Хто ўзняў кошты на аўсянку

У адрозненне ад усеагульнага дэфіцыту савецкага ўзору, у якасці галоўнага дэфіцыту сёння выступае «крыша», так званая магчымасць атрымання рэсурсаў на льготных умовах.

У адрозненне ад усеагульнага дэфіцыту савецкага ўзору, у якасці галоўнага дэфіцыту сёння выступае «крыша», так званая магчымасць атрымання рэсурсаў на льготных умовах.
Заўсёды непрыемна расставацца з надзеяй, спароджанай палітычнымі ілюзіямі. У ліпені ў мяне адбылася спрэчка з суседкай па лесвічнай пляцоўцы, на той момант актыўнай прыхільніцай «адзінага палітыка» (АП). У адрозненне ад мяне, суседка глядзіць тэлевізар. У ліпені галоўны персанаж навінавых тэлепраграм паабяцаў, што праз тры месяца яна забудзе, што «дзесьці цэны падняліся». Ён паабяцаў. Яна паверыла. А я апынуўся крайнім. І тузануў жа мяне чорт за язык. У ліпені кошты выраслі на 3,5%, у кастрычніку (праз тры месяца) — на 8,2%.
Мая суседка — пенсіянерка. Увесь мінулы год родная дзяржава, не шкадуючы часу і грошай, рыхтавала яе да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Звернемся да графіка, узятага на сайце Белстату. Калі рэальны памер прызначаных пенсій у студзені 2011 года ў параўнанні са снежнем 2010-га паменшыўся на 1,4%, то годам раней на тым жа часавым адрэзку ён вырас на 8,1%. Увесь мінулы год лінія, пазначаная трохкутнікамі, знаходзілася вышэй сваіх «калегаў», але ў студзені 2011 года яна спікіравала, у той час як лінія зарплаты, наадварот, свечкай узнялася ўгару. Выбары скончыліся…
Імпатэнцыя антыманапольнага органа
Ісціна пазнаецца ў параўнанні. За ўвесь мінулы год «набегла» 10,6 інфляцыйных працэнта, а тут за адзін месяц — 8,1. Сітуацыя відавочна выходзіць з-пад кантролю. Спасылкі на знешнія сілы, якія імкнуцца «дестабилизировать обстановку в стране, посеять хаос, недоверие людей к власти, чтобы потом возникающими проблемами, как удавкой, задушить нашу страну, нашу независимость, развязать руки для прямого вмешательства во внутренние дела и диктовать волю белорусскому народу», ужо не здольныя пераканаць нават пенсіянераў.
Пенсіянеры не толькі гля­дзіць тэлевізар, але і чытаюць «Советскую Белоруссию». Як тут ні працытаваць: «Понятно, что производители поднимают цены не просто так: растут затраты. После девальвации все импортное сырье, ингредиенты подорожали. Но, заходя в магазин, задаюсь простыми вопросами. Вот, например, прилавок с кашами. Всегда с удовольствием беру овсяные хлопья «Экстра» гомельского Новобелицкого комбината хлебопродуктов. Доступно, вкусно, полезно. Только в прошлом году пачка хлопьев стоила 900 рублей. А недавно брал их уже по 4 230. То есть цена выросла в 4,7 раза! Даже доллар по отношению к рублю рос не так быстро».
Выснова, да якой прыходзіць журналіст, цалкам укладваецца ў стандартнае ўяўленне пра паводзіны на рынку вытворцы-манапаліста. Артыкул, дарэчы, названы «Пора брать слово антимонопольному комитету». Публікацыі папярэднічала сустрэча АП са старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандрам Якабсонам, на якой абмяркоўвалася «неабходнасць узмацнення антыманапольнага заканадаўства і актывізацыі працы антыманапольнага органа».
Адкрыем Вялікую савецкую энцыклапедыю. Яна ведае слова «манаполія» і тлумачыць яго як буйное гаспадарчае аб’яднанне, з дапамогай якога капіталісты ўсталёўваюць манапольныя цэны з мэтай атрымання манапольнага прыбытку. Ёсць у энцыклапедыі і артыкул, прысвечаны развіццю манаполій у Расіі, але прыве­дзеныя ў ім факты, як няцяжка здагадацца, не выходзяць за часавыя рамкі 1917 года. Таму для разумення феномену аўсянкі «Экстра» нам давядзецца звярнуцца да іншай крыніцы.
Грамадства спецыфічных адносін
Класічнай у гэтым сэнсе з’яўляецца мініяцюра сатырыка Міхаіла Жванецкага, прысвечаная дэфіцыту. Не магу адмовіць сабе ў задавальненні працытаваць адзін з фрагментаў: «Ты приходишь ко мне, я через завсклада, через директора магазина, через товароведа, через заднее крыльцо достал дефицит! Слушай, ни у кого нет — у меня есть! Ты попробовал — речи лишился! Вкус специфический! Ты меня уважаешь. Я тебя уважаю. Мы с тобой уважаемые люди. В театре просмотр, премьера идет. Кто в первом ряду сидит? Уважаемые люди сидят: завсклад сидит, директор магазина сидит, сзади товаровед сидит. Все городское начальство завсклада любит, завсклада ценит. За что? Завсклад на дефиците сидит! Дефицит — великий двигатель общественных специфических отношений».
Прынята лічыць, што дэфіцыт у савецкі час быў спароджаны недахопам вытворчых магутнасцяў, і што па меры іх нарошчвання праблема дэфіцыту знікне сама сабой. Аднак гады ішлі, магутнасці ўводзіліся, а ў шэраг дэфіцытных траплялі ўсе новыя тавары і паслугі. Ні будаўніцтва АўтаВАЗа, які ў разы павялічыў вытворчасць легкавых аўтамабіляў, ні будаўніцтва іншых прамысловых гігантаў праблемы дэфіцыту так і не змаглі вырашыць.
 Гэты парадокс быў звязаны з тым, што вытворчасць дэфіцыту і выступала ў якасці асноўнай мэты, якую пераследавалі суб’екты савецкай эканомікі. Мэта суб’ектаў рынкавай эканомікі — прыбытак, гэта значыць грошы. Папулярнасць грошай тлумачыцца тым, што яны валодаюць унікальнай здольнасцю абменьвацца на іншыя тавары, але толькі пры ўмове, што іншыя тавары маюцца ў свабодным продажы, іншымі словамі, не з’яўляюцца дэфіцытам.
Звярніце ўвагу, у Жванецкага нічога не гаворыцца пра грошы. Для трапляння ў шэраг паважаных людзей патрэбныя былі не грошы, а права распараджацца дэфіцытам. Такім правам у савецкі час валодалі не толькі працаўнікі гандлю, але і вытворцы-манапалісты тавараў і паслуг. Таму барацьба за захаванне манапольных правоў, якія даюць магчымасць адны віды дэфіцыту абменьваць на іншыя, і складала сутнасць «общественных специфических отношений», што сфармаваліся ва ўмовах усеагульнай манаполіі на дэфіцыт.


Такі тып манаполіі не мае нічога агульнага з капіталістычнай манаполіяй. У яе аснове ляжыць сінкрэтычнае адзінства ўлады і ўласнасці. Для захавання гэтага архаічнага па сваёй прыродзе адзінства неабходна ідэалагічнае прыкрыццё, якое ў Беларусі выступае ў форме дзяржаўнай ідэалогіі.
Манаполія на дэфіцыт узнікае як рэнта на ўласнасць, якой кіруе першая асоба. Свае рухі цела, накіраваныя на захаванне аднаасобнага права распараджацца дэфіцытам, сама першая асоба лічыць палітычнай дзейнасцю, якая мае сэнс толькі ва ўмовах захавання абсалютнай на яе манаполіі. Таму невыпадкова самога сябе першая асоба называе «адзіным палітыкам», і гэта якраз той выпадак, калі з ім варта пагадзіцца.
Грошы дэфіцыту не перашкода
Манаполія на дэфіцыт не можа быць адваяваная аднойчы і назаўсёды. Занадта шмат ахвотнікаў «адшчапіць» сваю частку ад маналіту. У СССР гэтым паспяхова займаліся нават гандляркі ў крамах, што і пацвярджаў знакаміты афарызм «вас шмат — я адна». Але чым вышэй чалавек уздымаўся па прыступках іерархічнай лесвіцы, тым большымі патэнцыйнымі магчымасцямі «адшчэпліваць» ён валодаў. У выніку трываласць усёй сацыяльнай канструкцыі вызначалася здольнасцю цэнтра стрымліваць націск перыферыі. Два разы ў мінулым стагоддзі даць рады гэтай задачы цэнтр не здолеў, што прыводзіла да распаду адзінай манапольнай прасторы дэфіцыту на лакальныя.
Здавалася б, з актыўным пранікненнем рынкавых адносін у планавую эканоміку савецкага ўзору манаполія на дэфіцыт засталося ў мінулым. У Мінску, як і ў Парыжы, набыць любы тавар і паслугу сёння не праблема. Былі б грошы. Гэта сапраўды так, вось толькі доступ да грошай неяк незаўважна апынуўся манапалізаваны. У якасці галоўнага дэфіцыту сёння выступае «крыша» — магчымасць атрымання рэсурсаў, дэфіцытных падатковых, мытных і іншых ільготаў, танных крэдытаў у банку ды ўсяго астатняга. Таму за любым беларускім манапалістам-вытворцам без цяжкасці можна разгледзець «адзінага палітыка» краіны, які ператварыў палітыку ў сваю манаполію.
У краіне з адкрытай эканомікай захаваць яе не так проста. Справа тут не ў слабасці апазіцыі і не ў пасіўнасці грамадства. Асноўная пагроза манаполіі на палітычны дэфіцыт зыходзіць з боку рынка, і не важна, прыходзіць яна з Захаду ці з Усходу. Рынак развіваецца толькі ў асяроддзі ўніверсальных правіл, манапалізму ж універсальнае асяроддзе проціпаказанае. У якасці прыкладу спашлюся на спробы беларускага ўрада пралангаваць да 2017 года норму абавязковага 30-працэнтнага продажу валютнага прыбытку суб’ектамі гаспадарання. З гэтага ж пункту гледжання варта ацэньваць і імкненне дамагчыся адтэрміноўкі на права беларускіх прадпрыемстваў адкрываць рахункі ў банках Расіі і Казахстана.
Вернемся да графіку. Ён дапамагае нам зразумець, што да прэзідэнцкіх выбараў асноўнымі бенефіцыярамі дзяржаўнай палітыкі былі пенсіянеры (прадстаўнікі «большасці»), а пасля выбараў у фаворы апынуліся эканамічна актыўныя грамадзяне (прадстаўнікі «меншасці»). Важная дэталь — па тэмпах падзення рэальнай зарплаты ў лідарах апынуліся працаўнікі бюджэтнай сферы. Маўр, як кажуць, зрабіў сваю справу, маўр можа сысці.
Але сказаўшы «А», уладальнік манаполіі на палітычны дэфіцыт будуць вымушаны з часам прамовіць і наступныя літары алфавіту. На адной літары канкурэнтаздольнай эканомікі не пабудаваць. Іншая справа, што адноўленая плынь расійскіх шчадротаў здольная істотна замарудзіць працэс засваення палітыка-эканамічнай азбукі.