Выкрадзенае дзяцінства

Алена Зялевіч, ст. нав. супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскi палацык»

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася выстава работ вядомага габрэйскага мастака Мошэ Бярнштэйна. Мастака і паэта, чалавека, які cпазнаў жахі Другой сусветнай вайны і занатаваў яе назаўсёды ў сваёй памяці. На выставе быў прадстаўлены цыкл яго графічных работ «Габрэйскія дзеці», створаны ў 1973 годзе.



85267d349a5e647ff0a9edcb5ffd1e02.jpg

Алена Зялевіч, ст. нав. супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскi палацык»
У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылася выстава работ вядомага габрэйскага мастака Мошэ Бярнштэйна. Мастака і паэта, чалавека, які cпазнаў жахі Другой сусветнай вайны і занатаваў яе назаўсёды ў сваёй памяці. На выставе быў прадстаўлены цыкл яго графічных работ «Габрэйскія дзеці», створаны ў 1973 годзе.
Мошэ Бярнштэйн у адмысловай сентыментальнай манеры выяўляе памяць пра габрэйскую культуру, якая сышла назаўжды. У яго палотнах — плач і несуцешны душэўны боль пра блізкіх, што пакутніцкі загінулі ў агні Халакосту. Хваравітыя сны мастака, якія мучылі яго ўсё жыццё. Дахі старых хат, што чулі матчыны малітвы. Цёмныя, як сухія лісцікі на ветры, абрысы габрэйскіх дзетак, бяздонныя патухлыя вочы і слёзы, што гарачымі кроплямі падаюць на зямлю.
Лейтматывам усяго жыцця мастака-паэта былі словы: «Я — вечная знічка майго згарэлага народа». Знічка ягонага жыцця згасла пяць гадоў таму.
Нарадзіўся Мошэ Бярнштэйн у 1920 годзе ў горадзе Бяроза ў сям’і артадаксальных габрэяў. У раннім дзяцінстве выявіў свой талент жывапісца і паэта. Прафесійную адукацыю атрымаў у мастацкай акадэміі Вільні, дзе вучыўся з 1935 года. У 1939-м апынуўся па ўсходні бок новай мяжы. Калі фашысты звозілі габрэяў у Беластоцкае гета, ён збег і быў эвакуяваны ў Саратаў. Некалькі гадоў працаваў у калгасе, пазней падзарабляў мастаком у адной з вытворчых майстэрняў. Адарванасць ад блізкіх, а затым — іх трагічная гібель ад рук фашыстаў назаўжды пакінулі незагойную рану ў душы Бярнштэйна. Восем гадоў, пражытыя маладым мастаком у стане чалавечага гора, адбіліся на фармаванні знойдзенага ім стылю.
У 1947 годзе Мошэ выехаў у Ізраіль і, прайшоўшы, як і шматлікія, праз англійскія лагеры на Кіпры, у год нараджэння новай дзяржавы стаў яе грамадзянінам. У жніўні 1948-га быў мабілізаваны ў войска абароны Ізраілю. А праз год ужо стаў удзельнікам выставы «Аманім алім» — «Мастакі-рэпатрыянты». Поўнае прызнанне атрымаў пасля персанальнай выставы ў прэстыжнай тэль-авіўскай галерэі «Кац».
За 50 гадоў насычанай творчай працы адбылося звыш 50 выстаў з яго ўдзелам. Яго працы некалькі разоў экспанаваліся ў Расіі, ЗША, Францыі, Галандыі і Італіі. У 1998 годзе карціны Бярнштэйна экспанаваліся на міжнародным фэсце тэатра ў Парме (Італія), у 1999-м за «дакументацыю зніклага габрэйскага свету» мастак атрымаў узнагароду Інстытута вывучэння Халакосту (Ізраіль).


Бярнштэйн выдатна валодаў і тэмперай, і акрылавымі фарбамі, але цяжкая алергія не дазваляла доўга працаваць у гэтай тэхніцы. Любімым яго матэрыялам была туш. І трэба сказаць, выпрацаваная Бярнштэйнам адмысловая манера «чорным па белым» найлепш падыходзіла для настальгічнай тэматыкі яго твораў. Пра арыгінальны почырк Бярнштэйна выдатна і лаканічна сказаў яго шматгадовы сябар і паплечнік паэт Аўраам Суцкевер: «Яго чорна-белае відаць нават у цемры».
Мошэ Бярнштэйн стварыў непаўторныя творы жывапісу, малюнка і графікі. За ўсё сваё доўгае і насычанае творчае жыццё Мошэ не імкнуўся за навамоднымі павевамі. Ён заўсёды быў самадастатковы, адасоблены ў тэматыцы. Яго лічылі двойчы фанатыкам: як мастака і як паэта. Але і ў тым, і ў другім амплуа ён быў фанатыкам адной тэмы — Халакосту. Часы габрэйскага мястэчка, яго побыт, уклад апаэтызаваны гэтым вялікім майстрам з сілай, супастаўнай з творчасцю Марка Шагала.
Вялікі ілюстраваны планшэт з 12-ю арыгінальнымі работамі і 12-ю ілюстраванымі аркушамі з вершамі мастака прэзентаваў музею наш зямляк, бізнэсмэн Аўраам Харшалом, які цяпер пражывае ў г. Рышон-ле-Цыён каля Тэль-Авіва. Яго з Бярнштэйнам звязаў падобны лёс — ён бачыў сваімі вачамі жахі Асвенцыма, дзе навечна засталася ўся яго вялікая сям’я, якая жыла калісьці на вуліцы Тармасова ў Пружанах. Аўраам Харшалом з’яўляецца ініцыятарам стварэння мемарыяла памяці ахвярам пружанскага гета.
Я не забыўся. Мне не спыніцца
Шукаю твары мне знаёмыя
з дзяцінства
Шукаю іх часцінку, семіцкі
профіль тонкі
Шукаю вочы габрэйскага дзіцяці
і чую голас звонкі.
(М. Бярнштэйн «Роздумы»)