Што будуць вывучаць на «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» замест «Гісторыі Беларусі»?

У інтэрнэце з’явілася тыпавая вучэбная праграма па дысцыпліне «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Ад наступнага года гэты прадмет заменіць ва ўніверсітэтах абавязковы курс «Гісторыі Беларусі».

2bf0ed76_dc6d_44c9_a444_175bbe2fb357_cx0_cy88_cw0_w1023_r1_s.jpg

Распрацоўшчыкамі праграмы сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў і гісторык Ігар Марзалюк, дэкан факультэта філасофіі БДУ Вадзім Гігін, былы міністр адукацыі Пятро Брыгадзін, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі, а таксама прарэктар БДУ Сяргей Ходзін.
Найперш варта адзначыць, што гэта будзе большы курс — 54 гадзіны. Яшчэ столькі ж вызначана на самастойнае вывучэнне студэнтамі. На сёння «Гісторыя Беларусі» чыталася ў аб’ёме 34 гадзіны. Такім чынам, колькасць гісторыі ў вну ўзрасце ў паўтара раза. Гэта будзе зроблена ў тым ліку за кошт таго, што з абавязковай праграмы вну выкрасляць педагогіку і псіхалогію.
Якія ж новаўвядзенні будуць у праграме «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»? Не будзе асобнага раздзела, прысвечанага першабытнаму грамадству на тэрыторыі Беларусі. Мабыць, лічыцца, што культуру штрыхавой керамікі вучні засвойваюць яшчэ ў школе.
У большым аб’ёме плануецца вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, але, магчыма, гэта толькі таму, што няма самастойнага раздзела пра Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай. Найхутчэй, тэмы проста аб’ядналі. На гэта аддаецца чатыры гадзіны + чатыры гадзіны на самастойнае вывучэнне.
Столькі ж студэнты будуць вывучаць перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Шмат месца надаецца гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў 1917 — 1939 гады. Адводзіцца там месца і для БНР.
Па чатыры гадзіны без уліку самастойнай работы будзе ў перыяда Другой сусветнай вайны (будзе называцца Вялікай айчыннай), БССР і сучаснай Беларусі.
Другі раздзел прадмета будзе называцца «Асновы дзяржаўнага ладу Беларусі». Тут па дзве гадзіны аддадуць на Канстытуцыю Беларусі, кіраўніка дзяржавы, урад, заканадаўчую і судовую галіны ўлады, рэгіёны Беларусі і палітычныя партыі. На кіраўніка краіны яшчэ даецца чатыры гадзіны для самастойнага вывучэння, то бок агулам шэсць гадзін.
Ну і апошні раздзел курса будзе мець назву «Беларусь на сутыкненні культур і цывілізацый». Асобныя лекцыі будуць прысвечаныя этнагенэзу беларусаў і назве краіны, народам і рэлігіям Беларусі, дзяржаўным сімвалам, сацыяльна-эканамічнай мадэлі нашай краіны і месца Беларусі ў геапалітычнай прасторы.
Па вялікім рахунку нічога з таго, што цяпер выкладаецца ў курсе «Гісторыі Беларусі» ў вну, не выкінута, а вось дададзеная палітычная гісторыя. Чаго істотна паболела, дык гэта Беларусі на яе сучасным этапе. Падручнікаў па «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» пакуль няма.
Зміцер Панкавец, «Наша Ніва»