Згарэў найбуйнейшы драўляны храм Украіны

У Святагорскай лаўры згарэў найбуйнейшы драўляны храм. Зяленскі пасля пажару ў храме з-за абстрэлаў рускага войска заявіў, што РФ не месца ў ААН і ЮНЕСКА.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае рэакцыі ААН і ЮНЕСКА

Уладзімір Зяленскі заявіў, што чакае рэакцыі ААН і ЮНЕСКА

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заклікае Арганізацыю Аб'яднаных Нацый і ЮНЕСКА выгнаць са сваіх шэрагаў Расію як дзяржава-тэрарыста, якая знішчае гістарычныя помнікі і сацыяльную інфраструктуру ва Украіне.

Сёння, 4 чэрвеня, расійская артылерыя зноў ударыла па Святагорскай лаўры Данецкай вобласці. Пажарам знішчаны Усіхсвяцкі скіт, які быў асвечаны яшчэ ў 1912 годзе. Упершыню скіт разбурылі ў часы савецкай улады. Пасля адбудавалі. І вось цяпер драўляны храм спаліла руская армія. Знішчэнне драўлянага храма пацвердзіла Украінская праваслаўная царква, якой належыць лаўра.

1 чэрвеня рускія снарады разарваліся прама ў келлях манахаў лаўры. Чатыры чалавекі загінулі, яшчэ чацвёра былі цяжка параненыя. Святагорск знаходзіцца пад агнём яшчэ з траўня.


Уладзімір Зяленскі сказаў:

«Акупанты дакладна ведаюць, які аб'ект абстрэльваюць. Яны ведаюць, што на тэрыторыі Святагорскай лаўры няма ваенных цэляў. Ведаюць, што там хаваюцца ад баявых дзеянняў каля 300 цывільных чалавек, у тым ліку 60 дзяцей. Але ўсё роўна расійская армія абстрэльвае лаўру, як і ўвесь Данбас. Як і любую іншую тэрыторыю і любы іншы аб'ект Украіны, да якога можа дацягнуцца. Ім усё адно, што менавіта ператвараць у руіны.

31 траўня Вярхоўная Рада Украіны звярнулася да ЮНЕСКА з патрабаваннем пазбавіць Расію сяброўства ў арганізацыі. Украінская дыпламатыя паслядоўна працуе над гэтым. Ніводная іншая дзяржава, акрамя Расіі, не знішчала ў Еўропе столькі помнікаў, культурных і сацыяльных аб'ектаў за ўвесь час пасля Другой сусветнай вайны.

Кожная спаленая Расіяй ва Украіне царква, кожная падарваная школа, кожны разбураны мемарыял даказвае, што Расіі не месца ў ЮНЕСКА. Аб чым можна размаўляць з дзяржавай-варварам, з дзяржавай-тэрарыстам? Пра тое, якімі артылерыйскімі снарадамі лепш знішчаць гістарычную спадчыну?

Мы чакаем лагічны і справядлівы адказ ад ААН і ЮНЕСКА. Гэта арганізацыя Аб'яднаных Нацый, і яе статут не прадугледжвае аб'яднання з тэрарыстамі. Ізаляцыя Расіі павінна быць поўнай, яна павінна адказваць за свае злачынствы».



Зрэшты, расійскія СМІ заявілі, што храм падпалілі ўкраінскія войскі, якія адступалі. Нашто ўкраінцам было падпальваць храм, не тлумачыцца.

Паводле www.pravda.com.ua, korrespondent.net