Ці далёка ўедзеш у карэце мінулага?
Беларускі шлях нацыянальнага будаўніцтва аказаўся бліжэйшым да французскага. У ролі галоўнага архітэктара і муляра выступіла дзяржава, але не сучасная, пад якой варта разумець дзяржаву адміністрацыйную і падатковую. Беларуская дзяржава не абмяжоўваецца кіраўнічымі задачамі. Яе цікавіць усё, у тым ліку вытворчасць, а галоўнае — яна ўзяла пад свой кантроль фарміраванне спецыфічнага тыпу асобы, які вызначаецца падвышанай лаяльнасцю да начальства.
Дзесяць гадоў матэматычнай школы навучылі журналіста самай саліднай газеты краіны Уладзіміра Валчкова думаць абстрактна.
Прывяду свежы прыклад такога ладу мыслення: «Па вялікім рахунку, тэхналагічнага лідарства Злучаныя Штаты ў значнай ступені здолелі дамагчыся шляхам акумулявання чалавечага капіталу з усяго свету. У немалой колькасці легендаў амерыканскага бізнесу і вынаходніцтва карані зусім не амерыканскія».
Што гэта — панегірык, ода, дыфірамбы, ці, наадварот, дакор, ганьбаванне, філіпіка? Для чытачоў самай саліднай газеты краіны — хутчэй, другое. Маўляў, гэтыя «піндосы» самі ж нічога могуць. Увесь іх хвалёны дабрабыт пабудаваны на друкаванні долараў, банальным крадзяжы і эксплуатацыі чужых рэсурсаў, у тым ліку інтэлектуальных.
Іван Сікорскі, вынаходнік верталёта, і Уладзімір Зварыкін, вынаходнік тэлебачання, — паводле паходжання рускія. Сузаснавальнік Google Сяргей Брын эміграваў з СССР. Ілан Маск прыехаў у ЗША з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Спіс лёгка працягнуць.
Аднак на здольнасць акумуляваць чалавечы капітал можна паглядзець і пад іншым ракурсам. Паспрабую прарабіць гэтую няхітрую аперацыю з дапамогай кнігі амерыканскага антраполага Джозэфа Хенрыка «Сакрэт нашага поспеху. Як культура рухае эвалюцыяй чалавека, прыручае наш від і робіць нас разумнейшымі»: «Тыя групы, у якіх інстытуты лепшыя, проста перажываюць тых, у каго менш нормаў, якія гальванізуюць супрацоўніцтва, і рана ці позна займаюць іх месца».
«Паколькі сацыяльныя нормы могуць павышаць у групе ўнутраную гармонію, кааперацыю і эканамічную прадуктыўнасць, многія індывіды будуць схільныя пераходзіць з груп-няўдачніц у больш паспяховыя групы. Пры гэтым міграваць у групу-няўдачніцу мала хто захоча — хіба што яго вымусяць. З часам больш паспяховыя групы будуць расці дзякуючы іміграцыі, а астатнія групы — змяншацца з-за эміграцыі».
Бліжэй да французскага шляху, чым да нямецкага
Ключавое слова ў цытатах — «інстытуты». За доказ максімы «інстытуты маюць значэнне» амерыканскі эканаміст Дуглас Норт у 1993 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію. Без разумення ролі інстытутаў у развіцці грамадства немагчыма адказаць на пытанне: «А ты хто такі?», што было папулярным паміж фізікамі і лірыкамі ў 60-я гады мінулага стагоддзя.
Безумоўна, матэрыяльныя каштоўнасці ствараюць фізікі, але самі фізікі і спрыяльныя ўмовы для іх працы ёсць вытворная ад інстытутаў, адказнасць за арганізацыю якіх прырода ўсклала на лірыкаў.
Звернемся, да прыкладу, да далёка не апошняга ў інстытуцыйнай іерархіі інстытуту нацыянальнай дзяржавы. Нямецкі філосаф Юрген Хабермас вылучае два шляхі іх фарміравання: ад дзяржавы да нацыі і ад нацыі да дзяржавы.
У першым выпадку на ролю суб'ектаў прэтэндавалі юрысты, дыпламаты і вайскоўцы, якія ўваходзілі ў штаб караля і стваралі рацыянальныя дзяржаўныя інстытуты (французскі шлях). У другім — адзінства дзяржавы сваёй прапагандай уяўнай супольнасці падрыхтавалі гісторыкі, пісьменнікі — гэта значыць інтэлектуалы (нямецкі шлях).
І дзе тут, прабачце, фізікі?
Што тычыцца Рэспублікі Беларусь і яе постсавецкіх калегаў, то, паводле Хабермаса, «пасля распаду Савецкага Саюза на шляхах больш-менш гвалтоўнага аддзялення; ва ўмовах цяжкага эканамічнага і сацыяльнага становішча гэтых краін дастаткова было рэанімаваць старыя этнанацыянальныя заклікі, каб мабілізаваць занепакоенае насельніцтва на дасягненне незалежнасці».
Такім чынам, беларускі шлях нацыянальнага будаўніцтва аказаўся бліжэйшым да французскага. У ролі галоўнага архітэктара і муляра выступіла дзяржава, але не сучасная, пад якой варта разумець дзяржаву адміністрацыйную і падатковую. Беларуская дзяржава не абмяжоўваецца кіраўнічымі задачамі. Яе цікавіць усё, у тым ліку вытворчасць, а галоўнае — яна ўзяла пад свой кантроль фарміраванне спецыфічнага тыпу асобы, які вызначаецца падвышанай лаяльнасцю да начальства.
На ўзроўні еўрапейскага плінтуса
У карэце мінулага далёка не паедзеш. Спрэчны тэзіс. Для аматараў гужавога транспарту прывяду фрагмент з даклада на Пятым Усебеларускім народным сходзе: «Беларусь сёння — цытадэль традыцыйнай культуры і маралі. Так будзе заўсёды» (22.06.2016).
Гісторыю чалавецтва ў першым набліжэнні можна падзяліць на традыцыйную эпоху і эпоху мадэрну. Радзімай апошняй з'яўляецца Еўропа. Адлік варта весці з канца XV стагоддзя (адкрыццё Амерыкі, кнігадрукаванне, Капернік і г. д.). Індустрыялізацыя, урбанізацыя, секулярызацыя, інстытуты грамадзянскай супольнасці і як следства дынамічных змен — улада не ад Бога, а ад выбаршчыкаў.
Традыцыйная мараль — гэта мараль для сваіх. Традыцыйныя інстытуты заснаваныя на сваяцтве (клан, род, племя, тэйп), усярэдзіне якіх толькі і магчымы давер паміж людзьмі. У традыцыйных грамадствах пераважае бондзінгавы (англ. bond — сувязь) сацыяльны капітал, у адрозненне ад таварыстваў мадэрну з брыджынгавым (англ. bridge — мост) сацыяльным капіталам, які спрыяе ўзаемадзеянню з незнаёмымі людзьмі.
У Беларусі прынята ганарыцца высокім значэннем індэкса чалавечага капіталу (60-е месца сярод 189 краін у 2021 годзе), які прадстаўляе суму ведаў, навыкаў, здароўя і адукацыі грамадзян.
У чарговы раз прывяду цытату з даклада на Усебеларускім народным сходзе, але не пятым, а чацвёртым: «Чалавечы капітал — рухавік мадэрнізацыі краіны» (06.12.2010).
Усё гэта сапраўды так, калі пад мадэрнізацыяй разумець засваенне імпартнага абсталявання. А менавіта так і толькі так архітэктары беларускай мадэлі і разумеюць мадэрнізацыю.
Аднак залежнасць эканамічнага развіцця ад індэкса чалавечага капіталу не такая вялікая, як можа здацца на першы погляд. Значна важнейшы індэкс сацыяльнага капіталу, вымераны доляй пазітыўных адказаў на пытанне: «Ці можна давяраць незнаёмым людзям або ў адносінах з незнаёмымі людзьмі трэба быць асцярожным?».
На працягу двух дзесяцігоддзяў гэтае пытанне задаваў беларусам Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) — і кожны раз фіксаваў вынік на ўзроўні еўрапейскага плінтуса (каля 25%). Лідзіруюць жа ў Еўропе скандынаўскія краіны (звыш 70%).
***
Ох, якая нялёгкая гэта праца — прэтэндаваць на ролю цытадэлі традыцыйнай культуры і маралі ў XXI стагоддзі! Аднак жа калі дзяржава для народа пасавала перад цяжкасцямі?