Кошт аўтарытарнай стабільнасці

Дзяржаўны дэпартамент ЗША адмяніў санкцыі ў дачыненні да “Беларуснафты”, якія дзейнічалі ад 29 сакавіка 2011 года. Чаму гэта адбылося? Ці пойдзе на адмену санкцый ЕС? Пра гэта разважае палітолаг Валерый Карбалевіч.



03b84b21ed6314e08ed9ec7ab6aa3bf3.jpg

Рашэнне пра адмену санкцый да "Беларуснафты" за подпісам памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаннях эканомікі і бізнэсу Курта Тонга апублікаванае ў Федэральным рэгістры.

Як адзначаецца ў дакуменце, дзяржаўны сакратар ЗША прыняў рашэнне зняць санкцыі, накладзеныя ў адпаведнасці з Актам аб санкцыях у дачыненні да Ірана ад 1996 года, з рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларуснафта” ў звязку з тым, што кампанія больш не займаецца дзейнасцю, якая падпадае пад санкцыйныя абмежаванні, а таксама атрыманы гарантыі, што яна не будзе займацца падобнай дзейнасцю ў будучыні. Такім чынам, адзначаецца ў паведамленні, некаторыя санкцыі, уведзеныя датычна “Беларуснафты” 29 сакавіка 2011 года, больш не дзейнічаюць.

Што ў больш шырокім сэнсе адзначае гэты крок з боку ЗША?

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, пэўным чынам на такое рашэнне паўплывала і атмасфера нармалізацыі адносінаў паміж Захадам і Беларуссю.  

— Па-першае, гэтая атмасфера, якую зафіксаваў пры канцы лютага высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Эрык Рубен, які ўпершыню сустрэўся з Лукашэнкам. Рубен заявіў, што цяпер адносіны ЗША з Беларуссю будуць развівацца паралельна з патрабаваннямі ЗША датычна правоў чалавека. Калі раней адно з другім жорстка ўвязвалася, ставілася ўмова, што калі ўмовы з правамі чалавека не палепшацца, тады не будзе паляпшэння стасункаў у іншых глінах, то цяпер такой увязкі няма.

Другі чыннік — гэта тлумачэнне Дзярждэпа, што цяпер няма супрацоўніцтва беларускіх кампаніяў з іранскімі — тымі, адносна якіх была ўведзена забарона. Гэта лагічна, таму што ўзровень дачыненняў Беларусі з Іранам зменшыўся пасля сыходу са сваёй пасады прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада. І, нарэшце, трэцяя прычына — гэта размарожванне адносінаў паміж ЗША і Іранам, што выклікала змякчэнне ці адмову некаторых санкцыяў з боку Злучаных Штатаў адносна Тэгерана.

— Але ж санкцыі супраць афіцыйнага Мінска ўводзіў і Еўрасаюз. Як быць з імі? Ці не стане прыклад ЗША штуршком і для ЕС, каб пачаць адмену санкцыяў у дачыненні да Беларусі?

— Зараз цяжка даваць прагнозы. Там цяпер ідзе дыскусія, і, як мне падаецца, прадстаўнік міністэрства замежных спраў Латвіі заявіў, што гэтыя санкцыі будуць адмененыя ў першым паўгоддзі. Дыскусія ідзе, і гэта таксама вельмі важны паказнік таго, што нешта мяняецца.

— Чым жа абумоўлена змена стаўлення ЗША і Еўропы да афіцыйнага Мінска? Хіба становішча тут істотна палепшала?

— Унутры Беларусі сітуацыя ніяк не змянілася. Хутчэй наадварот — шрубы заціскаюцца. Але ж змянілася геапалітычная сітуацыя ў рэгіёне. Украінскі крызіс паўплываў на тое, што геапалітыка выйшла на першы план, а праблема каштоўнасцяў — правоў чалавека і дэмакратыі — адышла ў бок. На гэтым тле стаўленне да Беларусі мяняецца, больш цэніцца беларуская стабільнасць, высвятляецца, што дэмакратызацыя часта вядзе да дэстабілізацыі. Гэта назіраецца і на прыкладзе Украіны, і тых краінаў, якія перажылі “арабскую вясну”.

Гэта трывожыць Захад, таму стабільнасць, нават аўтарытарная, стала цаніцца больш, чым раней. Да таго ж, параўнальна з Пуціным Лукашэнка ўжо не самы горшы дыктатар. І стаўленне Беларусі да ўкраінскага крызісу, спроба захаваць нейтралітэт у гэтым канфлікце таксама ацэньваецца Захадам станоўча. Вось усе гэтыя чыннікі і вядуць да таго, што адбываецца працэс, як сказала Майра Мора (пасол ЕС у Беларусі. — заўвага Г. К.), да нармалізацыі. Я б назваў гэты працэс размарожваннем адносінаў.

Нагадаем, санкцыі ў адносінах да “Беларуснафты” былі накладзены Дзярждэпартаментам ЗША ў сакавіку 2011 года з прычыны кантракта беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй NaftIran Intertrade. У тым годзе ВА “Беларуснафта” заключыла кантракт з NaftIran Intertrade Company на 500 мільёнаў долараў ЗША для распрацоўкі нафтавага радовішча Джойфер. Закон ад 1996 года прадугледжвае накладанне санкцыяў на кампаніі, якія інвестуюць у Ірак больш за 20 мільёнаў долараў.