Юры Чыгілейчык збіты і скалечаны

На чарговым штотыднёвым пасяджэнні каардынацыйнай групы «За Волю», у якую ўваходзяць сваякі палітвязняў ды грамадскія актывісты, разглядалася пытанне асвятлення праблемаў палітвязняў у незалежных СМІ ды асобы зняволеных Аляксандра Крутога, Юрыя Чыгілейчыка і Аляксандра Малчанава.



4d19b37a2c399deace9082d464930022.jpg

На чарговым штотыднёвым пасяджэнні каардынацыйнай групы «За Волю», у якую ўваходзяць сваякі палітвязняў ды грамадскія актывісты, разглядалася пытанне асвятлення праблемаў палітвязняў у незалежных СМІ ды асобы зняволеных Аляксандра Крутога, Юрыя Чыгілейчыка і Аляксандра Малчанава.
Паводле сваякоў зняволеных, у незалежных друкаваных СМІ надаецца мала ўвагі палітвязням. Гаворка ідзе менавіта пра газеты, якія трапляюць у турмы і якія могуць чытаць як уласна палітвязні, так і іншыя зэкі. Былы палітвязень, дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка згадаў, як падчас адсідкі яму дапамагалі незалежныя газеты: «У перыяд, калі мы чакалі вынікаў абскарджвання прысуду — гэта паўтара месяца — навінаў у мяне фактычна не было, газеты пра мяне не ўзгадвалі. Ужо пачыналі падыходзіць зэкі і пасміхацца — маўляў, забыліся на цябе, будзеш адседжваць свае сем гадоў з канфіскацыяй. Калі ўжо разглядзелі нашу скаргу, пра гэта напісалі ў газетах. І зэкі, і адміністрацыя пачалі ставіцца зусім іначай, перасталі чапаць».
Аляксандр Дзядок, бацька зняволенага анархіста Мікалая Дзядка, звярнуў увагу прысутных журналістаў на недахоп грунтоўных матэрыялаў пра палітвязняў. Ён прывёў у прыклад крымінальную справу «анархістаў», па якой быў асуджаны і яго сын — маўляў, нават у «сваёй тусоўцы» мала хто ведае, за што ўласна асудзілі анархістаў, якія доказы і абвяржэнні былі прадстаўленыя пракурорамі і адвакатамі. З-за гэтага няведання ў дэмакратычным асяродку (а што ўжо казаць пра звычайных чытачоў!) узнікае стаўленне да анархістаў як да «недапалітвязняў».
Прысутныя журналісты акрэслілі сваё бачанне — якаснаму асвятленню праблемаў палітвязняў замінаюць як малыя газетныя плошчы ды рэдакцыйная палітыка, так і расканцэнтраванасць навінаў — няпроста штодня трымаць сувязь з двума дзясяткамі сваякоў палітвязняў. Медыйшчыкі прапанавалі грамадскім актывістам стварыць своеасаблівы інфармацыйны цэнтр — прызначыць некалькі чалавек, да якіх бы сцякалася самая свежая інфармацыя пра ўсіх палітвязняў, і да якіх маглі б вольна звяртацца журналісты.
Удзельнікі круглага стала прысвяцілі асаблівую ўвагу зняволеным Крутому, Малчанаву ды Чыгілейчыку. Калі пра першых двух вязняў навіны час ад часу з’яўляюцца, за іх лёсам сочыць грамадскасць і праваабаронцы, дык імя Юрыя Чыгілейчыка мала каму знаёмае.
А ведаць гэтае імя варта — без перабольшанняў Юры Чыгілейчык ахвяраваў сваім здароўем і свабодай, дапамагаючы экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і старшыні «Маладога Фронту» Змітру Дашкевічу. Гісторыю Чыгілейчыка распавёў ягоны паплечнік па «Платформе» Андрэй Бандарэнка.
«Калі вы памятаеце, напачатку ліпеня мы атрымалі інфармацыю з Глыбоцкай калоніі наконт збіцця вязняў, — распавёў Андрэй. — Пры дапамозе Юры, які ў маі вызваліўся з Глыбоцкай калоніі (адбываў тэрмін за махлярства — Т.Ш.), мы знайшлі не толькі саміх вязняў, але і іх матуль. Мы правялі гучную прэс-канферэнцыю, Генпракуратура зладзіла шырокае расследаванне, былі наступствы для калоніі. Пасля Юра дапамагаў атрымоўваць і правяраць інфармацыю па збіцці вязняў у Івацэвіцкай калоніі. Зараз і ў Івацэвічах, і ў Глыбокім усё больш-менш супакоілася. Яны (адміністрацыя — Т.Ш.), канешне, гавораць вязням — пачакайце, няхай усё суцішыцца, «Платформу» зачыняць, мы з вамі разбярэмся, але, як мы бачым, гэта дало свае вынікі. Тады ўжо былі спробы ціснуць на Юру — яго выклікалі ў РУУС і проста размаўлялі з ім — маўляў, нашто гэта табе трэба. Калі пачаліся праблемы ў Дашкевіча і Саннікава, было відавочна, што гэта спроба справакаваць, дыскрэдытаваць іх з дапамогаю г.зв. «злачынных паняткаў», якіх прытрымліваюцца на зоне. Праблемы ўзмацняліся тым, што многія асуджаныя на зоне цалкам адэкватныя людзі, але яны вымушаны выконваць гэтыя законы, бо іх парушэнне абяцала даволі сур’ёзныя наступствы для іх саміх. Дзякуючы Юру, гэтыя праблемы фактычна вырашыліся ў Андрэя Саннікава. Як толькі мы ўсталявалі шчыльныя сувязі з Бабруйскай калоніяй, дамовіліся, каб тамтэйшыя зэкі не чапалі Саннікава, яго этапавалі з Бабруйска ў Віцебск. Мы ўжо былі, так бы мовіць, на стадыі завяршэння дапамогі Змітру Дашкевічу, як пачаліся абсалютна не зразумелыя рэчы».
Паводле Андрэя Бандарэнкі, напачатку Чыгілейчыка проста некалькі разоў затрымлівалі і цэлыя суткі трымалі ў РУУС. «Ён прыходзіў увесь дрыготкі. Я быў вельмі здзіўлены, калі бачыў у такім стане дарослага мужчыну, які ўжо столькі ўсяго пабачыў у жыцці. Ён казаў: «Андрэй, мяне пасадзяць. Мне абяцаюць падкінуць наркотыкі». На жаль, я ставіўся да гэтага не настолькі сур’ёзна, як варта было», — шкадуе Андрэй Бандарэнка.
Пасля гэтага адбылася яшчэ адна дзіўная сітуацыя — Юрыя Чыгілейчыка на машыне Андрэя Бандарэнкі затрымалі супрацоўнікі Рэспубліканскага аддзела па барацьбе са злачыннасцю (АБЗ), машыну абшукалі, нічога не знайшлі. Юры паспеў патэлефанаваць і распавесці пра затрыманне Бандарэнку, пасля чаго АБЗаўцы сказалі: «Гэта быў халасты стрэл. Наступны раз мы не прамахнёмся». Паводле Андрэя Бандарэнкі, пасля гэтага Чыгілейчыка выклікалі ў крымінальны вышук, дзе яму сказалі, што ёсць інфармацыя, што яго павінны затрымаць і збіць.
Абяцанні міліцыянтаў спраўдзіліся.
«Мы з ім бачыліся за некалькі гадзінаў да яго затрымання 27 лістапада — я пакінуў грошы на рамонт машыны. Яго арыштавалі быццам бы на кватэры, дзе ён быццам бы набываў наркотыкі. Абсурднасць сітуацыі ў тым, што іншых грошай у Юры наўпрост не было,у яго былі выключна мае грошы, якія пасля цалкам вярнулі ягонай маці. Ён не патраціў ні рубля. Мы знайшлі людзей, якія былі сведкамі затрымання Юры. Паводле іх словаў, яны ўсе разам выходзілі з кватэры, калі да іх падбег знаёмы і сказаў, што ў двары вельмі шмат міліцыі. Юра не захацеў вяртацца ў кватэру — маўляў, мы не робім анічога супрацьзаконнага і таму можам спакойна ісці далей. Як распавядаў удзельнік гэтых падзеяў, калі яны выйшлі з пад’езда, яго самога моцна ўдарылі ў твар, былі чутны нейкія хлапкі і крыкі Юры: «Не бейце». Калі той чалавек расплюшчыў вочы, ён пабачыў вялізную колькасць людзей у масках, якія мітусіліся і крычалі: «Хутчэй абшуквайце». Да Юры падышоў супрацоўнік міліцыі і дастаў у яго з ботаў пакецік з белым парашком. Пазней стала вядома, што гэта наркотык — метадон. Як мы даведаліся ўжо зараз, акрамя таго, што пры вобшуку не было панятых, на гэтым пакеціку экспертыза не ўсталявала адбіткаў пальцаў Юры», — распавёў падрабязнасці Андрэй Бандарэнка.
Пры затрыманні Юрыя Чыгілейчыка збілі, ды так жорстка, што мужчыну аперыравалі не ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, а вывозілі ў грамадзянскі сталічны шпіталь. Паводле звестак Андрэя Бандарэнкі, зараз Юры Чыгілейчык мае праблемы з ныркамі, пячонкаю, слаба кіруе рукамі.
Праваабарончая супольнасць адмовілася ўзяць Чыгілейчыка пад сваю апеку. Андрэй Бандарэнка назваў гэта «трагедыяй нашага грамадства»: «Калі мы паспрабавалі проста намякнуць праваабаронцам на тое, што, якое б мінулае не меў Юра, без яго «Платформа» не змагла б настолькі эфектыўна ўздзейнічаць на адміністрацыі калоній, не змагла б дапамагчы Саннікаву і Дашкевічу, мне ў кулуарах сказалі — выбачай, гэта былы зэк».
Андрэй Бандарэнка прыгадаў і свой арышт, калі праваабаронцы лічылі яго звычайным махляром (Бандарэнку далі 7 гадоў з канфіскацыяй, а праз 2 гады цалкам апраўдалі — Т.Ш.): «Мне было вельмі балюча чуць пра такое стаўленне да сябе — маўляў, калі скраў, дык і сядзі. Гэтае нежаданне разабрацца ў тым, што сапраўды адбылося, нежаданне ўдзельнічаць у лёсе чалавека адштурхоўвае ад нас звычайных людзей. Яны разумеюць, што калі з імі нешта здарыцца, яны застануцца сам-насам са сваёй праблемаю».
Праз пасіўнасць праваабаронцаў удзельнікі круглага стала вырашылі супольна сустракацца з кіраўніцтвам незалежных праваабарончых структураў, патрабаваць правядзення юрыдычнай экспертызы справы Чыгілейчыка і настойваць на ўнясенні яго ў спіс палітвязняў. Як паказвае практыка, такі ціск прыводзіць да вынікаў. Не так даўно праваабаронцы адхрышчваліся і ад г.зв.«справы бабруйскіх анархістаў», але праз актыўнасць грамадскіх актывістаў ды СМІ, імёны Васьковіча, Сырамалотава і Пракапенкі з’явіліся ў апублікаваным на сайце «Вясны» афіцыйным спісе палітвязняў.
Дарэчы, Вы можаце падтрымаць Юрыя Чыгілейчыка і напісаць яму ліст па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.