787-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: каля 50 дронаў УСУ атакавалі Расію

Працягваюцца ўзаемныя абстрэлы тэрыторый Украіны і Расіі, прычым украінскія сілы ўсё далей прасоўваюцца па тэрыторыі РФ. Расійцы, у сваю чаргу, выкарыстоўваюць недахоп абсталявання і зброі ва УСУ, каб прасунуцца на фронце.

80889a2_ppo_gettyimages_690x387.avif

***

З-за дэградацыі ўкраінскай СПА на фронце расійская авіяцыя падтрымлівае паслядоўныя і хуткія поспехі расійцаў на зямлі, у тым ліку паблізу Часавога Яру, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW)

Ваенныя аналітыкі лічаць, што ўкраінская супрацьпаветраная абарона застаецца абмежаванай і дэградаванай, што дазваляе расійскай авіяцыі свабодна і без пагрозы дзейнічаць на пэўных крытычна важных участках фронту. 

Здольнасць расійскіх самалётаў дзейнічаць на глыбіні больш за 100 кіламетраў ва ўкраінскай паветранай прасторы паблізу лініі фронту без значных страт паказвае на тое, што ўкраінская супрацьпаветраная абарона ў гэтым раёне пакуль недастатковая, каб стрымліваць або забараняць расійскім самалётам дзейнічаць на лініі фронту. 

Украінская здольнасць наносіць удары з вялікай адлегласці па расійскіх стратэгічных самалётах, якія вядуць баявыя дзеянні, можа часова абмежаваць аперацыі расійскай авіяцыі, як гэта было зроблена раней з тактычнымі самалётамі. 

Аднак гэтая ўкраінская здольнасць наносіць удары не ў стане кампенсаваць крытычны недахоп сродкаў супрацьпаветранай абароны на ўсім тэатры баявых дзеянняў. Украінскім сілам даводзіцца вызначаць, як размеркаваць свае абмежаваныя сродкі СПА. Гэта прыводзіць да значных выдаткаў.

***

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі не выкарыстала больш за палову ваеннага фонду ў памеры 900 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, які прызначаны для Украіны, паведамляе «The Guardian»

Грошы не былі выкарыстаны з-за бюракратычных затрымак з заключэннем кантрактаў.

Міжнародны фонд для Украіны, які ўзначальвае Вялікабрытанія, налічвае дзевяць краін-донараў. Крытыкі сцвярджаюць, што ён павольна пастаўляе зброю на фронт.

З 900 млн. фунтаў стэрлінгаў, прадастаўленых урадамі за апошнія два гады, з якіх 500 млн. фунтаў стэрлінгаў паступілі ад Вялікабрытаніі, толькі 404 млн. фунтаў стэрлінгаў было выдзелена або выдаткавана.

Міністры прызналі, што частка абсталявання, прадугледжанага падпісанымі кантрактамі, не прыбудзе ва Украіну да вясны наступнага года.

Паводле слоў чыноўнікаў МА Брытаніі, затрымкі выкліканыя неабходнасцю ацаніць кожную з велізарнай колькасці абаронных кампаній, якія ўдзельнічалі ў тэндарах на атрыманне кантрактаў.

Міжнародны фонд для Украіны быў створаны ў жніўні 2022 года для фінансавання ваеннай падрыхтоўкі і абсталявання пасля расійскага ўварвання.

Ён быў распрацаваны як «гнуткі фонд з нізкім узроўнем бюракратыі», якім кіруе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ад імя выканаўчай камісіі, што складаецца з Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Даніі, Швецыі і Літвы.

***

У ноч на суботу беспілотнікі самалётнага тыпу атакавалі восем расійскіх абласцей, паведаміла Мінабароны РФ. Паводле інфармацыі расійскіх вайскоўцаў, СПА акупантаў нібыта знішчыла і перахапіла пяцьдзесят БПЛА. 

З іх дваццаць шэсць — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці; 

дзесяць — над тэрыторыяй Бранскай вобласці; 

восем — над тэрыторыяй Курскай вобласці; 

два — над Тульскай вобласцю; 

па адным — над тэрыторыямі Смаленскай, Разанскай, Калужскай і Маскоўскай абласцей.

Цэллю была энэргетычная інфраструктура, якая сілкуе аб'екты расійскага ВПК. Пасля нападаў у некаторых раёнах узніклі праблемы са святлом і водазабеспячэннем. Паводле даных крыніц «Украінскай праўды» ў ГУР і СБУ, паражаны як мінімум тры электрападстанцыі і база захоўвання гаручага, дзе паўсталі пажары.  

Губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ў выніку выбуху беспілотніка ў рэгіёне «была нязначна пашкоджана энергетычная інфраструктура».

Шапша піша, што выбух адбыўся «ў раёне электрападстанцыі». Пацярпелых, паводле слоў губернатара, няма. 

У Грайваронскай гарадской акрузе ў выніку скіду двух выбуховых прылад з беспілотнікаў загарэўся прыватны жылы дом, паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Паводле яго слоў, у пажары загінулі двое мірных жыхароў — жанчына, якая ляжала з пераломам шыйкі сцягна, і мужчына, які даглядаў яе. Сын загінулай паспеў у апошні момант выбегчы з палаючага дома.

Таксама ўкраінскія беспілотнікі атакавалі аб'ект паліўна-энергетычнага комплексу ў Смаленскай вобласці, паведаміў губернатар Васіль Анохін. Паводле яго заявы, СПА збіла дроны, але «ў выніку падзення абломкаў адбылося ўзгаранне ёмістасці з гаруча-змазачнымі матэрыяламі». Адкрыты агонь тушаць супрацоўнікі МНС, звесткі па пацярпелых удакладняюцца, дадаў губернатар.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 102 баявыя сутыкненні. Увогуле, расійцы нанеслі 29 ракетных і 67 авіяцыйных удараў, здзейснілі 67 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.  

У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнні і пашкоджанні атрымалі шэраг шматпавярховак і іншыя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры.

За мінулыя суткі авіяцыйным ударам падвергліся Сумская, Харкаўская, Луганская, Данецкая, Запарожская і Херсонская вобласці.

Пад артылерыйскім агнём былі больш за 120 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей.

***

У ноч на суботу расійскія войскі атакавалі ракетамі прамысловую інфраструктуру Запарожжа, напісаў кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў.  

Паводле яго слоў, на працягу сутак акупанты 291 раз ударылі па Запарожскай вобласці. Пад варожым агнём знаходзіліся 7 населеных пунктаў. 

Вораг нанёс 5 авіяцыйных удараў па Рабаціне, Малой Такмачцы і Новаандрэеўцы. 

32 БпЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Гуляйполе, Ляваднае, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку і Новаандрэеўку.

2 абстрэлы РСЗА накрылі Леваднае і Рабоціна. 

252 артабстрэлаў нанесеныя па тэрыторыі Гуляйполя, Малой Такмачкі, Новаандрэеўкі, Новаданілаўкі, Рабоціна, Ляваднага і Малінаўкі.

Паступіла 22 паведамленні аб разбурэнні жылля. Мірныя жыхары не пацярпелі.

Раніцай вораг нанёс удар балістыкай з Крыма па Адэсе. 

Паражаны інфраструктурны аб'ект. Інфармацыя наконт ступені пашкоджання і пацярпелых удакладняецца.

Таксама на досвітку вораг біў кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі Х-59 з самалётаў тактычнай авіяцыі па Адэскай вобласці. Абедзве цэлі былі збітыя ў акваторыі Чорнага мора, а тры варожыя выведдроны знішчаны на Крыварож'і, Мікалаеўшчыне і Адэшчыне.

***

Расійскія акупанты страцілі за суткі 750 сваіх вайскоўцаў, а таксама каля 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 30 БПЛА, паведаміў Генштаб УСУ.  

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 20.04.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 458 580 (+750) чалавек;
  • танкаў — 7 213 (+8) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 13 873 (+21) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 11 678 (+20) адз.;
  • РСЗА — 1046 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 763 (+1) адз.;
  • самалётаў — 348 (+1) адз.;
  • верталётаў — 325 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 9 341 (+30);
  • крылатых ракет — 2 109 (+13);
  • караблёў / катэраў — 26 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 15 717 (+46) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 1 918 (+3).