Дэградацыя — як адзін з магчымых відаў зменаў
Пра беларускую мадэль развіцця (БМР) у дзяржаўнай прэсе кажуць як пра нябожчыка — ці добра, ці нічога. Добрага, зразумела, хапае, і таму, каб выцягнуць на божы свет чарговыя дасягненні, не абавязкова скрасці па засеках. Дасягненні ляжаць на паверхні — прычым на самых бачных месцах.
Тым не менш асобныя недахопы перыядычна блытаюцца пад нагамі. Але, як і іх «калегі» савецкіх часоў, гэтыя недахопы не спароджаныя цяперашняй мадэллю развіцця, а праходзяць па катэгорыі «перажыткаў мінулага».
Не буду чапляцца да дробязяў, таму прывяду самае што ні на ёсць аўтарытэтнае меркаванне ад самага што ні на ёсць аўтарытэтнага аўтара: «Ну і самае брыдкае — крадзеж і п'янства. Жніво толькі пачалося, а МУС за крадзяжы гаруча-змазачных матэрыялаў і збожжа распачало 61 крымінальную справу і выявіла амаль 2200 адміністрацыйных правапарушэнняў» (21 ліпеня 2023-га).
Але калі ўжо пачалі гаварыць пра самае брыдкае — нельга не згадаць і прыпіскі: «Зноў жа, адвечная хвароба аграрыяў — прыпіскі. Па рэспубліцы пракуратура ўстанавіла 185 такіх выпадкаў, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы. Вось гэтага дараваць ніколі нельга! Такія гора-кіраўнікі нас завядуць чорт ведае куды. 33 зернесушыльныя комплексы таксама былі не гатовыя».
Звярніце ўвагу: пагроза быць заведзенымі «чорт ведае куды» зыходзіць не ад збеглых з Беларусі і не ад іх заходніх фундатараў, а ад дамарослых гора-кіраўнікоў. Ёсць, аказваецца, і такія. Цікава, якая іх шчыльнасць на адзін гектар сельгасугоддзяў, і што робіцца дзеля таго, каб яе знізіць?
Беларусам пашанцавала
«Інстытуты (сукупнасці правілаў і механізмаў прымусу да іх выканання) маюць значэнне». З такой максімай бацькі інстытуцыйнай эканомікі нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта ў навуковым свеце ніхто не спрачаецца. Але для нас важна, што з лёгкай рукі амерыканскіх эканамістаў Дарона Аджэмаглу і Джэймса Робінсана, аўтараў бестселера «Чаму адны краіны багатыя, а іншыя бедныя», інстытуты прынята падзяляць на інклюзіўныя (якія «ўключаюць» — спрыяюць удзелу грамадзян у эканамічным, сацыяльным і палітычным жыцці) і экстрактыўныя (якія «выключаюць», «вымаюць» грамадзян з усіх відаў актыўнасці).
Першыя — інклюзіўныя — у прыватнасці, дазваляюць усім грамадзянам удзельнічаць у эканамічных адносінах з мэтай атрымання прыбытку. Няцяжка заўважыць, што па якасці і колькасці інклюзіўных інстытутаў беларуская мадэль развіцця (БМР) здольная даць сто балаў форы любой заходняй мадэлі.
Праілюструю перавагу БМР на прыкладзе першага і другога ўкосу травы. Чыя гэта праблема? Якія прафесійныя групы, акрамя фермераў, што косяць траву, задзейнічаныя непасрэдна ў яе вырашэнні ў краінах з рынкавай эканомікай, напрыклад, у ЗША?
На жаль, нават з дапамогай штучнага інтэлекту нікога дадаць да фермераў не атрымліваецца. Усімі забытыя і закінутыя, яны вымушаныя ў адзіноце штогод весці бітву за ўраджай — прычым не дзеля харчовай бяспекі краіны, а дзеля асабістай выгады. А што яшчэ можна чакаць ад свету чыстагану, у якім чалавек чалавеку воўк?
Аднак жа беларусам пашанцавала. Паводле традыцыі, якая склалася яшчэ ў гады першых сталінскіх пяцігодак, у беларускай мадэлі развіцця «жніво — гэта, калі хочаце, наш харчовы фронт. І ад гэтага фронту залежыць усё. На вайне як на вайне. Перамагае той, хто найлепш падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад досвітку да світання» (21.07.2023).
Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што працаўнікі вёскі не кінутыя ў Беларусі на волю лёсу, на волю прыроднай і рынкавай стыхіяў?
Там, дзе палі, лугі і фермы — там і працаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры і МУС. Калі б не яны, ад каго б паляводы даведаліся пра тое, што «камбайны не гатовыя да работы практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак»? А калі яны праінфармаваныя — значыць, такім чынам, узброеныя.
«Для гэтага ёсць усё…»
Сталасць — паказчык класа. Чаго-чаго, а сталасці ў БМР хоць лапатай грабі. У чарговым прэс-рэлізе чорным па белым пазначана: «З года на год не можам перамагчы адны і тыя ж праблемы».
Вось і разважай пасля гэтага наконт хуткасцяў, з якімі ўсё, нібыта, мяняецца ў сучасным свеце. У несяброўскіх нам краінах, магчыма, яно і сапраўды імкліва мяняецца. Урэшце, дэградацыя — гэта ўсяго толькі адзін з магчымых відаў зменаў.
Новыя праблемы — крыніца нявызначанасцяў. Нявызначанасці спараджаюць фрустрацыі, а тыя, у сваю чаргу, — страту веры ў лідара, у правільнасць курсу развіцця краіны. Але жыццё сярод адных і тых жа праблем вызваляе ад такога кшталту непрыемнасцяў. Таму з надыходам вясны мы пачынаем змагацца з дэфіцытам гаруча-змазачных матэрыялаў, адсутнасцю запчастак, прыпіскамі і пагалоўным п'янствам сярод механізатараў.
Другая палова лета прыносіць новы букет праблем, сярод якіх на першым месцы ўсё тыя ж даўно знаёмыя: дэфіцыт гаруча-змазачных матэрыялаў, адсутнасць запчастак, прыпіскі і пагалоўнае п'янства сярод механізатараў. Лета заканчваецца. Надыходзіць восень. Але пералік праблем застаецца нязменным. Таму яны нікога не застаюць знянацку. Іх сустракаюць як родных і аператыўна пачынаюць з імі змагацца. Галоўнае, каб своечасова паступілі адпаведныя каманды. А яны паступаюць — і заўсёды своечасова.
Спрыяе барацьбе з аднымі і тымі ж праблемамі шматразовае перанясенне планавых тэрмінаў. Мяркуйце самі: калі задачы пастаўленыя і мэты вызначаныя, то застаецца толькі распрануцца і пачаць працаваць.
Але такая актыўнасць мае свае небяспекі: таму што тыя, хто выканаў задачу ў тэрмін, пачнуць боўтацца без справы. А гэтага дапусціць нельга. Падзел грамадства на тых, хто працуе, і тых, хто не працуе, — найкарацейшы шлях да парушэння прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.
Таму мы ідзём іншым шляхам. Канкрэтны прыклад: 11 ліпеня 2023 года перад працаўнікамі вёскі паставілі задачу за наступную пяцігодку перайсці — «ад дзікіх фермаў да танных тэхналагічных комплексаў».
Калі сказана — значыць, будзе зроблена. Адпаведны досвед маецца. Упершыню задачу па пераводзе фермаў у комплексы сфармулявалі 21 жніўня 2012 года. На яе выкананне было адведзена тры гады.
Тэрмін выканання нікога не бянтэжыць, калі меркаваць па адсутнасці пярэчанняў. Дый хто б рашыўся запярэчыць, калі «для гэтага ёсць усё — будматэрыялы, абсталяванне, неабходны кадравы патэнцыял. Грош цана тады нам, калі мы не выканаем гэтую задачу».
З апошняй прапановай трэба пагадзіцца.