451-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы ўмацоўваюцца каля Бахмута, а УСУ ліквідавалі пагрозу акружэння

У чаканні контрнаступу ўкраінскіх войск расійцы працягваюць абстрэльваць тэрыторыю Украіны і спрабуюць узяць Бахмут.

Ваколіцы Бахмута. Фота: unian.net / libkos

Ваколіцы Бахмута. Фота: unian.net / libkos


***

За апошнія чатыры дні расійскае камандаванне, хутчэй за ўсё, перадыслакавала да некалькіх батальёнаў для ўзмацнення групоўкі ў раёне Бахмута, піша ў штодзённай зводцы Мінабароны Вялікабрытаніі.

«Улічваючы, што ў Расіі, верагодна, застанецца адносна няшмат незадзейнічаных баявых частак ва Украіне, перадыслакацыя сведчыць пра відавочную мэтанакіраванасць расійскага камандавання», — піша брытанская выведка. Расійскае кіраўніцтва, верагодна, па-ранейшаму лічыць захоп Бахмута ключавой мэтай вайны, якая дазволіць ім заявіць пра некаторы поспех у канфлікце, лічаць у ведамстве.

Тым часам украінскія контратакі ў раёне Бахмута, верагодна, ліквідавалі пагрозу акружэння сіл УСУ ў горадзе. Украінскае камандаванне намагалася прымусіць расійскія войскі вылучыць дадатковыя рэсурсы для сваёй абароны, гаворыцца ў зводцы амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

Аналітыкі спасылаюцца на словы намесніка міністра абароны Украіны Ганны Маляр. Напярэдадні яна расказала, што расійскія войскі засяродзілі большую частку сваіх рэзерваў на Бахмуцкім кірунку, што замарудзіла тэмпы наступу ўкраінскіх войскаў. Паводле яе слоў, УСУ працягваюць контратакі на паўночнай і паўднёвай ускраінах горада і прасунуліся на 500 метраў на адным флангу і на 1000 метраў на іншым.

***

Расійцы за мінулыя суткі абстралялі 21 населены пункт у Харкаўскай вобласці, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. У вёсцы Петрапаўлаўка загінуў 65-гадовы мужчына. Акрамя таго, раненне атрымаў 43-гадовы мужчына ў вёсцы Сінькоўка. У выніку абстрэлаў таксама былі пашкоджаныя восем жылых дамоў.

Агулам па тэрыторыі Украіны было нанесена 6 ракетных і 62 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснена 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведаміў у ранішняй зводцы Генштаб УСУ. Пад абстрэл, у тым ліку патрапілі Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласці, Стэпнагорск у Запарожскай вобласці, а таксама населеныя пункты Берыслаў і Зяленаўка ў Херсонскай вобласці. У выніку нападаў ёсць забітыя і параненыя, загінула дзіця, былі разбураныя жылыя дамы, медустановы і іншая грамадзянская інфраструктура.

***

Усе беспілотнікі «Shahed», з дапамогай якіх РФ атакавала Кіеў у ноч на 20 траўня, былі збітыя сіламі ўкраінскай СПА, заявіў кіраўнік вайсковай адміністрацыі горада Сяргей Папко. Паводле яго слоў, пажар на даху жылога дома ў Дняпроўскім раёне ўкраінскай сталіцы, які пачаўся з-за падзення абломкаў, ліквідаваны, у Дарніцкім раёне былі пашкоджаныя будынак СТА і прыпаркаваныя аўтамабілі, у Пячэрскім раёне пашкоджаныя вокны жылога дома, у Саломенскім раёне — дарожнае пакрыццё і аўтамабілі. «Інфармацыі пра пацярпелых пакуль не паступала», — дадаў Папко.

***

Генштаб даў справаздачу пра новыя ўдары па расійцах.

У прыватнасці, авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла 13 удараў па раёнах засяроджвання асабістага саставу і ваеннай тэхнікі РФ, а таксама 8 — па яе зенітна-ракетных комплексах.

Таксама былі знішчаныя 3 крылатыя ракеты «Калібр», 18 іранскіх ударных БПЛА «Shahed», 4 баражуючыя боепрыпасы «Ланцэт» і 10 варожых выведвальных БПЛА рознага тыпу.

Украінскія падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі адзін пункт кіравання, 7 раёнаў засяроджвання ўзбраення і вайсковай тэхнікі, два артылерыйскія падраздзяленні на агнявой пазіцыі, 6 станцый радыёэлектроннай барацьбы, склад боепрыпасаў і радыёлакацыйную станцыю ЗРК С-300.