Дэмакратыя — гэта вам не дранікі есці!

Базавыя прынцыпы — гэта святое. Паміж стаўленнем да закона Івана Жахлівага і Мікіты Хрушчова прынцыповай розніцы няма, нягледзячы на прамежак часу ў чатырыста гадоў!

Фота Аляксандра Лібертада

Фота Аляксандра Лібертада

Спецыялісты сцвярджаюць, што існуе не менш за тысячу азначэнняў паняцця «культура». Не здзіўлюся, што і з паняццем «дэмакратыя» не ўсё так адназначна. Выбірай — не хачу. Ад старажытных грэкаў да сучаснага палітыка-крымінальніка Джаба Іаселіяні з яго ўнікальным вопытам сузірання неба ў клетачку на працягу 20 гадоў.
«Дэмакратыя — гэта вам не лобіа есці». Спрачацца не буду. Арыстоцеля і Платона чытаў, пакаштаваць жа лобіа не давялося. Таму не ўпэўнены, што пры замене слова «лобіа» на «дранікі» застанецца першапачатковы сэнс вызначэння паняцця дэмакратыі.
Але ў захаванні першапачатковага сэнсу мы і не маем патрэбы. Нам ніхто не забараняе наліваць, так бы мовіць, у старыя мяхі маладое віно ўласнай вытворчасці. Напрыклад, вось так: «Калі вы чуеце размовы пра нейкую дэмакратыю, вы павінны разумець, што ў тым выглядзе, у якім мы разумеем гэтую дэмакратыю, яе блізка няма ні ў адной краіне» (22.06.2020).
За ўсе краіны не скажу, але ў Еўропе таварышаў па розуме, для якіх «дэмакратыя — гэта вам не дранікі есці», мы дакладна не сустрэнем.
Між тым, сумнявацца ў тым, што паміж дэмакратыяй, правамі чалавека і дзеясловам «есці» існуе наўпроставая сувязь, не даводзіцца. Цытую: «Асноўнае права чалавека было паесці і апрануцца, чым я і займаўся» (31.05.2019).
Палітычныя правы — яны «ад злога». Для разумення сэнсу вылучанага курсівам фразеалагізму мне давядзецца звярнуцца да Евангелля паводле Матфея, у якім Ісус забараняе прысягаць небам, зямлёю і галавой таго, хто прысягае: «Але няхай будзе слова вашае: “так — так”; “не — не”; а што звыш гэтага, тое ад злога».

Хто над кім?

Ніхто не супраць жыць у адпаведнасці з законам. Аднак няма правілаў без выключэння. Па-першае, усяго ў законах не прапішаш. Па-другое, калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, для таго, каб спыніць усякую дрэнь, «бывае не да законаў».
Гісторыя вучыць, што — акрамя «па-першае» і «па-другое» — існуе «па-трэцяе» і гэтак далей.
Дадзім слова гісторыку Андрэю Фурсаву: «Пераносімся ў хрушчоўскія часы — у так званую "адлігу". Калі ў 1960 годзе Мікіта Хрушчоў даведаўся, што змешчаным пад суд Рокатаву, Файбішэнку і Якаўлеву — каралям савецкага «чорнага рынку», якія ўзначальвалі сетку нелегальнага абароту золата і замежнай валюты, — свецяць усяго толькі пяць-шэсць гадоў турмы, ён запатрабаваў расстрэлу, паколькі гаворка ішла пра велізарныя для таго часу сумы — каля мільёна рублёў. Генеральны пракурор паспрабаваў запярэчыць, што такое пакаранне не адпавядае закону. Хрушчоў прыйшоў у лютасць і закрычаў: «Закон над намі, над Камуністычнай партыяй, ці мы над законам?!». Адказ быў відавочны, у выніку за час суда законы мяняліся тройчы — і абвінавачаных падвялі пад расстрэльны артыкул».
Прашу прабачэння за доўгую цытату. Я запазычыў яе са зборніка «Феномен рускай улады: пераемнасць і змяненне», складзенага па матэрыялах семінара Цэнтра праблемнага аналізу пры Расійскай Акадэміі навук у 2008 годзе.
У зборніку — 161 старонка, але пра феномен рускай улады і яе пераемнасці ўсё галоўнае ў цытаце гісторыка сказана.
Руская ўлада — гэта ўлада монасуб’екта, які стаяў над законам. Таму лютасць Хрушчова не варта спісваць на асаблівасці псіхікі галоўнага камуніста краіны. Асаблівасці, безумоўна, былі, але ў колькасці, якая не перавышае агульнасаюзную норму.
Арэал пасялення рускай улады не абмяжоўваецца Крамлёўскай сцяной або Маскоўскай кальцавой аўтамабільнай дарогай (МКАД). Руская ўлада, нібы грыбы пасля дажджу, фарміруецца там і тады, дзе і калі насельніцтва (не блытаць з грамадствам) не гатовае ўзяць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца на ўзроўні горада, раёна і дзяржавы.
У першым набліжэнні насельніцтва — у адрозненне ад грамадства — складаецца з архаікаў, г. зн. людзей дадзяржаўнай культуры, чый гарызонт разумення абмяжоўваецца патрыярхальнай сям’ёй. Натуральна, што і дзяржаву яны ўспрымаюць як сям’ю на чале з бацькам.
Патрыярхальная сям’я не ведае прынцыпу падзелу ўладаў. Уся паўната ўлады над дамачадцамі належыць бацьку. Ён аднаасобна вырашае, хто і калі будзе гатаваць дранікі. Ён жа будзе іх размяркоўваць — але не згодна з законам, а паводле ўласнага разумення справядлівасці.

Нібы яшчарка, якая адкідае хвост

«Эвалюцыя буйных складаных сістэм, — сцвярджаў рускі філосаф і пісьменнік Аляксандр Зіноўеў, — незваротная». Эвалюцыя рускай улады, якая канчаткова сфарміравалася ў часы апрычніны Івана Жахлівага (1565—1572), — таму відавочнае пацверджанне.
Структурныя змены магчымыя, але базавыя прынцыпы — гэта святое. Паміж пытаннем Хрушчова пра тое, што «закон над намі, над Камуністычнай партыяй, ці мы над законам?!» і заявай Івана Жахлівага ў лісце да князя-ўцекача Андрэя Курбскага: «Жаловать мы своих холопов вольны, а и казнить вольны», прынцыповай розніцы няма, нягледзячы на прамежак часу ў чатыры сотні гадоў!
Нібы яшчарка, якая адкідае хвост, руская ўлада здольная адмаўляцца ад другаснага — што яна і прадэманстравала ў перабудову, калі пагадзілася легалізаваць прыватную ініцыятыву ў эканоміцы.
Але руская ўлада — не пра эканоміку, а пра... уладу. Будзе ўлада — будзе і ўсё астатняе. Дам слова чалавеку, знаёмаму з рускай уладай не па манаграфіях інтэлектуалаў, а «ад жыцця»: «Улада і прэзідэнт перш за ўсё, я ўжо часта вам пра гэта казаў, павінен кантраляваць самыя галоўныя тры рэчы: улада — яна не прыватызуецца, уласнасць і грошы. Гэта павінна быць засяроджана перш за ўсё. Ну і потым, я ўжо казаў, ідэалогія ў нас не прыватызуецца і гэтак далей» (18.12.2008).
***Зробім кароткую выснову.
Улада, уласнасць, грошы, ідэалогія і гэтак далей у Беларусі не прыватызуюцца. Чаму? Таму што прыватызацыя — гэта працэс перадачы-продажу дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасці ў прыватныя рукі. Але якое дачыненне руская ўлада ў яе беларускім варыянце мае да дзяржавы? Руская ўлада — гэта ўлада монасуб’екта. Дзяліцца яму няма з кім і няма чым.