«Не правакаваць» — з агрэсарамі не працуе. Ці зменіць свет падыходы да РФ?

Напад Расіі на Украіну стаў вынікам памылковай палітыкі Захаду, які на расійскую агрэсію супраць суседзяў адказваў імкненнем не правакаваць РФ на эскалацыю, дзейнічаў толькі постфактум і прымушаў ахвяр агрэсіі да кампрамісаў. Цяпер трэба мяняць падыходы — у гэтым упэўнены ўкраінскі міністр абароны.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў лічыць, што пытанне трансфармацыі Расіі трэба выносіць на сусветны парадак дня. З дзеючым імперскім рэжымам дамоўленасці немагчымыя, піша УНІАН.

Пра гэта Рэзнікаў распавёў па выніках візіту ў Бухарэст, дзе ён прыняў удзел у працы Чарнаморскай канферэнцыі па бяспецы Міжнароднай Крымскай платформы.

«На парадку дня павінна паўстаць пытанне трансфармацыі Расіі. Тэзіс некаторых партнёраў аб тым, што Масква павінна быць уцягнутая ва ўсе важныя справы рэгіёна, разбіваецца рэальнасцю — з дзейным тэрарыстычным рэжымам, які сілкуецца імперскімі фантомнымі болямі, нейкія дамоўленасці немагчымыя ў прынцыпе», — падкрэсліў міністр абароны Украіны.

Рэзнікаў лічыць, што Расія павінна стаць дэмакратычнай федэрацыяй. «Прайсці праз дэнацыфікацыю, выдаць злачынцаў, кампенсаваць шкоду. Інакш не будзе даверу. Павінна быць агульная пазіцыя, у тым ліку — зафіксаваная праз сістэму магутных санкцый, — што без трансфармацыі ў сапраўдную дэмакратычную федэрацыю, Расія не зможа аднавіць стасункі з цывілізаваным светам», — адзначыў украінскі міністр.

Ён перакананы, што свабодны свет павінен змяніць парадыгму сваіх дзеянняў у кантэксце тако, як здзяйсняць адпор агрэсіям.

«Павольныя дзеянні постфактум не працуюць. «Не правакаваць» — не працуе. Расіянам не патрэбныя правакацыі, каб развязаць вайну. Неаднаразова даказана. Свабодны свет павінен валодаць стратэгічнай ініцыятывай і быць гатовым дзейнічаць хутка і прэвентыўна. Гэта важнае змяненне ў свядомасці, далёка не ўсе псіхалагічна гатовыя. Без гэтай гатоўнасці не з'явіцца палітычная воля і правільныя рашэнні. Але менавіта такі падыход будзе найлепшым фактарам, які здольны ацверэзіць любога агрэсара», — падкрэсліў Рэзнікаў.

Таксама ён дадаў, што патрэбна сістэма гарантый-засцерагальнікаў, якія звядуць да мінімуму жаданне вырашаць нешта сілай.

Аляксей Рэзнікаў

Аляксей Рэзнікаў

«У кантэксце Чарнаморскага рэгіёна ўсё відавочна — не існуе альтэрнатывы NATO. Не існуе альтэрнатывы Украіне ў NATO. Мы даказалі сваю здольнасць узмацніць Альянс і зрабілі фармальныя крокі — падалі заяўку на ўступленне. Адсутнасць руху толькі падоўжыць нявызначанасць і рызыкі», — падкрэсліў украінскі міністр.

«Любыя мадэлі або размовы пра бяспеку ў рэгіёне, якія не прадугледжваюць вызвалення Крыма ад расійскай акупацыі — гэта ілюзіі. З гэтымі ілюзіямі трэба развітвацца. Не трэба сябе падманваць, што існуюць нейкія іншыя варыянты. Іх не існуе. Таму ў кантэксце Крыма павінен быць толькі адзін ракурс — як вызваляць? Гэта агульны інтарэс. На гэтым павінны быць сканцэнтраваныя сумесныя намаганні», — падкрэсліў Рэзнікаў.

Чым заходнія палітыкі адказалі на расійскую агрэсію?

Яшчэ раней Аляксей Рэзнікаў выказаў меркаванне, што ўварванне Расіі ва Украіну стала вынікам памылковай палітыкі Захаду, які на расійскую агрэсію супраць суседзяў адказваў імкненнем не правакаваць Крэмль на эскалацыю, дзейнічаў толькі постфактум і прымушаў ахвяр агрэсіі да кампрамісаў.

На думку міністра абароны, пасля расійскага ўварвання ва Украіну ўжо ніводная краіна не адмовіцца ад сваёй ядзернай зброі, а многія наадварот будуць імкнуцца яе атрымаць.

Так, Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў нядаўна заявіў, што для вызвалення Крыма ад расійскіх захопнікаў Украіна будзе ўжываць усе віды незабароненай зброі. Ён нагадаў, што Крым з'яўляецца тэрыторыяй Украіны, і Украіна будзе рабіць усё неабходнае для яго дэакупацыі.