Аляксандр Алесін: Ступень недаверу ў Еўропе павялічылася

Выхад Расіі з Дамовы аб звычайных узброеных сілах падвысіць ступень недаверу ў Еўропе. Такое меркаванне выказвае вайсковы аглядальнік газеты “Беларусы і рынак” Аляксандр Алесін.



alesin_bp.jpg

Дамова, падпісаная ў 1990 годзе NATO і Арганізацыяй Варшаўскай дамовы, фактычна спыніла халодную вайну ў Еўропе. Як адзначае Аляксандр Алесін, гэты дакумент вызначаў квоты колькасці войскаў і ўзбраенняў для паасобных краінаў, якія размешчаныя на еўрапейскім кантыненце, ды ўтрымліваў іншыя абавязацельствы:

— Там былі працэдуры, якія прадугледжвалі, колькі войскаў і баявой тэхнікі можна прыцягваць да вучэнняў, як доўга яны могуць знаходзіцца ў раёнах вучэнняў, прадугледжвалі працэдуру кантролю, запрашэння назіральнікаў на вучэнне, удакладнення наяўнасці войск і тэхнікі ў вызначаных рэгіёнах. То бок кожная краіна-ўдзельніца дамовы мае права запатрабаваць праверкі тэрыторыю любой сумежнай краіны.

Напярэдадні расейскі МЗС абвясціў пра адмову гэтай краіны ад удзелу ў кантактнай групе па выкананні Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

Расійскі бок папрасіў Беларусь, каб яна прадстаўляла Расію ў гэтай групе.

Беларускі МЗС пакуль устрымліваецца ад каментароў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя