З рэпам па рок-хваляХ

Добра, што на айчыннай рок-сцэне плённа працуе такі салідны і рознабаковы выканаўца, як Аляксандр Памідораў. То ён вылучаецца як рэпер, які можа стварыць сапраўдны «Цуд на Каляды», то ён чытальнік і інтэрпрэтатар вершаваных радкоў Францішка Багушэвіча («Немец». Разам з Лявонам Вольскім), то ён фестывальны вядучы, то рэкламны піяршчык.



6ea3f1874b188558fafbab78e8c3a968.JPG

Добра, што на айчыннай рок-сцэне плённа працуе такі салідны і рознабаковы выканаўца, як Аляксандр Памідораў. То ён вылучаецца як рэпер, які можа стварыць сапраўдны «Цуд на Каляды», то ён чытальнік і інтэрпрэтатар вершаваных радкоў Францішка Багушэвіча («Немец». Разам з Лявонам Вольскім), то ён фестывальны вядучы, то рэкламны піяршчык.
Але перад усім, Аляксандр Памідораў — выдатны рок-музыкант і вакаліст. Пра гэта сведчыць удзел яго кампазіцый у шматлікіх музычных праектах: ад «Незалежных» да юбілейных «20 гадоў — 20 гітоў». І паўсюль яго драйвавыя кампазіцыі, якія наўпрост вядуць своеасаблівы дыялог са слухачом (успомнім яго актуальную рэп-чытанку «Быць беларусам»), не пакідаць слухачоў абыякавымі. На жаль, у музыканта не так шмат сольных дыскаў. Успамінаецца толькі яго рускамоўны дэбютны дыск пад назвай «П’яныя госці» (1997) і прагрэсіўны для ўсёй тагачаснай беларускай рок-музыкі альбом «Сьвята пакрадзенае» (2002) Цяпер фірмай «Вігма» выдадзены чарговы альбом Аляксандра Памідорава і яго гурта «POMIDOR/OFF» пад загадкавай назвай «ПАТАС/ ПОПС /ПРАПАГАНДА».
Трэба адзначыць, што аранжыроўкі выканаўцы і яго паплечнікаў, хоць і ствараліся для «цяжкага» гурта, падаюцца свежымі і разнастайнымі. Тут на дыску ўвагу слухачоў прыцягнуць драйвавыя, насычаныя сацыяльнымі тэмамі і сімваламі кампазіцыі «Ну і што», «Адзін», «Кола», гратэскныя «Шабаны», мараканічная балада «Італьяна», у якой побач роднай мовай выкарыстоўваюцца італьянскія словы. Гэтыя творы аранжыраваныя з выкарыстаннем элементаў хард-кор-панка, хард-рока і рэпа. Стылістычная куламеса пасуе творчай асобе Памідорава і гурту «POMIDOR/OFF», які ўжо шмат гадоў эксперыментуюць з экстрэмальным гукам. Адзначу, што ў гэтых стылістычных рамках сустракаюцца і арыгінальныя рэчы, кшталту «Дыска», у якіх выкарыстаны рэперскае чытанне тэксту, дыска-рытм, усходнія меладычныя хады.
Нельга не адзначыць, што лірыка Аляксандра насычана алюзіямі на беларускую рэчаіснасць, у яго радках вельмі прафесіянальна выкарыстаны разнастайныя вершаваныя прыёмы, а тэксты напоўнены сацыяльным кантрапунктам, гратэскам і гумарам. Тое набліжае талент Памідорава да такіх грандаў айчыннай рок-паэзіі, як Лявон Вольскі. Бадай адной з самых хвалюючых кампазіцый на прадстаўленым дыску трэба назваць песню «Дым», створаную пад уплывам важных і драматычных падзей у грамадскім жыцці краіны:
Гэта тата, гэта мама
Гэта «Мроя», гэта «Крама»
Гэта срэбра, золата ці бронза,
Хочаш лётаць, можаш толькі поўзаць...

Але і на такую сітуацыю Памідораў рады адгукнуцца сатырычным радком («Радыё 20.12.2010»):
Ніхто нікога не цягне за каўнер
Пануе ціша, зоры на небе светлафораў вышэй.
Як людзі кажуць: лахі пад пахі,
Закусвае снегам
Снайпер на даху.

Безумоўна, новы і доўгачаканы альбом рокера і рэпера Аляксандра Памідорава і гурта «POMIDOR/OFF» папоўніць калекцыі прыхільнікаў айчыннай рок-музыкі не толькі таму, што гэта альбом экстрэмальны па музыцы, а і таму, што стварылі яго людзі шчырыя, неабыякавыя і музычна адукаваныя. У гэтым бачыцца цымус новага альбома Памідорава «ПАТАС/ ПОПС/ ПРАПАГАНДА».
«71» — лічба шчаслівая!


Пасля таго, як беларуская рэп-сцэна спазнала выбуховы ўзлёт і такі ж імклівы анабіёз (як сцвярджаюць музыканты — часовы) праекта «Чырвоным па белым», слухачы задаліся пытаннем: хто ж сёння можа звацца лідарам гэтага напрамку незалежнай беларускай музычнай культуры? Былі розныя варыянты адказаў на гэта пытанне, але патрэбны былі і важкія аргументы ад прэтэндэнтаў. Такім аргументам ад суполкі маладых чытальнікаў рэпа з Вілейкі, якія назвалі свой праект «PANANIEBA», стаў дэбютны альбом з мележаўскімі алюзіямі «Людзі на балоце». Гэтая кружэлка ажывіла цікаўнасць маладых беларусаў да рыфмаў і бітаў у інтэрпрэтацыі айчынных выканаўцаў.
Узрушаныя поспехам іх першага альбому ўдзельнікі «PANANIEBA» — рэперы SP KAVA, S’VIEDAK — вырашылі працягнуць свае пошукі, а заадно падмацаваць свае лідзіруючыя амбіцыі. Такім працягам стаў чарговы альбом «PANANIEBA» пад назвай «71». Нягледзячы на лічбы, шыфр назвы новай працы гурта, можна здагадацца, што гэта тэлефонны код роднага горада рэпераў Вілейкі, якія гэткім чынам аддалі даніну павагі і рэспекту малой радзіме рэпераў.
Як можна прадугледзіць з дыялектыкі развіцця падзей, новы альбом, у немалой ступені, з’яўляцца працягам папярэдняй праграмы выканаўцаў. Але ёсць тут і новае: больш разнастайныя біты, як у кампазіцыі «Шукаю выйсце», якую вілейчукі выканалі разам са сталічным рэперам Zeman’ам, «Становімся мацней», «На віражах». Але не толькі гукавое суправаджэнне прыцягне ўвагу слухачоў дыска. Тут пададуцца вельмі дарэчнымі і лірычныя вобразы, што ў запасе SP KAVA, S’VIEDAK. Яны тычацца жыцця іх маладых суграмадзян, лёсу роднай Беларусі і іх малой радзімы.
Сустракаюцца на дыску і цікавыя эксперыменты. Перш за ўсё адзначым кампазіцыю «Трываю», якая створана на словы Аляксандра Кулінковіча («Neuro Dubel»). Атрымаўся драйвавы рэп пад рок-рыфы гітарыста Тараса Апарыка (гурт «Планета ўсіх»). А вось спецыфічную па тэматыцы і гукавому аздабленню кампазіцыю «PANANIEBA» пад назвай «Буйкі» ўпрыгожыла сваім чыстым дзявочым голасам пакуль невядомая вакалістка Natalika, якая на другім альбоме змяніла харызматычную і пазнавальную спявачку Караліну Хэмеенез з Маямі.
Традыцыйная частка праграмы новага альбома можа быць прадстаўлена кампазіцыяй «Мой раён», у якой размова вядзецца пра складаныя «раённыя» ўмовы жыцця такой новай субкультуры, як беларускія рэперы, і кола іх прыхільнікаў.
Музыкантам «PANANIEBA» здаецца, што сваёй кружэлкай яны агучылі амаль усе хвалюючыя іх праблемы, і таму ў іх узнікае жаданне развітацца на адпаведнай ноце: кампазіцыя «Гэта не ўсё» быццам бы абяцае новыя сінглы, трэкі, кружэлкі вядомай рэп-суполкі. Прынамсі, музыканты заклікаюць чакаць новых, сацыяльна завостаных вобразаў, небанальных лірычных тэм і свежых паэтычных рыфмаў.
Фолк жыве, калі яго спяваюць дзеці!


На айчыннай фолк-сцене ўжо шмат гадоў існуе ўнікальны калектыў — дзіцячы фальклор-тэатр «Госьціца», якім кіруе таленавіты педагог і энтузіяст народных спеваў Ларыса Сімаковіч. Вядомасць гурту прынеслі шматлікія філарманічныя і камерныя канцэрты, выступленні на радыё і па тэлебачанню, гастролі за мяжой. Нямала для стварэння іміджу калектыву спрычыніўся і першы дыск гурта, які вядомы пад назвай «Пералёт-трава» (2004). І вось удзельнікі «Госьціцы» радуюць сваіх прыхільнікаў чарговай фанаграфічнай навінкай — дыскам «…І куды што падзелася?», на якім запісаны архіўныя творы калектыву, якія рабіліся на працягу 1985–2006 гадоў.
Гістарычная накіраванасць дыска выявілася ў тым, што на ім запісаны дзіцячыя спевы многіх вядомых сёння артыстаў, выканаўцаў фальклору. Такіх, як Жэня Любец і Валерыя Валадзько, Ян Жанчак, які тады шчыра па-дзіцячаму спяваў фальклорныя творы «Ездзіла Каляда з канца ў канец», «Як пайду з кута на лаўках» і шмат іншых. Таксама на дыску сустракаюцца імёны дзетак, якіх вядомыя бацькі аддалі дзеля музычнага выхавання ў тэатр «Госьціца», даверылі лёс іх талента спадарыні Ларысе Сімаковіч. На дыску спяваюць Ілона Афанасьева, Алесь Жура, Радуся Вячорка, а таксама Дар’я Турбіна, Аксіння Лапцёнак, Наста Саўчанка, Міхась Лыцін, Жана Аксёнчык...
35 трэкаў утрымліваюць цэлую музычную энцыклапедыю, якую задумалі і ажыццявілі кіраўніца і ўдзельнікі фальклор-тэатра «Госьціца». Бо пасля шчадровак, тут прадстаўлена песеннае гуканне вясны, юраўскіе і купальскія песні, бытавыя і лірычныя спевы. Усе гэтыя музычныя шэдэўры, якія складаюць беларускую народную песенную спадчыну, з любоўю аранжыраваныя для дзіцячых галасоў, іх меладычная канва поўнасцю заглыблена і адпавядае нацыянальнаму музычнаму генатыпу. Таму і слухаецца дыск з захапленнем і ўспрымаецца арганічна ў выкананні дзяцей.
«Дзіцячы альбом», дыскі «З Новым годам» Сідаровіча і Матафонавай, «Цацачная крама» Вайцюшкевіча, а цяпер і альбом «Госьціцы» «...І куды што падзелася?» сталі сапраўдным метадычным дапаможнікам для кіраўнікоў фальклорных гурткоў па ўсёй краіне. Бо вопыт творчай працы з дзіцячымі калектывамі прыходзіць толькі праз гады творчых эксперыментаў, знаходак і згубаў. Кіраўніца «Госьціцы» Ларыса Сімаковіч мае такі досвед і шчыра дзеліцца ім з іншымі педагогамі, зацікаўленымі ў захаванні і развіцці нацыянальнага фальклору.