўнанні з «Пеляй», яны — палярныя. Толькі адно з іх — пра «вязучага» чалавека. Бляха — чалавек няшчасны. Ён быў рахманы, бяскрыўдлівы, за чарку ішоў на любую работу, але ў вёсцы яго здавён не любілі і асцерагаліся: п’яніца і злодзей. Жыў без бацькі, маці не слухаўся. Вучыўся абы-як. Скраў мапед і адсядзеў за гэта паўтара года. Пакуль сядзеў, маці памерла. «Толькі пасля Чарнобыля Бляха пазнаў, што і ён чалавек». Нямоглыя старыя, што засталіся на «зоне», клічуць, калі трэба забіць кабанчыка. Нават не па мянушцы называюць — успамінаюць сапраўднае імя. І пляшку ставяць. Аднак тут усё меней застаецца жывых ахвяраў чарнобыльскага ліхалецця: дзейнічае закон адсялення. Далей пісьменнік з уласцівым яму гранічна разняволеным пачуццём праўды разгортвае жахлівыя падзеі. Эйфарыя волі былога «цюрэмшчыка» нядоўгавечная, бо жменьцы людзей, што засталіся дажываць у небяспечнай зоне, не даюць спакою рабаўнікі. Асабліва ім пахне свежына. Далей у апавяданні адбываецца трагедыя; Андрэй Федарэнка паказвае сваіх герояў у экстрэмальных умовах, учынкі іх цяжка прадказаць нават да фабульнай развязкі.

Андрэй Федарэнка . Фота з сайта www.sb.by

Андрэй Федарэнка . Фота з сайта www.sb.by

…Завіруха, сцюжа, завыванне вятрыска. Цёмная ноч. Не паспелі гаспадары, дзед з бабай, і Бляха, разабраўшы кабана, толкам выпіць і смажанінай закусіць, як у двары з’явіліся здзічэлыя сабакі і злодзей. Няпрошаны госць пралазіць у калідор, забірае сцягно, рэбры, сала. Але ўсё неверагодна хутка мяняецца. Вось ужо злодзей з енкам пра дапамогу стукаецца ў хату да старых, ім жа толькі што абрабаваных. На яго напала гайня сабак — «на ім не было жывога месца». Бляха, які спачатку яго ўдарыў, пашкадаваў, што стукнуў хлопца (калі зразумеў, што ён самлеў), і захваляваўся: «Шкода ж, бляха, падлу маладую…»

Колішняга зняволенага пагубіла яго спагадлівае сэрца. Ён акунаецца ў халодны змрок, бяжыць па фельчарку і, наляцеўшы з гарачкі, з разгону на чорную звяругу, што грызла нешта пад веснічкамі, гіне, разарваны сабакамі… Я не здзівіўся, што «Бляху» апублікаваў нью-ёркскі «Ікарус», які, як паведаміў аўтару ў сваім лісце перакладчык Р. Завістовіч, увогуле не друкуе неамерыканскіх пісьменнікаў і ўсяго аднойчы зрабіў выключэнне — дзеля такога факта, як распад СССР.

Цешыць тое, што ў кнізе няма слабых ці прахадных твораў, нават небыліца «Камандзіроўка» цікавая, як і кароткае апавяданне «Рэдактар». А якое натуральнае апавяданне «Начны голас»! І якое маляўнічае «Адзін летні дзень»! Яно ж і сцэнічнае, гэтак жа, як аповесць «Сінія кветкі».


Пасля «Смуты» ў Федарэнкі з’явілася «Вёска», надрукаваная ў «Полымі» (1995), вельмі сімпатычная аповесць, якую і пасля Кузьмы Чорнага, Івана Буніна ды Антона Чэхава цікава чытаць. «Антона Васкевіча выгналі з інстытута…» — такі пачатак. Адлічылі з другога курса сталічнае ВНУ. І вось ён вяртаецца дадому. Маці і старэйшы брат-гараджанін хваравіта перажываюць сумную падзею, асабліва маці. Антон гэта прадбачыў, таму ў лісце да яе быў прыдумаў, што «давядзецца ўзяць акадэмічны на паўгода ці на год». Але па вёсцы пайша пагалоска, што Антона выгналі за п’янку. Маці хоча ведаць праўду. Сын тлумачыць: выгналі за тое, што гаварыў па-беларуску…

Неўзабаве Антон уладкаваўся на працу, акрыяў душою. Ён шчыры, старанны, сціплы і разважлівы, падабаецца дзяўчатам, у тым ліку школьніцы-сямікласніцы Наташы. У аповесці вельмі ўдала раскрываюцца характары: Антона, яго маці, некаторых вяскоўцаў, шмат помных апісанняў (напрыклад, як хлопец, былы атэіст, упершыню наведвае царкву). А завяршаецца гісторыя Васкевіча, як звычайна добрая казка, аптымістычна: яго ўзнаўляюць у інстытуце…

У сваёй творчасці Андрэй Федарэнка не абышоўся без гістарычнае тэмы. Але сваёй чуйнаю душою дакрануўся ён не да сівой старажытнасці — аповесць «Нічые» вядзе нашых сучаснікаў да трагічных для Беларусі падзеяў позняй восені 1920 года. Пра Слуцкую брыгаду, яе збройны чын, пра тое, што адбывалася цягам некалькіх дзён лістапада 1920 года ў Слуцку, Семежаве, іншых мясцінах Случчыны, пра лакальныя сутычкі беларускіх патрыётаў з чырвонымі, драматычныя лёсы неардынарных асобаў, а заадно і пра лакеяў рэжыму падаўлення распавядае пісьменнік у «Нічыіх».

Да не менш балючай тэмы дакрануўся Федарэнка ў аповесці «Афганская шкатулка». Праўдзівы мастак не мог не адлюстраваць вялікай бяды, што прынесла многім нашым армейцам і іх сем’ям афганская бойня, у якую ўцягнула нашыя войскі тадышняя Масква. Падзеі, што адбываюцца ў аповесці, звязаныя з афганскаю шкатулкай, перапраўленай некалі на тэрыторыю Беларусі і надзейна прыхаваную. Важную ролю адыгрываюць падлеткі; яны высочваюць злачынцаў і дапамагаюць следчым вызваліць з-пад турэмнага арышту галоўнага героя аповесці Барыса Крушынскага, які, у сваю чаргу, дзякуючы каштоўнасцям з чужой краіны, ратуе дзяўчынку, што апынулася ў бядзе, галечы і адчаі. Тут, як і звычайна ў творах Федарэнкі, дзейнічае гуманістычны складнік, таму спагада і дапамога людзям, якія ў бядзе, — якасць, дамінуючая ў характарах розных персанажаў аповесці.

У «Афганскай шкатулцы» ёсць і такі незвычайны твор — «Цугцванг». Такім словам нямецкага паходжання прынята называць становішча ў шахматнай партыі, калі аднаму з гульцоў невыгодна рабіць ход, бо ён вядзе да паражэння. Андрэй Федарэнка — выдатны шахматыст. Дзякуючы яму ў беларускай літаратуры з’явілася гэтая кароткая аповесць, дзе скарыстаны не толькі шахматны тэрмін, а і правілы гульні, больш за тое: задача-двуххадоўка, складзеная адным шахматыстам, дае разгадку другому, дзе схаваны залаты скарб. Праўда, разгадка прыпазнілася, і скарб дастаўся выпадковым людзям.

Федарэнка «дагадзіў» школьнікам і прыгодніцкай аповесцю «Шчарбаты талер». Ён прыдумаў прыгодніцкую гісторыю пра тое, як дзеці захопленыя пошукам скарбу, схаванага французскім афіцэрам у 1812 годзе. І галоўная інтрыга ў тым, што французскі вайсковец выбраў для шыфроўкі скарбу незнаёмую яму беларускую мову. «Гэта мо сотая мая спроба тым ці іншым чынам калі і не зацікавіць беларуса роднай мовай, дык хоць прымусіць звярнуць на яе больш пільную ўвагу», — сказаў пісьменнік у дыялогу з Вольгай Барабаншчыкавай. Зацікавіць свядомых беларускіх чытачоў ён умее не толькі вострымі сюжэтамі і надзённымі праблемамі, ён яшчэ заахвочвае падлеткаў да беларускасці. На старонках прозы Федарэнкі беларускае ўсё: і героі, і прырода, і мясціны, дзе разгортваюцца падзеі.

Як вядома, паводле гэтай аповесці зняты чатырохсерыйны фільм «Тры талеры». Я так парадаваўся, што родная кінастудыя заўважыла цікавы прыгодніцкі твор! (У фільме, між іншым, займеў ролю і мой унук Алесь!). А пасля засмуціўся, бо даведаўся, што аўтар займальнай аповесці і сцэнара «Трох талераў» ні капеечкі аўтарскага ганарару не атрымаў. Думаю, яго падвяла даверлівасць. Мабыць, падпісаў дамову не чытаючы: не думаў, што так лёгка дзяржаўныя чыноўнікі яго ашукаюць...

iljustracyja.jpeg

Напрыканцы 2018 года выйшла новая кніга Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік», папоўніўшы бібліятэчку часопіса «Дзеяслоў» (выпуск 25). Сюды ўвайшлі аповесці «Ксю» і «Сузіральнік», апавяданні «Сахалінка» і «Шчасце», эсэ «Манголія» і «Пташнікаў». Уся проза дасканалая. Ды пра яе — гаворка асобная…

Андрэй Федарэнка са сваім «Сузіральнікам», фота  belisrael.info


Андрэй Федарэнка са сваім «Сузіральнікам», фота belisrael.info

Першы раз у жыцці выказваю шкадаванне, што я не крытык. Калі б крытыка была маёй стыхіяй, я паказаў бы ўсю красу і сілу прозы Андрэя Федарэнкі, яго бліскучае майстэрства, кампазіцыйную вытанчанасць, разняволеную раскошу яго мовы, тое, як пісьменнік удала сумяшчае сваё моўнае багацце з народнымі залацінкамі, чысціню літаратурнае мовы з размаітасцю палескага дыялекту, элементамі трасянкі, і тое, які ён памяткі, як ведае класікаў, і што думае пра неасцярожнае абыходжанне са словам і пра кашчунны гумар… Словам, я распавёў бы пра высокадухоўную асобу творцы, які, дзякуй Богу, верыць свайму густу ды ідзе сваёй дарогаю.