Партнёрства, аднак не ўсходняе

У Еўропе пачынаецца вырашальны этап бітвы за лёс праекту Міжатлантычнага партнёрства па гандлі і інвестыцыях (TTIP). Рэалізацыя TTIP можа цалкам змяніць Еўропу, аднак у праекта хапае апанентаў.



stop_ttip_0.jpg

Калі да канца гэтага года, як запланавана, Міжатлантычнае партнёрства ўступіць у сілу, мы не пабачым больш Еўропу такой, якую ведаем зараз.

Перад тым, як апісаць перспектывы, варта нагадаць, што такое TTIP. У двух словах: TTIP — гэта вольная гандлёвая зона паміж Еўрасаюзам і ЗША. Ідэя міжатлантычнай вольнай гандлёвай зоны ўпершыню з’явілася ў 1990-я гады, калі пасля заканчэння халоднай вайны пачаліся дэбаты пра тое, што рабіць з NАТО. З улікам таго, што варожы камуністычны блок перастаў існаваць, падавалася, быццам вайсковая структура Захаду цяпер ужо і не патрэбная. Некаторыя прапанавалі замяніць вайсковы пакт на эканамічны.

Праўда, хуткі канфлікт у Косава давёў, што ідэя NАТО застаецца актуальнай, і інтарэс да рэформы заўважна скараціўся. Пра міжатлантычную СЭЗ ўзгадалі на пачатку гэтага стагоддзя на фоне вельмі цяжкіх перамоваў у рамках WTO. Напрыклад, за яго агітавала Ангела Меркель у 2006 годзе.

А два гады таму вельмі бюракратызаваныя апараты адміністрацыі прэзідэнта ЗША і Еўракамісіі нечакана сінхронна пачалі фарсіраваць стварэнне TTIP. Узімку 2013 года Барак Абама і Мануэль Барозу (тагачасны старшыня Еўракамісіі) далі адпаведныя інструкцыі для пачатку ўзаемных кансультацый. А ўжо ў ліпені 2014-га ўсё было гатова для непасрэднага пачатку амерыкана-еўрапейскіх перамоваў. 7 студзеня праект дамовы, над тэкстам якой працавала 25 сумесных камітэтаў з прадстаўнікоў ЕС і ЗША, быў апублікаваны Еўрапейскай камісіяй.

Адначасова статыстычныя дэпартаменты пазнаёмілі з контурамі бліскучай будучыні, якая чакае народы ЕС і ЗША ў выпадку прыняцця плану TTIP. Аўтары Міжатлантычнага партнёрства лічаць, што рэалізацыя TTIP дазволіць павялічыць эканамічны рост па абодва бакі Атлантыкі. Паводле разлікаў, памеры гандлю могуць вырасці на 50 адсоткаў, што, натуральна, паспрыяе бізнесу і стварэнню новых працоўных месцаў. Усяго ў гэтай зоне, адпаведна калькуляцыі, будзе вырабляцца 46 працэнтаў сусветнага ВУП (зараз каля 35). Калі верыць прагнозам, эканамічны бум, якому пастрыяе рэжым TTIP, аўтаматычна дадасць у гадавы бюджэт сярэдняй еўрапейскай сям’і каля 550 еўра. Еўрапейская эканоміка штогод зможа прадаць тавараў на 120 мільярдаў еўра больш, чым зараз.

Крытыкі Міжатлантычнага партнёрства малююць зусім іншую карцінку. На іх думку, у выпадку запуску TTIP, Еўропа трансфармуецца ў нейкую дыктатуру заакіянскіх канцэрнаў. Сыходным пунктаў для такіх арыгінальных, на першы погляд, прагнозаў ёсць цяперашні прававы рэжым міжатлантычнага гандлю. Ён дастаткова мяккі і без усякіх TTIP (тарыфы менш за тры працэнты), паколькі ЗША і ўсе краіны Еўрасаюзу — сябры Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

У чым у такім разе галоўная сутнасць TTIP? Каб адказаць на гэта пытанне, прапануецца паглядзець на статыстыку ўзаемных інвестыцый. Першага погляду дастаткова, каб заўважыць розныя інвестыцыйныя прыярытэты паміж амерыканскімі бізнесменамі і іх еўракалегамі. Першыя ў 2–3 разы актыўней на еўрапейскім рынку. Слабы інтарэс еўрапейцаў да ўкладання сродкаў у амерыканскі рынак дазваляе казаць пра тое, што TTIP — інструмент эканамічнай каланізацыі ЕС.

Галоўнай зброяй амерыканцаў для захопу еўрарынкаў, быццам, ёсць супярэчлівы пункт у дамове, што называецца Investor-state dispute settlement (ISDS). ISDS дазваляе фірме, якая працуе ў Міжатлантычнай вольнай гандлёвай зоне, судзіцца з урадам краіны, дзе яна працуе, не па месцы працы. За кошт ISDS кампаніі могуць дзейнічаць цалкам аўтаномна ад мясцовых адміністрацый і з часам нават браць іх пад кантроль. Найбольш гучна супраць TTIP пратэстуе Будапешт. «Не магу падтрымаць дамову пра вольны гандаль, якая пазбаўляе венгерскае права магчымасці судзіць гандлёвыя спрэчкі», — заявіў на днях венгерскі прэм’ер. Хаця Орбан — палітык правых поглядаў, у гэтым пункце яго падтрымліваюць шматлікія еўрапейскія прафсаюзы. ISDS змяншае іх шансы ціснуць на дырэктарат прадпрыемстваў праз суды.

Ёсць і іншыя негатыўныя рэчы. Напрыклад, італьянскія аграрыі вельмі незадаволеныя тым, што кампаніі, якія зарэгістраваныя за акіянам, атрымаюць магчымасць прадаваць на еўрапейскім рынку забароненыя тут генетычна мадыфікаваныя прадукты. Прычым тыя прадукты могуць называцца «пармезан» або «мацарэла». Шэраг правінцыйных муніцыпалітэтаў Італіі нават прынялі агульны вотум недаверу TTIP.

Апафеоз канфлікту аматараў і крытыкаў Міжатлантычнага партнёрства прыйдзецца на май, калі Еўракамісія збіраецца падсумаваць заўвагі экспертаў. Пасля, тэарэтычна, павінна пачацца заканадаўчая працэдура. Адначасова ў красавіку прафсаюзы, эколагі і грамадскія ініцыятывы пастараюцца сарваць гэты працэс масавымі маніфестацыямі. Дзень агульных акцый супраць TTIP у Еўропе і ЗША прызначаны на 18 красавіка. У сваю чаргу, Еўракамісія збіраецца сабраць грамадскі форум, каб растлумачыць сэнс рэформаў.

Аднак пахаваць TTIP можна без усякіх маніфестацый і мабілізацый на стадыі ратыфікацыі ў нацыянальных парламентах ЕС. Заканадаўства некаторых краін Еўрасаюзу патрабуе, каб законы аб замежным гандлі ратыфікаваў выключна парламент (напрыклад, так запісана ў Канстытуцыі Францыі).

З улікам росту еўраскептыцызму ў некаторых краінах Еўропы, шансы ў TTIP атрымаць падтрымку ў Грэцыі або нават Францыі невысокія. Акрамя таго, ужо зараз відавочна, што фармальная неабходнасць ратыфікацыі Міжатлантычнага партнёрства на месцах дае малым суб’ектам ЕС магчымасць шантажыраваць Брусэль і Вашынгтон. Напрыклад, за падтрымку TTIP у мінулым лістападзе балгарскі ўрад патрабаваў ад ЗША адмены візавага рэжыму для балгарскіх грамадзян.

Таксама не зразумела, што рабіць з краінамі, якія маюць з ЕС рэжым гандлёвай асацыяцыі. Фактычна, тая ж Турцыя або Украіна змогуць праз ЕС, куды яны экспартуюць тавары без пошлінаў, выходзіць на амерыканскі рынак. Адным словам, у TTIP пакуль шмат незразумелага.