Дыпламатам разаслалі фальшывы ліст нібыта ад імя Ціханоўскай. Яе прэс-служба абвяргае гэты допіс

23 траўня пад выглядам ліста ад Офіса Святланы Ціханоўскай ашуканцы разаслалі лісты дыпламатычным партнёрам Беларусі — амбасадарам і прадстаўнікам розных краін, паведаміла прэс-служба дэмакратычнай лідаркі.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская


Ліст даслалі з пошты, якая не належыць камандзе Ціханоўскай, гаворыцца ў заяве прэс-службы, якая заклікае правяраць паштовыя адрасы і нагадвае, што ўсе кантакты ад імя Офіса Ціханоўскай пазначаны на яе афіцыйным сайце.
У заяве таксама адзначаецца: Святлана Ціханоўская ад першага дня вайны кажа, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін — агрэсар, які пачаў вайну ва Украіне з дапамогай Аляксандра Лукашэнкі, які супраць волі беларусаў дазволіў расійскаму войску пачаць уварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.
«Першая яе заява была апублікаваная у 5:15 раніцы 24 лютага 2022 года.
Святлана Ціханоўская яшчэ ў сакавіку на выступе ў ААН заклікала прызнаць Беларусь краінай пад часовай ваеннай акупацыяй, прыцягнуць Лукашэнку, як і Пуціна, да трыбунала».
У заяве таксама нагадваюць, што «беларусы супрацьстаяць дваім дыктатарам, якія развязалі вайну. І, каб вырашыць беларускае пытанне, трэба спыніць і Лукашэнку, і Пуціна».

Паводле РС.