Віленскае перамір’е: як ратавацца ў сітуацыі, калі выратаванне малаімавернае

Калі пасля Кейданскай уніі 1655 года уся тэрыторыя ВКЛ была захопленая маскоўскімі войскамі, вялікі гетман Януш Радзівіл заключыў нераўнапраўны дагавор са шведамі, тыя ж шведы ўзялі асноўныя гарады Польшчы. Здавалася, вось і канец Рэчы Паспалітай. Але мы ведаем, што першы падзел Рэспублікі абодвух народаў прыпаў на 1772 год, больш чым праз сто гадоў пасля Патопу. Як жа атрымалася выкруціцца? Гэта складаная і цікавая гісторыя.

shklow.jpg

Дзесьці ў кастрычніку 1655 года цар Аляксей Міхайлавіч пачаў цьмяна здагадвацца, што вайна ідзе неяк не так, як хацелася. Быццам бы захопленыя велізарныя тэрыторыі, праціўнік у асобе ВКЛ разбіты, і раптам высвятляецца, што рускія выходзяць на мяжу з новым гігантам — Швецыяй, звязанай да таго ж дамовай з ВКЛ. Са шведамі спрабавалі ваяваць яшчэ за Іванам Грозным і вялікага задавальнення ад гэтага не атрымалі — а цяпер «паўночны леў» быў невымерна мацнейшы, чым сто гадоў таму. А раптам, праглынуўшы рэшткі Рэчы Паспалітай, ён вырашыць, што Масква стала занадта ўжо нахабнай? Больш за тое, да канца 1655 года да цара на стол трапіў арыгінал Кейданскай уніі, дзе чорным па белым было напісана, што Швецыя і ВКЛ заключаюць саюз «per potentiam hostilem oppressione» (прыгнечаныя варожай магутнасцю). А хто быў гэты магутны вораг, супраць якога аб’ядноўваліся дзяржавы, здагадацца было проста: відавочна не Іспанія і не Англія.
Значыць, са Швецыяй можа быць вайна. Значыць, патрэбныя саюзнікі. Напрыклад... Рэч Паспалітая. Ну і што, што яшчэ ўчора актыўна забівалі адно аднаго, сёння ў краін могуць быць агульныя інтарэсы.
І так лічыў не толькі цар. Ужо ў кастрычніку 1655 года ў Маскве з’явіліся нячастыя госці, паслы Святой Рымскай імперыі Алегрэцi і Лорбах. Той факт, што на флангу іх каталіцкай імперыі раптам замест аслабленай каталіцкай (у асноўным) Рэчы Паспалітай раптам паўстане магутны пратэстанцкі калос Швецыі, аўстрыйцаў не задавальняў ніяк. Сам імператар Фердынанд III захацеў быць пасярэднікам паміж каралём Янам Казімірам і Аляксеем Міхайлавічам і, калі атрымаецца, накіраваць царскія войскі на шведаў. Аргументы паслоў былі часам даволі смешнымі — напрыклад Алегрэцi са слязьмі ў голасе расказваў, што бачыў у Канстанцінопалі ў турэцкага султана рускіх і палякаў, якіх прадаюць на адных і тых жа рабскіх рынках, а гэта значыць, што Масква і Рэч Паспалітая — нешта кшталту братоў навек. Так, гэта даволі слабенькая аргументацыя. Але сама сітуацыя была такая, што мір быў сапраўды патрэбны, і 20 снежня маскоўскі ўладар даў згоду і спытаў аб канкрэтных артыкулах мірнай дамовы, а то «ў цара войска сабраныя шматлікія, і без справы трымаць іх стратна». Калі цар напышліва адзначыў, што Ян Казімір збег у Сілезію, пазбавіўся Кракава і Варшавы, паслы яхідна адказалі, што з паўстагоддзя таму рускі цар таксама быў без Масквы, і што?
У красавіку 1656 года да цара прыехаў Пётр Галінскi, пасол ужо ад самой Рэчы Паспалітай. Паводле яго слоў, Карл Х Шведскі ўжо паабяцаў Радзівілу (да таго часу, дарэчы, нябожчыку, але хто звяртае ўвагу на такія дробныя дэталі) усімі сіламі вярнуць землі ВКЛ, занятыя рускімі, аж да Смаленска і нават схадзіць паходам на саму Маскву. Адначасна Галінскi сціпла папрасіў цара вярнуць усе землі, што паспелі захапіць рускія за два гады вайны. І даволі цынічна заявіў, што прасіць лепш шмат, таму што потым весялей будзе гандлявацца. Цар палічыў аргументы лагічнымі. Галоўным вынікам перамоваў стала тое, што Аляксей Міхайлавіч пагадзіўся на пасольскі з’езд у адным з памежных гарадоў, а да таго паабяцаў спыніць ваенныя дзеянні. Горадам, дзе трэба было дамаўляцца, стала захопленая ў мінулым годзе Вільня. Але галоўнае было, па сутнасці, ужо зроблена: не чакаючы вынікаў перамоў і нават іх пачатку, цар загадаў 15 мая выступіць на шведаў. Вайна паміж дзяржавамі, якія да таго рвалі на часткі Рэч Паспалітую, была канчаткова вырашаная. Гэты, па сутнасці, авантурыстычны ход выклікаў велізарнае здзіўленне ў саюзніка і новага падданага цара, пастарэлага льва Багдана Хмяльніцкага. Але да таго, здзіўляецца гетман ці не, рускім справы не было, і адна армія рушыла да Заходняй Дзвіны, а другая — у Лівонію. Чаго цар хацеў гэтым дамагчыся, наогул незразумела: да сапраўды важных пунктаў (тым, якія Швецыя захапіла ў Масквы падчас Смуты) ён адправіў нікчэмныя сілы, якія сваіх задач наогул не выканалі.
Яшчэ адной мэтай цара было дамагчыся выхаду да Балтыйскага мора. Аляксей Міхайлавіч вёў сябе, па сутнасці, як дзіця, якое пакінулі без нагляду побач з вялікай каробкай цукерак: хапаўся за ўсё смачнае адразу. Звычайна нічым добрым гэта не заканчваецца.
Аднак задумаўшы гэтыя авантурыстычныя планы, рускія не забывалі і пра рэальныя пытанні. Напрыклад, спрабавалі на будучых перамовах выцягнуць сабе ў Рэчы Паспалітай усё ВКЛ, ды яшчэ каб грошай заплацілі.
Нарэшце цар выдаў самае сваё галоўнае жаданне: матывуючы тым, што ў Яна Казіміра няма дзяцей, Аляксей Міхайлавіч велікадушна прапанаваў замяніць каралю такіх і стаць пасля яго смерці кіраўніком як ВКЛ, так і Польшчы. Заадно дадаючы, што ён можа дапамагчы Яну Казіміру стаць каралём шведскім, але толькі без Лівоніі. Наогул узнікае адчуванне, што цару было ўсё роўна, што прапаноўваць, як калі б ён зусім не лічыў Рэч Паспалітую вартай рэальных прапаноў. Заадно маскоўскі ўладар прапанаваў прускаму курфюрсту таксама перайсці да яго пад руку, але той адмовіўся, матывуючы тым, што трэба спачатку параіцца... з галандцамі, якія былі традыцыйнымі саюзнікамі Прусіі.
Стаўленне цара да Рэчы Паспалітай як да чагосьці ўжо практычна няіснага было фатальным самападманам. Да лета 1656 года большая частка Польскага каралеўства была ўжо вольная ад шведаў, войскі Яна Казіміра павялічваліся з кожным днём, а кароль Швецыі быў вымушаны ўступіць у саюз з Брандэнбургам, каб разам разграміць тых, якія яшчэ год таму ахвотна здаваліся яму самі.
ВКЛ таксама рыхтавалася да перамоваў. Ні пра якое «аддаць усе тэрыторыі» і гаворкі быць не магло, аддаць былі гатовыя толькі Смаленск, з правам шляхце на гэтай тэрыторыі захоўваць свае ўладанні цягам трох гадоў, каб яна паспела гэтыя землі прадаць. Запарожскае войска Хмяльніцкага меркавалася вярнуць у склад Рэчы Паспалітай.
Асноўным матывам прадстаўнікоў ВКЛ было тое, што для Расіі важны выхад да Балтыкі, і дзеля яго яна можа адмовіцца ад не такіх карысных зямель Княства, пераключыўшы ўвагу на шведаў. Разам з тым, пераконваць цара, што тэарэтычна ён можа стаць уладаром Рэчы Паспалітай, не спяшаліся — для пачатку вырашылі празандаваць, на якія канкрэтна саступкі гатовы пайсці Аляксей, калі ўсё ж абяцаюць трон. Аб спадчынных правах рускага цара і яго нашчадкаў на Рэспубліку абодвух народаў, зрэшты, і гаворкі быць не магло.
Да канца лета рускія ўсяляк зацягвалі перамовы, і на тое была прычына. Экспедыцыйны корпус царскіх войскаў аблажыў Рыгу, і вестка пра яе ўзяцце павінная была рэзка ўзмацніць пазіцыі маскоўскага боку, бо патрэба ў саюзніку ў выпадку падзення аднаго з галоўных гарадоў усходняй Балтыкі моцна змяншалася. Але Рыга ўсё не здавалася, і цар з дарадцамі, каб не спудзіць контрагента, пайшлі на значныя саступкі Рэчы Паспалітай, пагадзіўшыся вярнуць велізарныя тэрыторыі, уключаючы ўласна Вільню.
Умовы пагаднення, названыя Resolutio categorica, былі прынятыя на нарадзе з сенатарамі Рэспублікі 5 кастрычніка 1656 года. У выпадку звычайнай мірнай дамовы Расіі адыходзілі землі ВКЛ на ўсход ад Заходняй Дзвіны, але Лівонія заставалася за Рэччу Паспалітай, гэта значыць выхаду да Балтыкі рускія не атрымлівалі.
У выпадку абрання на трон Рэчы Паспалітай Аляксея Міхайлавіча або іншага Раманава сітуацыя мянялася. Напрыклад, калі б бакі дамовіліся аб прызнанні расійскага царэвіча будучым каралём, ён мусіў бы быць аддадзены на выхаванне каралеўскай сям’і ў Польшчу на сем гадоў, а Рэч Паспалітая атрымлівала пры гэтым restitutio ablatorum — безумоўнае вяртанне ўсіх зямель, занятых у 1654–1656 гадах, плюс аднаўленне каралеўскага кіравання над Запарожскім войскам. І пераход будучага цара/караля ў каталіцкую веру.
10 кастрычніка ўмовы былі перададзеныя расійскаму боку. Незразумела, на што разлічваў цар, але прывід трона велізарнай дзяржавы, мабыць, засланіў ад яго рэальнасць, і ён пагадзіўся. 23 і 24 кастрычніка дагавор нарэшце быў падпісаны, Віленскае перамір’е ўступіла ў сілу. Бакi спынялі ваенныя дзеянні і дамаўляліся разам біць шведаў і Брандэнбург. Умовы, на якіх цар станавіўся каралём Рэчы Паспалітай, выразна вызначаныя не былі — і, як высветлілася, не былі вызначаныя ўжо ніколі. У тых умовах цар і яго атачэнне разлічвалі, што новы саюзнік зваліцца ім пад ногі сам, але страшна недаацанілі магчымасцяў Рэспублікі. У выніку ваенныя дзеянні паміж дзвюма краінамі аднавіліся ўжо ў 1658 годзе. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...
Паводле budzma.by