Зміцер Вайноўскі: “Спагнанне ў канцы з кожнага будзе індывідуальнае”

Здаецца, яго твар часцей усміхацца, чым наадварот: даўно хацелася пацікавіцца, чаму ён такі бясконца шчаслівы. Што такое «чыстае жыццё», пра якое ён любіць пагаварыць? Якія пытанні трэба задаваць сабе з раніцы, каб пражыць дзень «на светлым баку»? Колькі гадзін у дзень трэба насамрэч працаваць? Як пахне цела па-сапраўднаму чыстай жанчыны? У чым палягае найвышэйшы пілатаж духоўнасці, ведае Зміцер Вайноўскі, рэкламіст і проста шчаслівы чалавек. Гутарка з ім — у рамках чарговага інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”.



kpz_v.jpg

— Мы ствараем сябе штодня. Усё, што мы думаем, кажам, што робім, нават тое, што мы ямо — гэта пазл, які фарміруе наша Я. Кожную раніцу мы прачынаемся і збіраем сябе па кавалачках. Пытанне толькі ў тым, чым мы напаўняем сябе? З чаго кожны з нас пачынае сваю раніцу? Ты ўключаеш тэлевізар і даведваешся пра апошнія навіны? Ці ты пачынаеш раніцу з цішыні і медытацыі, задаеш сабе самыя галоўныя пытанні: хто ты, куды рухаешся і якую мэту пераследуеш?

— Раніца практычна кожнага чалавека пачынаецца з кавы і навін…

— Так, чалавек прачынаецца, ідзе на кухню, уключае тэлевізар і пачынае гатаваць сняданак. А ў навінах з раніцы паказваюць самыя рэйтынгавыя сюжэты: кагосьці расстралялі, узарвалі, абрабавалі. Чалавек можа не канцэнтраваць увагу на навінах, яны ідуць фонам, але свядомасць ўсё роўна паглынае гэтую інфармацыю, аналізуе яе і выпрацоўвае да яе сваё стаўленне. Затым — першая цыгарэта. Кубак кавы. Перапоўнены грамадскі транспарт… Чалавек з самай раніцы загружае сябе інфармацыйным смеццем і негатывам — гэта тое, што будзе фарміраваць яго свядомасць. З такім настроем ён будзе жыць сённяшні дзень. Але калі ты прачнуўся і думаеш пра духоўнае, твой дзень будзе напоўнены менавіта ім.

— З чаго пачынаецца ваша раніца?

— Я ўстаю ў 4 гадзіны раніцы, прымаю душ, пасля раблю невялікі шэраг дыхальных практыкаванняў, каб ледзь-ледзь разагрэць цела і збіць фантом сну. Потым добра праветрываю памяшканне і дзве гадзіны займаюся медытацыяй. Пасля гэтага раблю паглыбленую ёгу з больш складанымі практыкаваннямі. Часам займаюся гімнастыкай. Пасля гэтага ў 09:00 — сняданак.

— На чым палягаюць вашы правілы чыстага жыцця?

— На чатырох галоўных прынцыпах, якімі я кіруюся кожны дзень: не ем мяса, не ўжываю ніякіх таксінаў (ні чаю, ні кавы, ні алкаголю, ні наркотыкаў, ні цыгарэт), не вяду бязладнае палавое жыццё (у Ведах гэта называецца «незаконнымі сэксуальнымі сувязямі») і чацвёртае — абавязкова медытую дзве гадзіны ў дзень. Любая чалавечая актыўнасць павінна супадаць з фазамі актыўнасці сонца. Гэтыя правілы дазваляюць мне жыць чыстым жыццём.

budzma.org__wp_content_gall_0c6e0d068d7650bc4c2a775b2a2fa210.jpeg

— Як вы даведаліся пра гэтыя правілы?

— Я вывучаю Аюрведу, што ў перакладзе з санскрыту азначае «навука жыцця і даўгалецця» (старажытнае мастацтва паўсядзённага жыцця ў гармоніі з прыродай і яе законамі) і захапляюся ведыйскай філасофіяй. Веды — гэта самыя фундаментальныя веды, у якіх ёсць абсалютна ўсё: як ствараліся планеты, якая энергія нам патрэбная, дзе ключы да чыстага жыцця, чаму ўсё ў свеце адбываецца так, як адбываецца, як нарадзіўся чалавек і навошта мы існуем. Гэта ўсё вельмі займальна, праўда, сучаснага чалавека рэдка цікавяць такія пытанні. Калі яго нешта турбуе, прасцей збегаць у аптэку і купіць пару таблетак замест таго, каб пашукаць інфармацыю, пачытаць пару артыкулаў і зразумець, як усё ўладкавана хаця б у нашым арганізме…

Галоўнае чалавечае невуцтва палягае ў тым, што мы не ведаем элементарных рэчаў: напрыклад, калі трэба ўжываць ежу, у колькі трэба ўставаць раніцай і ў колькі адыходзіць да сну.

— Нават прымаць ежу трэба згодна з фазамі актыўнасці сонца?

— Так, асноўны прыём ежы павінен адбывацца ў перыяд з 10 да 2 гадзін дня і супадаць з найбольшай сонечнай актыўнасцю. У гэты прамежак часу страваванне працуе найбольш актыўна: ты не марнуеш ўласную энергію на пераварванне ежы, гэта адбываецца натуральна.

Перапынак паміж ежай павінен быць 4–5 гадзін. Растлумачу, чаму: пасля першага этапу стрававання працэс пераварвання задзейнічае печань і падстраўнікавую залозу. А ўявіце, што ў гэты самы час вы яшчэ нешта закідвалі ў страўнік. Што робіць арганізм? Ён не можа ігнараваць новую ежу: кідае пачатую справу і пачынае пераварваць тое, што зноў паступіла ў страўнік. Гэта вельмі шкодна для арганізма. Па-першае, адбываецца інтаксікацыя. Па-другое, арганізм перанапружваецца і наша энергія выдаткоўваецца дарэмна.

budzma.org__wp_content_gall_1bcfa050c4459af552b8e3dbd04c18fa.jpeg

— Жыццё сёння вельмі дынамічнае, няўжо ў вас атрымоўваецца есці па гадзінах?

— Здароўе і добрае самаадчуванне вельмі важныя для таго, каб весці дынамічны лад жыцця! У 9 гадзін трэба абавязкова паснедаць, каб у 10 гадзін, калі агонь стрававання пачынае гарэць, ежа ўжо была ў страўніку, гатовая да працэсу пераварвання. Я праводжу сваю раніцу свядома, і пасля гэтага я бадзёры і гатовы да працы. Далей у мяне ідзе працоўны дзень. У 2 гадзіны я абавязкова спыняюся на абед. Працаваць трэба не больш за пяць гадзін у дзень, тады энергія не будзе растрачвацца дарма і гармонія ўнутры будзе захоўвацца. Сучасны чалавек падобны на восліка, які ідзе за морквай і больш нічога не бачыць: наўючаны, надрываецца, ў поце зарабляе грошы. Але такая ахвяра нічым не апраўданая.

Як і а якой гадзіне звычайна заканчваецца ваш дзень?

— Увечары я звычайна праглядаю сацыяльныя сеткі, адсочваю, што адбываецца па маёй працы, трохі перапісваюся з сябрамі і калегамі. Я заўсёды кладуся спаць з 8 да 10 гадзін вечара — гэта залежыць ад часу года і загружанасці майго працоўнага дня. У Аюрведзе гаворыцца, што наша нервовая сістэма адпачывае менавіта ў часовы прамежак з 10 да 12 гадзін вечара. Калі ў гэты час чалавек яшчэ не спіць — і не спіць дзень, месяц, год, 20 гадоў — у целе назапашваецца стомленасць, здараюцца неўрозы, нервовая сістэма перастае правільна працаваць, з раўнавагі выходзяць і ўсе астатнія сістэмы арганізма.

Увечары, перш чым класціся спаць, важна падрыхтаваць сваю свядомасць да сну. Перад сном я заўсёды чытаю духоўную літаратуру. Яна дазваляе мне адключыць свядомасць ад навакольнага свету і атрыманай за дзень інфармацыі.

Калі ты прыцягваеш свой інфармацыйны груз ў сон, то будзеш зноў і зноў пераварваць яго, свядомасць не адпачне, а раніцай ты прачнешся яшчэ больш стомленым, чым засынаў. Зноў уключыш тэлевізар, зноў кавы — і так усё жыццё па крузе.

budzma.org__wp_content_gall_ef37cce54ca89afe441fd1b088856524.jpeg

— Большасць жыве так з дня ў дзень. Што падштурхнула вас змяніць сваё жыццё?

— І я таксама так жыў да нейкага моманту. У мяне была досыць бурная маладосць: шмат грошай, вечарынак, жанчын, тусовак — я шмат усяго паспрабаваў … А потым наеўся, і пытанні пра сэнс жыцця і маім у ім прызначэнні сталі хваляваць мяне куды больш.

Зрэшты, мне і раней увесь час здавалася, што тое ранейшая жыццё — гэта ўсё «не тое». Я шукаў чагосьці большага. Аднойчы я зразумеў, што мне важна не імгненнае дасягненне, а звышмэта. Я хачу жыць сваім жыццём: пазнаваць свет праз уласныя ўнутраныя адчуванні, а не праз чужыя навязаныя словы і забабоны.

— Цяпер усё, што адбываецца ў вашым жыцці, — гэта менавіта «тое», што трэба?

— Я адчуваю, што так. Калі ты пачынаеш жыць чыстым жыццём, прыходзіць адчуванне, што ў цябе ўсё атрымліваецца, ты поўны сіл, упэўнены, у цябе ёсць цвёрдасць думак і вастрыня гледжання — ты пачынаеш глядзець на свет вачыма Ведаў: бачыш, што нясе ў сабе сутнасць і што табе сапраўды неабходна.

Але, бадай, самае галоўнае тое, што я перастаў турбавацца з любой нагоды — не таму, што я стаў абыякавы, проста ўбачыў сутнасць рэчаў. Я зразумеў, у чым каштоўнасць майго жыцця, а што не мае ніякага значэння. Я адчуў і ўсвядоміў, хто ўсім кіруе ў глабальным маштабе, што сапраўды залежыць ад мяне, а што — не. Я зразумеў сваю прыродную сутнасць і пачаў рэалізоўвацца.

— Не многія могуць так упэўнена сказаць: «Я змог разгледзець сваю прыродную сутнасць». Здаецца, большасць наогул не задумваецца, навошта гэта трэба.

— Мы не хочам задаваць сабе гэтыя пытанні, таму што ад іх адны турботы. У большасці людзей пытанні «Хто я?» і «Чаму менавіта я?» схаваныя ў заднюю кішэню штаноў разам з кашальком. Мы думаем, што ўсё роўна не знойдзем адказ на іх, таму што ніхто не знайшоў, дык чаго напружвацца наогул. Усё ж і так зразумела: еш, спі, абараняйся — усе так робяць. Неспакой накаціў? Выпі, пакуры або ляж, паспі!

Мы ўвесь час ныем, што свет складаны і несправядлівы, таму нам патрэбная дапамога, каб ведаць, як у ім выжываць. Людзі займаюць пасіўную пазіцыю ў адносінах да свайго жыцця і кажуць: «Няхай спачатку зменіцца свет, і тады я таксама змянюся». А пачынаць трэба з сябе!

budzma.org__wp_content_gall_265d18bd72e132ecaeb9d1a4db6f90f1.jpeg

— Шлях да чыстага жыцця быў лёгкім?

— Не, усё гэта ўсвядоміць было вельмі няпроста. І я яшчэ толькі ў пачатку шляху, я ні ў якім разе не лічу, што чагосьці дасягнуў. Наогул кажуць, што на гэты шлях становяцца сотні тысяч чалавек, але праходзяць яго толькі адзінкі.

Асабіста мне складаней за ўсё было пачаць рана ўставаць па раніцах. Я трымаўся агульнапрынятага памылковага меркавання, што бываюць людзі-совы і людзі-жаўрукі. І я быў класічная сава: спаў да абеду ўсё сваё юнацтва, таму было вельмі няпроста мяняць распарадак дня. Лягчэй за ўсё мне было адмовіцца ад алкаголю і цыгарэт.

Я не рабіў нічога рэзка: не абсякаў масты, не казаў сябрам, што вось вазьму, усё кіну і буду чыстым. Не. Я спасцігаў усё гэта паэтапна: спачатку адмовіўся ад алкаголю, затым — ад цыгарэт, потым пайшла мясная ежа.

Пра карысць чыстага жыцця можна казаць колькі заўгодна, але, як гаворыцца, найлепшая пропаведзь — гэта асабісты прыклад. Калі ты гадамі наглядным прыкладам будзеш даказваць свае перакананні, то людзі павераць у тое, што ты кажаш.

Адносіны з жанчынамі таксама змяніліся?

— Так, цяпер, калі я стаў адкрыты ведам, у мяне цалкам змянілася стаўленне да жанчын. Да гэтага я вёў бязладнае жыццё, таму цяпер я адчуваю розніцу. Вы не ўяўляеце, што такое цела «чыстай» жанчыны, ад якой не пахне гнілым мясам і алкаголем. А для таго, каб такую ​​жанчыну атрымаць, трэба ачысціць свае смакавыя рэцэптары, толькі так ты зможаш распазнаць гэты смак: не проста смак цела, а асалоду ад духоўных зносін з жанчынай, якія не абумоўленыя ніякімі катэгорыямі. Духоўныя адносіны паміж людзьмі — гэта найвышэйшы смак жыцця.

budzma.org__wp_content_gall_50b55b2995a143a54335a654c54928f5.jpeg

— Што такое «духоўны кантакт» у вашым разуменні? А як жа душэўныя гутаркі за куфлем віна?

— У мяне няма адносінаў, якія будуюцца на тым, каб толькі пабухаць. А раней былі, вядома: алкаголь — гэта ж цэнтр «сяброўскіх узаемаадносінаў”. Гэта ж самы галоўны стэрэатып паводзін — без алкаголю будзе сумна, без алкаголю няма пра што гаварыць. Я магу і цяпер выпіць і пакурыць — гэта проста, але я не бачу ў гэтым сэнсу. Дасягнуць чыстай свядомасці і чыстага ладу жыцця значна складаней — на гэта сыходзяць гады. І мне здаецца, я нічога не страціў, кінуўшы п’янкі-гулянкі. Думаю, я стаў яшчэ больш прывабным як мужчына і як чалавек: я пазітыўны, не лаюся, не сваруся, не сярдую.

Што тычыцца духоўных зносін паміж мужчынам і жанчынай, то яны павінны будавацца на жаданні служыць іншаму — не эксплуатацыя адно аднаго, калі людзі патрабуюць: «Ты мне павінен тое і тое, таму што я дзеля цябе …», а, наадварот, — на жаданне прысвяціць сваё жыццё і служыць адно аднаму. Для гэтага неабходна працаваць са сваім эга: адмовіцца ад катэгорый «я» і «маё» — ёсць толькі «мы», і разам «мы» ствараем нешта новае. Вось гэта — сапраўдная духоўнасць. Гэта найвышэйшы пілатаж. Гэта пачуццё ні з чым не параўнаеш.

— Апошнім часам з’явілася мода на ўсходнюю духоўнасць. Як вы думаеце, ці стануць папулярнымі гэтыя ідэі і ці атрымаюць распаўсюджанне сярод беларусаў?

— Я бачу, што сёння вельмі шмат моладзі вывучае гэтыя пытанні: вучыцца жыць чыста і незалежна. Сёння гэта такі трэнд. Вельмі многія ездзяць у Індыю, вывучаюць старажытную культуру, атрымліваюць нейкі вопыт, веды. Хтосьці знаходзіць сваю крыніцу ведаў, а хтосьці працягвае жыць звыклым разбуральным жыццём. Трэба жыць не «як усе», а ўвесь час задаваць сабе пытанні: асабіста ты што зрабіў добрага? Што стварыў? Якую энергію даў гэтаму свету? Чаму ты служыў? І ўвесь час шукаць на іх адказы. Кожны сам робіць свой выбар, бо і спагнанне ў канцы з кожнага будзе індывідуальнае.

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)

budzma.org