Ніхто не хоча быць Расіяй, або Чаму Расія ўжо прайграла

На вялікі жаль, Буча не будзе апошняй. І пагарда да кантактаў з Расіяй будзе нарастаць.

bucza_2.jpg

Расія пераўтвараецца ў краіну таксічных эканамічных актываў, — піша ў сваім тэлеграме старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.

«Буча скончыла тое, што пачаў Марыупаль. На жаль, яна не будзе апошняй. Але менавіта Буча такі расплюшчыла вочы сусвету. Я спадзяюся – канчаткова. Спадзяюся на канчатковае разуменне светам таго, чым цяпер ёсць Расія – дзяржавай-злачынцай. І дзяржавай, якая ўжо прайграла.

Расія атрымала паразу некалькі разоў і па некалькіх напрамках.

Па-першае, Расія прайграла тэхналагічна. Прайграла даўно, калі ў “тлустыя” нафтавыя гады спусціла грошы ва ўладныя гаманцы і кішэні, а не накіравала на навуку, даследаванні і адукацыю. Тэхналагічную будучыню, якая была магчымая яшчэ 15–20 гадоў таму, ужо даўно з’еў імперска-піцерскі спажывецкі кааператыў “Возера”.

А зараз Расія страчвае тэхналагічную сучаснасць – праз сыход кампаній, праз санкцыйны водападзел, праз чалавечую міграцыю. І чакае яе толькі тэхналагічнае мінулае.

Расія пераўтвараецца ў краіну тэхналогій дваццатага стагоддзя.

Па-другое, Расія ўжо прайграла палітычна, згуртаваўшы супраць сябе амаль увесь свет. І пачала яна гэта рабіць сама яшчэ мінулым годам, калі яе проксі зрабіў мігранцкі крызіс на паўночнай і заходняй межах Беларусі. Падаецца, яны меркавалі раскалоць Еўропу, а атрымалася закласці падмурак для яе кансалідацыі. Таму да гэтага года Еўропа і падышла амаль напагатове, ужо падрыхтаваная.

А цяпер кансалідуецца ўжо не толькі Еўропа, зараз закладваецца падмурак для кансалідацыі свету. Ну калі не кансалідацыі, то новага светападзелу. Зразумела, не монацэнтрычнага – але ва ўсялякім разе без Расіі. Замест Вялікай васьмёркі (G7+1) ці хаця б G-20 Расія трапляе ў кампанію Эрытрэі, Сірыі, Паўночнай Карэі і Савецкай Беларусіі. Расію выключаюць з міжнародных арганізацый, а свае саюзнікі, нават на постсавецкай прасторы, пакрысе разыходзяцца ўбакі.

Расія пераўтвараецца ў краіну-ізгоя, краіну без паплечнікаў.

Па-трэцяе, Расія ужо прайграла эканамічна. Нават да пачатку вайны яна сама з сябе зрабіла наўпрост краіну-бензакалонку, рэнта за карыстанне якой збіралася абмежаваным колам людзей. Сапраўды, тая самая нафтавая Верхняя Вольта з ядравай зброяй, дзе большая частка насельніцтва прызвычаілася жыць у нішчымніцы. Былі невялічкія надбудовы з хіпстарскіх уключэнняў у сусветныя ланцужкі вытворчасці, але няшмат і не паўсюль.

А зараз – усё. Занадта вялікімі становяцца выдаткі на працу з Расіяй. Вялікімі і таксічнымі. Тут вельмі паказальна, што такія выдаткі не хочуць сплочваць не толькі шмат якія палітычныя гульцы. Прыватны бізнес таксама не жадае апынуцца ў коле тых, каму сорамна, што яны дагэтуль працуюць з Расіяй. Зразумела, не кожнаму перспектыва ганьбы пераважыць эканамічную мэтазгоднасць. Прынамсі – пакуль… Бо, на вялікі жаль, Буча не будзе апошняй. І пагарда да кантактаў з Расіяй будзе нарастаць.

Расія пераўтвараецца ў краіну таксічных эканамічных актываў.

Па-чацвёртае, Расія прайграла з ваеннага пункту гледжання. Гэта відавочна па выніках першага этапу “гарачага”супрацьстаяння Украіны і Расіі. І галоўнае наступства тут не ў паразе парадных надзей і выхадзе расійскіх войск з Поўначы Украіны ці нарошчванні вайсковых сувязяў Украіны з краінамі Захаду (ад інфармацыйнай да ўмоўна-тылавой).

Зараз кожны палкоўнік і генерал назірае і ўважліва вывучвае ўкраінска-расійскую вайну – ад ЗША да Кітаю, ад Японіі да Малдовы. І робіць свае высновы пра аналітычную, тылавую, лагістычную, кіроўную і іншыя складнікі мінулай славы “расійскай зброі”.

Расія пераўтвараецца ў краіну страчанай ваеннай моцы.

І апошняе – Расія атрымала каштоўнасную, маральную паразу. Яшчэ да Бучы прыметнік “расійскі”, да чаго б ён не далучаўся, выклікаў абурэнне і жаданне адштурхнуцца.

А зараз… Зараз бракуе словаў. Толькі агіда і пагарда.

Расія прайграла.

Ніхто не хоча быць ні Расіяй, ні разам з Расіяй, ні нават проста побач з Расіяй».