Гебхарт Вайс: Мінск асцерагаецца "гібрыднай вайны"

Былы пасол ФРГ у Беларусі Гебхарт Вайс не губляе веры ў тое, што перамены ў бок дэмакратыі ў Беларусі магчымыя, як і аднаўленне дыялогу з Еўрасаюзам. І гэта нават пры Лукашэнку. Кіраўніцтву Беларусі ўсяго толькі трэба праявіць мудрасць і крытычна паглядзець на сваю магчымую будучыню пад бокам вялікага ўсходняга суседа.



images57.jpg

Гебхарт Вайс (Gebhardt Weiss) — вядомы нямецкі дыпламат. Ён прадстаўляў інтарэсы Германіі ў Харватыі і Казахстане, а ў 2004–2007 гадах быў паслом ФРГ у Мінску.

Ці мусіць Захад змяніць сваё стаўленне да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з сітуацыяй на Украіне? Чаму Еўразвяз павінен быць зацікаўлены ў захаванні суверэнітэту Беларусі? На гэтыя пытанні адказвае Гебхард Вайс.
 

DW: Канфлікт ва Украіне, сустрэчы "нармандскай чацвёркі" ў Мінску далі прэзідэнту Лукашэнку магчымасць вярнуцца на міжнародную арэну. Ён актыўна шукае збліжэння з Захадам. У чым прычына? Ён баіцца, што Беларусь стане наступным напрамкам экспансіі Крамля?

Гебхарт Вайс: Незалежна ад таго, што ў Расіі ёсць сілы, якія настальгуюць па былой імперыі, спрабуюць паўсюль сабраць "рускі свет", прэзідэнт Лукашэнка, як і ўвесь народ, па-мойму, асабіста зацікаўлены ў тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Украіна — другі пасля Расіі гандлёвы партнёр Беларусі. Паміж людзьмі шмат роднасных і іншых сувязяў. Таму дэстабілізацыя Украіны турбуе не толькі рэжым, але і насельніцтва Беларусі. Людзі разумеюць, што ад тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны залежыць і іх незалежнасць.

DW: Але існуе Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі. Наколькі вялікая спакуса для Масквы ажывіць гэтае мёртванароджанае дзіця?

Гебхарт Вайс: Нядаўняя сустрэча двух прэзідэнтаў паказала, што пакуль размова ідзе пра развіццё супрацоўніцтва паміж Масквой і Мінскам. Дарэчы, а што разумець пад Масквой? Усе мы ведаем, што там ёсць сілы, якія імкнуцца далей Крамля. Жырыноўскі, Зюганаў і іншыя адкрыта абвяшчаюць, што адасабленне былых савецкіх рэспублік ад імперыі было супярэчным прыродзе. Рэвізіяністаў у Маскве больш чым дастаткова. Нельга выключыць, што яны пачнуць дзейнічаць і супраць волі Крамля. Нядаўна Лукашэнка даў заданне свайму Генштабу падрыхтаваць стратэгію, якая ўлічвае, сярод іншага, магчымасць "гібрыднага" нападу на Беларусь. Ён прама ўказаў на сітуацыю на Украіне.

DW: Зусім нядаўна Лукашэнку называлі "апошнім дыктатарам Еўропы". Вы выступаеце за паступовае збліжэнне з ім. Ці трэба кіравацца старым прынцыпам рэальнай палітыкі: "ён, вядома, нягоднік, але гэта наш нягоднік"?

Гебхарт Вайс: Я па адукацыі гісторык. "Дыктатар" — гэта з лексікону тых, хто дэманстратыўна змагаецца супраць Лукашэнкі. Успомніце сталінізм, нацыянал-сацыялізм, ўсходнееўрапейскія дыктатуры. У параўнанні з імі да Лукашэнкі больш падыходзіць вызначэнне "аўтарытарнага кіраўніка".

DW: Спадар Вайс, вы ўвесь час падкрэсліваеце неабходнасць захаваць незалежнасць Беларусі. Ці трэба пры гэтым ахвяраваць правамі чалавека...
 

Гебхарт Вайс: Абедзве задачы важныя. Незалежнасць Беларусі ў інтарэсах Еўразвяза, асабліва краін Балтыі, Польшчы, і Украіны. Толькі выкажам здагадку, што Расія сціснула ў брацкіх абдымках Беларусь. Тады пагроза і ціск будуць накатвацца на Украіну не толькі з усходу, але і з поўначы. Паглядзім далей: якія шанцы на дэмакратызацыю, на стварэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, калі яна будзе фактычна ўключана ў склад аўтарытарнай Расіі? Давайце возьмем сённяшні Крым. Я мяркую, у цяперашніх умовах ніякая дэмакратызацыя ў Крыме па еўрапейскіх стандартах немагчымая.
 

DW:  Што можа, што павінен зрабіць Лукашэнку для збліжэння з Захадам?

Гебхарт Вайс: Трэба, напрыклад, спыніць ірацыянальнае абыходжанне з палітычнымі вязнямі. Яно ірацыянальнае, таму што шкодзіць самой Беларусі, робіць яе закладнікам праблемы. Мінск закрывае сабе дарогу ў Брусэль. Цяпер уявіце сабе, што Лукашэнка ў сувязі з 70-годдзем заканчэння вайны ўсіх палітычных зняволеных па сваёй ахвоце амністуе. Або ўключае іх у спісы традыцыйнай амністыі да дня незалежнасці 3 ліпеня. Варта падысці да праблемы рацыянальна, і Захад пойдзе на зваротныя саступкі Лукашэнкі.
 

DW: А што можа паабяцаць Еўрасаюз, што ён можа зрабіць, каб Лукашэнка ўбачыў, што ўсё гэта яму выгадна?
 

Гебхарт Вайс: Перш за ўсё, прыпыніць дзеянне санкцый, а потым, у залежнасці ад рэальнага прагрэсу, і зусім іх адмяніць. Калі выбары восенню пройдуць нармальна, адкрыюцца новыя перспектывы. Гэта быў бы ясны сігнал для інвестараў у Германіі, у Еўропе, што ў доўгатэрміновай перспектыве Беларусі можна давяраць.
Многія інвестары сышлі ці адклалі свае праграмы ў Расіі. Еўрапейскія грошы маглі б хлынуць у Беларусь, а з імі — працоўныя месцы, новыя тэхналогіі і паступленні ў дзяржаўны бюджэт. Гэта нельга зрабіць націскам кнопкі, але трэба пачынаць рацыянальны дыялог. Неабходна аднавіць давер паміж Мінскам і Брусэлем. Трэба дапамагчы Беларусі захаваць сваю незалежнасць.
 

Deutsche Welle