Хто зможа паўплываць на прэзідэнта ў выхаваўчых мэтах?

Міністэрства інфармацыі Беларусі заяўляе пра адсутнасць «дастатковых прававых падставаў» для рэагавання на факты, выкладзеныя ў звароце групы магілёўцаў, якія патрабавалі спыніць пагрозы гвалту з боку Аляксандра Лукашэнкі.



halava.gif

Нагадаем, у ліпені 12 жыхароў Магілёва накіравалі старшыні грамадскага савета па маральнасці Мікалаю Чаргінцу, старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэю Навумовічу, генпракурору Аляксандру Канюку і міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму ліст, у якім прасілі не дапускаць публічных пагроз гвалту з боку кіраўніка дзяржавы.
Пагрозу гвалту аўтары ліста ўгледзелі ў сюжэце, паказаным па беларускіх тэлеканалах 8 ліпеня, дзе Аляксандр Лукашэнка, закранаючы тэму вытворчасці кормаўборачнай тэхнікі, заявіў, што «здыме галаву» службовым асобам, калі тэхніка будзе няякаснай.
«У міністэрства інфармацыі адсутнічаюць дастатковыя прававыя падставы для прыняцця адпаведных мер рэагавання па фактах, выкладзеных у дадзеным звароце», — гаворыцца ў адказе намесніка міністра Дзмітрыя Шадко, атрыманым ініцыятарам звароту, актывістам прафсаюза РЭП Аляксеем Паўлоўскім.
Раней Генеральная пракуратура перанакіравала сваю копію звароту ў Мінінфарм «у адпаведнасці з кампетэнцыяй».


«Тыя, хто даў гэты адказ або юрыдычна непісьменныя, або прыкідваюцца. Законамі нашай краіны прадугледжана ўсё для абароны правоў людзей. А яны запэўніваюць, што не могуць прыняць меры ў прававым полі. Але раз яны так лічаць, гэта іх афіцыйны адказ, то яны фактычна прызналі пагрозы і хамства ў СМІ з боку кіраўніка дзяржавы. Паколькі яны не могуць прыняць меры, я буду збіраць подпісы за прыняцце Палатай прадстаўнікоў закона, які забараняе кіраўнікам або ў СМІ, ці дзе б там ні было пагражаць, хаміць», — заявіў БелаПАН Аляксей Паўлоўскі.


На яго думку, заявы Аляксандра Лукашэнкі аб «зняцці галоў» — «безадказныя, дыскрэдытуюць Беларусь і сімвал прэзідэнцкай улады».
«Трэба паўплываць на яго ў выхаваўчых мэтах. Павінен быць нейкі механізм, каб спыняць гэтыя негатыўныя тэндэнцыі», — лічыць грамадскі актывіст.
Паўлоўскі таксама адзначае, што да гэтага часу няма адказу з грамадскага савета па маральнасці. «Калі Мікалай Чаргінец мае намер парушаць заканадаўства аб зваротах грамадзян, то будзем патрабаваць прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці», — сказаў Паўлоўскі.
Нагадаем, пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах адказала ініцыятару звароту, што ў яе няма падстаў для разгляду ўзнятых падпісантамі пытанняў.
Адзначым, што ў звароце гаварылася пра неабходнасць абмеркаваць рэзкія выказванні Аляксандра Лукашэнкі на спецыяльных слуханнях у Палаце прадстаўнікоў, а таксама абавязаць кіраўніка дзяржавы прынесці публічныя прабачэнні ў СМІ «прыніжаным міністрам, дзецям і тэлегледачам».
naviny.by