Пасланне–2022 як адказ на пытанне «Чаму адны краіны заможныя, а другія бедныя?»

«Інстытуты маюць значэнне». Тры словы, але за спалучэнне іх разам амерыканскі эканаміст Дуглас Норт быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй. Зразумела, давялося яшчэ даць абгрунтаванне гэтага, аднак такія дэталі ўжо нікога, акрамя спецыялістаў, не цікавяць.

Фота: газета "Светлае жыццё"

Фота: газета "Светлае жыццё"


Паводле бестселера амерыканскіх эканамістаў Дарона Аджэмоглу і Джэймса Робінсана «Чаму адны краіны заможныя, а другія бедныя. Паходжанне ўлады, росквіту і галечы» (2012), усе інстытуты можна падзяліць на інклюзіўныя і экстрактыўныя.
Не трэба палохацца — каб зразумець адрозненні паміж першымі і другімі не давядзецца атрымліваць эканамічную адукацыю. Прыметнік «інклюзіўны» да нас прыйшоў з англійскай мовы (inclusion — «уключэнне»), а ў прыметніку «экстрактыўны» лёгка заўважыць лацінскі дзеяслоў «extraho» («вымаю», «здабываю»).
Далей усё проста. У багатых краінах пераважаюць інклюзіўныя інстытуты, гэта значыць інстытуты, якія спрыяюць максімальнаму ўключэнню грамадзян у эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае жыццё. Адпаведна, экстрактыўныя інстытуты, што «вымаюць» грамадзян з усіх відаў актыўнасці, — шлях да беднасці.
Прыклады экстрактыўных інстытутаў — рабства, саслоўі, кланы і да таго падобныя. Яны былі шырока распаўсюджаныя ў аграрных грамадствах. Але ўжо на стадыі пераходу да грамадстваў індустрыяльных давялося ад іх адмовіцца.
Нагадаю дэвіз Вялікай французскай рэвалюцыі: «Свабода, Роўнасць, Братэрства». Зразумела, што для яго практычнага ўвасаблення ў жыццё спатрэбіўся не год і не два. Аднак калі б далей слоў справа не прасунулася, то і прамысловая рэвалюцыя не адбылася б. Пра магчымасць атрымліваць задавальненне ад сучасных тэхнічных прыбамбасаў не давялося б нават гаварыць. Але значна важнейшая — сярэдняя працягласць жыцця. Без прамысловай рэвалюцыі яна не перавышала б у Еўропе сарака гадоў.

Вынік у наяўнасці

Які ж тып інстытутаў пераважае ў Беларусі? Адказ на гэта пытанне пакажа нашы шанцы на годнае жыццё. Прычым годнае — па сучасных мерках, а не згодна з уяўленнямі нашых дзядуль і бабуль.
У Пасланні–2022 змяшчаецца адназначны адказ. Пачну з цытаты: «Лёсавызначальныя для нашай краіны перыяды галоўны зварот года праходзіць перад максімальна прадстаўнічай аўдыторыяй. Гэта дэпутаты і кіраўнікі, навукоўцы і практыкі, гэта ўрачы і педагогі, рабочыя і аграрыі, вайскоўцы, медыйныя людзі, прадстаўнікі творчых прафесій, пенсіянеры і моладзь, людзі з усіх куткоў нашай краіны».


Бясспрэчна, усе пералічаныя прафесіі вартыя павагі. Аднак у вялікай зале Палаца Рэспублікі, разлічанай на 2700 чалавек, месца для прадпрымальнікаў не знайшлося. І гэта не вынік недагляду спічрайтараў — гэта традыцыя. Ні ў адным з навагодніх зваротаў беларускага кіраўніка да народа прадпрымальнікі не згадваюцца.Каб не быць галаслоўным, прывяду цытату з апошняга: «Я кажу дзякуй усім, хто пражыў кожны дзень года з любоўю да людзей і роднай зямлі, павагай да памяці свайго народа і нацыянальных традыцый. Вам — сялянам і рабочым, урачам і настаўнікам, людзям у пагонах, навукоўцам і дзеячам культуры, журналістам і спартсменам, кіраўнікам і працоўным калектывам».
На 1 студзеня колькасць арганізацый дзяржаўнай уласнасці склала 11,1% (15,9 тысячы), прыватнай — 82,1% (117,6 тысячы). Не варта забывацца на індывідуальных прадпрымальнікаў колькасцю 274,3 тысячы чалавек.
Мы, у адрозненне ад спічрайтараў, памятаем. Мы памятаем і пра фактычную забарону беларускім бізнесоўцам займацца палітыкай. Адпаведную цытату знайсці сярод аналагічных нескладана: «Ёсць палітыка, ёсць бізнес. Там свае правілы, тут свае правілы. Пераблытаеце бізнес з палітыкай, прыйдзеце з вялікімі кішэнямі, улезеце ў палітыку — будзеце па правілах палітыкі жыць. Таму ў нас няма такога, каб бізнесовец улез у палітыку ці спрабаваў штосьці набыць. Гэта пагражае страшнымі наступствамі — страціш усё» (10.02.2012).
У краінах з інклюзіўнымі інстытутамі няма нічога больш натуральнага, чым фінансаванне партый мясцовым бізнесам. Галоўнае, каб фінансаванне адбывалася адкрыта. У краінах з інклюзіўнымі інстытутамі няма нічога больш натуральнага, чым удзел бізнесоўцаў у палітыцы непасрэдна. Прыгадаем Дональда Трампа ці Сільвіа Берлусконі.
Вынік відавочны: у спісе краін па ВУП на душу насельніцтва па выніках 2021 года ЗША аказаліся на 8-м месцы ($69,4 тысячы), Італія — на 29-м ($45,3 тысячы), а Беларусь — на 65-м ($21,5 тысячы). Вось такая сувязь паміж удзелам бізнесоўцаў у палітыцы і матэрыяльным дабрабытам простых грамадзян!

Бяльмо на воку

Аналагічная гісторыя — са структурамі грамадзянскай супольнасці, якія выконваюць на Захадзе ролю інклюзіўных інстытутаў.
Наяўнасцю шчыльнай сеткі НДА англасаксы і народы, далучаныя да іх, тлумачаць свой высокі ўзровень жыцця. Тым, хто сумняваецца, рэкамендую звярнуцца да бестселера нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта і яго калег Джона Уолеса і Бары Вайнгаста «Гвалт і сацыяльныя парадкі» (кнігу можна знайсці ў інтэрнэце). На старонцы 51 прыведзеная табліца «Даход і арганізацыі». Згадаю крайнія значэнні: у краінах з прыбыткам на душу насельніцтва ў 2000 годзе $ 0,3–2000 на 1 мільён жыхароў прыходзілася 2,8 фармальныя арганізацыі, а з прыбыткам звыш $ 20 000 — 63,6 арганізацыі.

«Відавочна, што для ўсіх дыктатарскіх памкненняў грамадзянская супольнасць — як бяльмо на воку» (Ральф Дарэндорф).

У кнізе Уладзіміра Даля «Прыказкі і прымаўкі рускага народа» ёсць прымаўка, наўпрост звязаная з праблемай інклюзіўных і экстрактыўных інстытутаў: «Что русскому здорово, то немцу смерть». Гэтая прыказка справядлівая і пры замене «рускіх» на «беларусаў»: «Што немцу добра — тое для беларускай мадэлі смерць».Кожны мае права ўкладаць свой сэнс у паняцце «грамадзянская супольнасць» (ГС). У свеце інклюзіўных інстытутаў пануе меркаванне, што «сутнасць ГС складае творчы беспарадак з мноства арганізацый і інстытутаў, абароненых ад дзяржавы (цэнтра)».
Гэта вызначэнне я запазычыў у нямецкага сацыёлага Ральфа Дарэндорфа. Дазволю сабе яшчэ адну цытату класіка: «Відавочна, што для ўсіх дыктатарскіх памкненняў грамадзянская супольнасць — як бяльмо на воку. Аўтарытарныя кіраўнікі дазваляюць ёй існаваць хіба што ў выглядзе прыватных нішаў унутранай эміграцыі».

У Пасланні–2022 структуры грамадзянскай супольнасці дзеляцца на тыя, што аб'ядноўваюць здаровыя сілы грамадства, «якія гатовыя генераваць і ўвасабляць у жыццё канструктыўныя ідэі», і «спячыя нацменаўскія ячэйкі, якія ў 2020 годзе хацелі перавярнуць краіну».
Наколькі першыя абароненыя ад дзяржавы — не мне казаць. Аднак калі хоць адна капейка з бюджэту накіроўваецца на іх фінансаванне, то трэба мець багатае ўяўленне, каб адносіць такога кшталту структуры да інклюзіўных інстытутаў — гэта значыць, да інстытутаў, без якіх разлічваць на росквіт не даводзіцца.