Палітык з ЕС — Зяленскаму: «Дакажыце, што Буча — не пастаноўка»
Кіраўнік урада адной з краін Еўрасаюза папрасіў Уладзіміра Зяленскага даказаць, што забойствы мірнага насельніцтва ў Бучы не былі пастаноўкай. Пра гэта прэзідэнт Украіны расказаў у інтэрв'ю нямецкаму выданню «Bild».

Вызваленая Буча. Фота: Associated Press
Кіраўнік урада адной з краін Еўрасаюза папрасіў ва Уладзіміра Зяленскага доказаў таго, што забойствы мірнага насельніцтва ў Бучы не былі пастаноўкай.
Зяленскі назваў гэтую рэпліку найгоршым, што ён чуў за апошнія дні. «Такая рыторыка сыходзіць непасрэдна з Крамля», — дадаў ён.
Прэзідэнт Украіны не стаў удакладняць, хто гэты палітык. Аднак на пытанне журналіста: «Ці з'яўляецца гэты палітык з ЕС кіраўніком еўрапейскага ўрада?» — адказаў: «Так».
Украіна і Расія ўскладаюць віну за забойствы мірных жыхароў у Бучы адно на аднаго. Украінцы настойваюць, што трупы на вуліцах у прыгарадзе Кіева з'явіліся, калі ён кантраляваўся расійскімі войскамі. Гэта пацвярджаецца шматлікімі спадарожнікавымі здымкамі. Расіяне ж сцвярджаюць, што целы на вуліцах Бучы «нібыта спецыяльна расклалі дзеля стварэння больш драматычнай карцінкі».