Захад пагражае "жорсткай рэакцыяй" за парушэнне мінскіх дамоўленасцяў
Сусветныя лідэры ў часе відэаканферэнцыі ў шасцібаковым фармаце выступілі за пашырэнне паўнамоцтваў АБСЕ на ўсходзе Украіны і падкрэслілі гатоўнасць да ўвядзення новых санкцый.
У выпадку "значнага невыканання" мінскіх дамоўленасцяў бакамі канфлікту на ўсходзе Украіны краіны Захаду гатовыя прадэманстраваць "жорсткую рэакцыю". Да такога рашэння прыйшлі сусветныя лідэры ў ходзе праведзеных у рэжыме відэаканферэнцыі перамоваў.
Як паведаміла прэс-служба Елісейскага палаца, у перамовах узялі ўдзел прэзідэнты ЗША і Францыі Барак Абама і Франсуа Аланд, кіраўнікі нямецкага, брытанскага і італьянскага ўрадаў Ангела Меркель, Дэвід Кэмеран і Матэа Рэнца, а таксама старшыня Еўрасавета Дональд Туск.
Бакі перамоваў "выказалі поўную падтрымку пакету мераў, прынятым у Мінску 12 лютага, і пацвердзілі адзінства сваіх поглядаў у пытанні мер аў па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны".
Сусветныя лідэры падкрэслілі значэнне Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у назіранні за спыненнем агню і адводам цяжкіх узбраенняў. Удзельнікі размовы выступілі за ўмацаванне і пашырэнне маніторынгавай місіі АБСЕ на Украіне.
У заяве адзначаецца, што бакі "нагадалі пра сувязь паміж дзеючымі санкцыямі і ажыццяўленнем мінскага пакета" дамоўленасцяў. Адмена штрафных мер магчымая толькі пры паўнавартаснай рэалізацыі мінскіх пагадненняў, растлумачыў афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўрада Германіі Штэфэн Зайберт. У той жа час, эскалацыя канфлікту прывядзе да ўводу новых санкцый у дачыненні да вінаватых у зрыве мірнага працэсу, дадаў ён.