«Amnesty International» выбачылася за справаздачу па Украіне, але падтрымлівае яе высновы

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» надоечы аказалася ў цэнтры скандалу пасля публікацыі справаздачы па Украіне. За гэтую справаздачу цяпер ёй давялося выбачацца.


На днях міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International», якая займаецца маніторынгам парушэння правоў чаалавека па ўсім свеце і фіксацыяй злачынстваў падчас канфліктаў, апублікавала справаздачу па сітуацыі з правамі чалавека ва Украіне пасля нападу Расіі.

Справаздача выклікала вялікі розгалас: у ёй праваабаронцы арганізацыі абвінавацілі УСУ ў ахвярах сярод мірнага насельніцтва Украіны праз пазіцыйныя баі ў гарадах і параілі вайскоўцам «ваяваць у лясах».

Пасля публікацыі дакумента дырэктарка ўкраінскай філіі «Amnesty International» аб'явіла, што сыходзіць са сваёй пасады праз тое, што кіраўніцтва арганізацыі не пачула заклікаў улічыць голас Мінабароны Украіны і не гуляць на руку агрэсару: расійскія прапагандысты падхапілі наратыў пра ўкраінскіх вайскоўцаў, якія прыкрываюцца мірнымі жыхарамі. Нават брытанская газета «The Times» назвала арганізацыю «пуцінскімі прапагандыстамі».

Сёння інфармацыйныя агенцтвы апублікавалі афіцыйную пазіцыю арганізацыю наконт сітуацыі са справаздачай. Праваабарончая група заявіла, што «глыбока шкадуе», што яе справаздача выклікала гнеў. Пры гэтым арганізацыя не адмаўляецца ад высноў, выкладзеных у справаздачы.

«Прыярытэтам "Amnesty International" у гэтым і любым іншым канфлікце з'яўляецца забеспячэнне абароны грамадзянскіх асоб. Сапраўды, гэта было нашай адзінай мэтай пры публікацыі апошняга даследавання. Хоць мы цалкам падтрымліваем нашы высновы, мы шкадуем пра прычынены боль», — гаворыцца ў заяве.

У арганізацыі заяўляюць, што нібыта ніякія дзеянні ўкраінскіх сіл, якія яны пазначылі, «не апраўдваюць парушэнні з боку Расіі»:

«Гэта не азначае, што "Amnesty International" ускладае на ўкраінскія сілы адказнасць за парушэнні, учыненыя расійскімі войскамі, або што ўкраінскія вайскоўцы не прымаюць адэкватных мер засцярогі ў іншых частках краіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: