Беларускі рэжым набыў білет на «Тытанік»

"Маленькай пераможнай вайны" не атрымліваецца, маштаб выдаткаў ад удзелу ў гэтай авантуры немагчыма спрагназаваць.

titanik_d_850.jpg

Узброеныя Сілы Украіны наносяць цяжкія страты расійскім падраздзяленням, якія ўварваліся на тэрыторыю гэтай краіны. УС Украіны захоўваюць баяздольнасць і кіравальнасць, — піша Андрэй Паротнікаў на сайце bsblog.info.

Расія не змагла (першапачаткова не планавала?) нанесці першы абяззбройвальны ўдар па Украіне. Верагодна, па прычыне таго, што разлічвала на масавую паніку насельніцтва і дэзарганізацыі сістэмы ваенна-палітычнага кіравання ва Украіне пасля пачатку расійскага ўварвання. А таксама на пасіўнасць Захаду. Што сведчыць пра вельмі слабую аналітычную падрыхтоўку ваеннай аперацыі, якая грунтуецца на міфах, а не на фактах.

Рэспубліка Беларусь як дзяржава прызнаная сусветнай супольнасцю саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны, у дачыненні да шэрагу службовых і асоб і кампаній краіны ўведзеныя санкцыі. Пад іх трапілі ў тым ліку і найбуйнейшыя ў сваіх галінах экспартаарыентаваныя прадпрыемствы.

І гэта толькі пачатак: Беларусь акажацца пад падвойным ударам прамых санкцый супраць сябе і апасродкавана — праз негатыўныя наступствы ўвядзення санкцый супраць Расіі. На вышэйшым узроўні не прагучала ніякіх зняпраўджванняў шматлікай інфармацыі аб выкарыстанні расійскімі сіламі ўварвання тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны.

Актыўна распаўсюджваецца інфармацыя пра магчымасць уключэння беларускай арміі непасрэдна ў аперацыі супраць Украіны ў бліжэйшыя дні. Хоць да цяперашняга часу якіх-небудзь фактаў, якія пацвярджаюць гэта, не прыводзіцца.

Паспяховы супраціў Украіны і аператыўнасць рэагавання Захаду сталі поўнай нечаканасцю для афіцыйнага Мінска. "Маленькай пераможнай вайны" не атрымліваецца, маштаб выдаткаў ад удзелу ў гэтай авантуры немагчыма спрагназаваць. Варыянт сепаратных перамоваў з Захадам / Украінай — найлепшы з магчымых для беларускага рэжыму. Такая опцыя пакуль захоўваецца. Аднак час сыходзіць: пасля таго, як Крэмль пачне перамовы з Кіевам, з Мінскам размаўляць ніхто не будзе.