234-ты дзень вайны ва Украіне. Ракетны ўдар па Кіеўскай вобласці, дроны-камікадзэ і поспехі контрнаступу УСУ

Расказваем, з чаго пачынаецца 234-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны.

1654414238_4566.webp


Расія працягвае тэрарызаваць украінскія гарады. Мінулай ноччу былі абстраляныя населеныя пункты ў некалькіх абласцях Украіны, уключна з Кіеўскай. У выніку, як паведамляюць украінскія СМІ, пад Кіевам разбураны крытычны аб'ект энергетычнай інфраструктуры. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр сярод людзей няма. Уладальнікаў кіеўскіх крам абавязваюць не ўключаць ілюмінацыю, вывескі і вітрыны, а жыхароў Кіева і вобласці просяць ашчаджаць электраэнергію: ужыванне электраэнергіі павінна скараціцца на 35-40%.
Абстрэлам падверглася і Запарожская вобласць. Там выбуховай хваляй пашкоджаныя 36 шматкватэрных і прыватных дамоў, аўтастаянка і ўстанова адукацыі. Чатыры ўдары былі нанесеныя дронамі, таксама расійцы запусцілі па Запарожжы яшчэ 10 ракет С-300. Інфармацыі пра ахвяр пакуль няма.
Іранскімі дронамі-камікадзэ расійцы паспрабавалі атакаваць ваколіцы Крывога Рога і Нікапальшчыны. Усе пяць дронаў былі збітыя Узброенымі сіламі Украіны, паведамляе старшыня Крыварожскай ваеннай адміністрацыі Аляксандр Вілкул. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў нядаўна заявіў, што ў Расіі ёсць каля трох соцень іранскіх дронаў. Для барацьбы з расійскімі і іранскімі БПЛА NATO збіраецца перадаць абсталяванне, якое дазволіць глушыць сігналы гэтых дронаў.
Нікапальскі раён абстрэльвалі таксама з «Градаў» і «Ураганаў», было запушчана каля дзясятка ракет па Марганцы і Добрай Надзіі. Ахвяр на дадзены момант няма.
Узброеныя сілы Украіны працягваюць адціскаць расійскую армію да правага берага Дняпра і кантралююць пераправы праз раку. Агулам за мінулую ноч над тэрыторыяй Украіны былі збітыя шэсць дронаў-камікадзэ «Shahed-136» і ўдарны верталёт. Авіяцыя УСУ нанесла 13 ўдараў па расійскіх пазіцыях, знішчыла 15 адзінак бронетэхнікі і склад з боепрыпасамі. На дэакупаваных тэрыторыях было знойдзена каля пяці соцень снарадаў да РСЗА «Град» і «Ураган», больш за сто супрацьтанкавых кіруемых ракет і супрацьтанкавых мін. Усё гэта «ў бліжэйшы час будзе накіравана па іх уладальніках найкарацейшым спосабам дастаўкі», паведамляе аператыўнае камандаванне «Поўдзень».
Паводле unian.net.