Ці чакаць у новым годзе Трэцяй сусветнай вайны?

Што будзе ў 2024 годзе на тэатры ваенных дзеянняў, прагназуе спецыяліст па пытаннях нацбяспекі Аляксандр Казак.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусы, як і год таму, спадзяюцца, што перамога Украіны ў вайне супраць Расіі прывядзе да хуткага вызвалення Беларусі. Праўда, вайна набыла пазіцыйны характар, на знясільванне. Украінскі контрнаступ адбыўся і адбываецца, але ён не супадае з карцінкай, намаляванай медыя і ўра-патрыётамі.

На гэтым фоне надзеі беларусаў значна пабляклі.

Па якіх сцэнарах можа развівацца вайна ў 2024 годзе? Якую ролю ў чужой вайне Беларусі адводзіць Крэмль? Ці не перарасце вайна ў Трэцюю сусветную?

Прагнозы на 2024 год для «BGmedia» даў Аляксандр Казак, спецыяліст па пытаннях нацыянальнай бяспекі.

—  Ніхто не ведае, у які бок паверне вайна, хаця ўсе мы будзем спадзявацца на лепшае. Не варта хаваць, што сітуацыя на фронце не бачыцца вельмі аптымістычнай, але, разам з тым, давайце згадаем, што зараз Украіна не мае праблем з электраэнергіяй, інтэнсіўнасць абстрэлаў канцэнтруецца пераважна па лініі фронту. Расія доўгі час накоплівала сілы, каб нанесці масіраваны ўдар па Украіне 29 снежня. Але сітуацыя ўжо зусім не нагадвае 2022 год.

Калі шчыра, то я не чакаю рашучай перамогі Украіны ў 2024 годзе.

— Павольная, пазіцыйная вайна на знясільванне працягнецца?

— Так, хутчэй за ўсё, менавіта так. Баюся, што ў 2024 годзе паўторыцца сітуацыя 2023-га. Год стане годам-паўзай, хаця напрыканцы года сітуацыя можа палепшыцца для Украіны.


Глядзіце таксама

— Такі сцэнар вельмі выгадны і персанальна для Лукашэнкі, і для беларускага рэжыму?

— Меркаванне пра тое, што перамога Украіны адразу зменіць сітуацыю ў Беларусі, не мае пад сабой падстаў. Па сутнасці, развіццё сітуацыі залежыць ад формулы перамогі Украіны. Аднак спадзявацца, што перамога Украіны аўтаматычна прывядзе да дэмакратычных змен у Беларусі, не варта.

Акрамя таго, беларусам неабходна зразумець, што адказнасць за Беларусь, а таксама адказнасць за рэжым таксама часткова будзе перакладзена на беларусаў. А змена рэжыму пасля перамогі Украіны ці пасля падзення рэжыму Пуціна стане праблемай беларусаў, у прынцыпе, так і павінна быць, па вялікім рахунку.

— Значыць, да падзення пуцінскага рэжыму наўрад ці варта чакаць перамен і ў Беларусі?

— Не варта. Падзенне рэжыму Пуціна не значыць аднамомантнае і неадкладнае падзенне Лукашэнкі. Яго пазіцыі істотна пахіснуцца, становішча пагоршыцца, але гэта не значыць, што ўсё зменіцца вокамгненна. Магчыма, праз год-два-тры змены і пачнуцца, але выпадзенне аднаго звяна з ланцуга аўтаматычна не прывядзе да распаду ўсяго ланцуга.

— У якім фармаце Беларусь можа ўдзельнічаць у вайне ў 2024 годзе?

— Роля Беларусі можа застацца ранейшай — яе будуць выкарыстоўваць як пляцоўку для абстрэлаў Украіны, як тылавое забеспячэнне. Я б сказаў, што вельмі малая верагоднасць, што беларускія войскі пойдуць ва Украіну, такую імавернасць я б ацаніў як блізкую да нуля. Але роля Беларусі ў ваенна-прамысловым комплексе Расіі будзе павялічвацца, яна і зараз вельмі вялікая, але будзе павялічвацца яшчэ больш. Цалкам магчыма, што Беларусь стане палігонам для расійскіх войскаў, трэніровачнай пляцоўкай.


Глядзіце таксама

— У такіх умовах трэба чакаць, што антызаходні саюз «Расія — Беларусь — Іран» будзе разрастацца і ўмацоўвацца?

— Цалкам магчыма. Расія дакладна будзе пашыраць пасіўную прысутнасць у Беларусі, з мэтай трымаць у напружанні ўсходні фланг NATO. Усе мы памятаем, якога шолаху нарабілі выказванні пра ядзерную атаку Расіі з тэрыторыі Беларусі па краінах усходняга флангу NATO. А цяпер з’явілася інфармацыя, што цягам наступных гадоў Расія будзе планаваць і, магчыма, праводзіць атаку на краіны ўсходняга флангу NATO.

Не выключаю, што Крэмль сапраўды выношвае такія планы. Але, паводле задумы крамлёўскіх стратэгаў, агучванне такога сцэнарыя павінна моцна ўздзейнічаць на жыхароў суседніх краін — членаў NATO. Наколькі моцным будзе гэтае ўдзеянне, залежыць ад таго, як гэтаму інфармацыйнаму наратыву будуць супрацьдзейнічаць урады Польшчы, Літвы, Латвіі, наколькі яны будуць разбудоўваць свае войскі. Але амаль не выклікае сумненняў, што Расія і Беларусь будуць «рваць нервы» гэтым краінам і іх жыхарам.

— Ці азначае ўсё сказанае, што Расія ўзяла курс на распальванне Трэцяй сусветнай вайны, пра якую ўжо даўно і многа гавораць? Ці паспее NATO, Захад падрыхтавацца да такога сцэнарыя?

—  Справа ў тым, што Першую і Другую сусветныя войны назвалі сусветнымі толькі пасля іх заканчэння. Таму пра Трэцюю сусветную вайны мы ў любым выпадку зможам сказаць постфактум, гадоў праз дзесяць.

Але, разам з тым, фронт сапраўды можа пашырыцца. На дадзены момант я не думаю, што Расія ў стане весці баявыя дзеянні з краінамі NATO. Я лічу, што краіны NATO падрыхтаваны да падобнага варыянту. Але досвед вайны ва Украіне сведчыць, што Расія ў сваіх дзеяннях не заўсёды кіруецца логікай і прагматызмам, а вельмі часта дзейнічае з ідэалагічных матываў. Рызыку таго, што нешта адбудзецца, выключаць нельга, але гэтая рызыка вельмі і вельмі малая. Прынамсі, на 2024 год.