«Медуза» апублікавала відэа, якое даказвае, што жыхароў Бучы забілі, калі ў горадзе стаялі расійцы
У распараджэнні расійскай «Медузы» аказаліся файлы, якія змяшчаюць відэаролікі высокай якасці, на якіх захаваныя паўднёвыя раёны Бучы Кіеўскай вобласці. Запіс вёўся з дрона. Мяркуючы па метаданых файлаў, гэтыя відэа былі знятыя на працягу некалькіх дзён, з 23 па 30 сакавіка 2022 года.
Запісы, якія публікуе выданне, — яшчэ адно вельмі важнае сведчанне (разам са спадарожнікавымі здымкамі ў «The New York Times»), з якога вынікае, што людзей у Бучы дакладна забівалі яшчэ да таго, як з горада адступілі расійскія войскі.
Што відаць на здымках з дрона?
На гэтых запісах можна ўбачыць целы забітых, якія ляжаць на вуліцы Яблонскай, а таксама на некалькіх суседніх вуліцах Бучы. Выданне правяло геалакацыю размяшчэння целаў, і яна цалкам супала з лакацыяй целаў, якія 1 і 2 красавіка 2022 года, пасля адступлення з горада расійскіх войскаў, украінскія паліцыянты і журналісты знялі з зямлі на відэа і фота. Важна адзначыць, што ўсе загінулыя, знятыя з паветра, ляжаць не проста на тых жа месцах, але і ў тых жа позах, што і на здымках з зямлі.
На некалькіх відэа побач з целамі (на адлегласці ад
некалькіх дзесяткаў да некалькі соцень метраў) можна ўбачыць ваенную тэхніку,
падобную да тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні расійскіх дэсантных частак
(верагодна, гэта БМД і БТР-Д). На адным з запісаў можна адрозніць людзей побач
з адной з гэтых баявых машын. У гэты час целы забітых працягваюць ляжаць у
некалькіх дзясятках метраў ад размяшчэння вайскоўцаў.
На здымцы ад 29 і 30 сакавіка расійскай вайсковай тэхнікі на
ранейшым месцы не было. Менавіта 30 сакавіка расійскае Мінабароны называе днём
вываду войскаў з Бучы.
Чаму гэта важна?
Да гэтага галоўным аб'ектыўным дакументальным доказам таго, што забітыя ў Бучы загінулі падчас прысутнасці там расійскіх войскаў, была спадарожнікавая здымка горада ад кампаніі «Maxar». На здымцы, якую кампанія датуе сярэдзінай сакавіка, бачныя «прадметы, падобныя да целаў людзей» на Яблонскай вуліцы. Аднак расійскія пракрамлёўскія блогеры з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў спрабавалі давесці, што здымка «Maxar» вялася 1 красавіка, калі ў Бучу ўвайшлі ўкраінскія войскі.
«Медуза» не толькі атрымала альтэрнатыўны здымцы «Maxar» дакументальны доказ прысутнасці расійскіх войскаў у Бучы у той час, калі там
былі забітыя мірныя жыхары, але таксама незалежна датавала атрыманую здымку з
дапамогай астранамічных вымярэнняў.
Адкуль у «Медузы» гэтыя відэазапісы?
Відэа журналістам перадаў расійскі нацыяналіст Сяргей «Боцман» Кароткіх, чыя група ваюе на баку Украіны. Ён сцвярджае, што яго байцы вялі рэгулярную здымку расійскіх пазіцый у паўднёвых раёнах Бучы з уласнага дрона.
Кароткіх у гэтай гісторыі — зацікаўленая асоба, паколькі праўладныя расійскія журналісты абвінавачваюць «Боцмана» і яго групу ў тым, што менавіта яны забілі жыхароў Бучы 31 сакавіка ці 1 красавіка,
калі горад ужо пакінулі расійскія войскі. Таму журналісты старанна прааналізавалі
перададзеныя відэа — і пераканаліся, што падробка вельмі малаверагодная.
Чаму ёсць упэўненасць, што відэа зроблена да прыходу
ўкраінскіх войскаў?
Упэўнена сцвярджаць, што відэа, якое апублікавана, знята да адступлення з Бучы расійскіх войскаў, дазваляюць тры галоўныя аргументы:
па-першае, расійская ваенная тэхніка добра бачная на вуліцы
Яблонскай, прычым на некалькіх здымках і ў розныя дні. Некалькі бронемашын
знаходзяцца там і 23-га, і аж да 28 сакавіка. На відэа, датаваным 29
сакавіка, расійскай тэхнікі на вуліцы ўжо няма. На ўзбраенні ўкраінскай арміі
такая тэхніка не стаіць.
Па-другое, крыніца дала неапрацаваныя, зыходныя відэафайлы, знятыя дронам. Гэтыя файлы ўтрымліваюць падрабязныя метаданыя, у тым ліку і даныя пра час здымкі.
Па-трэцяе, паколькі метаданыя пры жаданні можна падрабіць, «Медуза» прыцягнула двух незалежных экспертаў, якія праверылі час здымкі з дапамогай астранамічнага аналізу ценяў на малюнку. Яго вынікі дазволілі пацвердзіць, што час у метаданых супадае з рэальным часам здымак, а першае відэа з забітымі не магло быць знята пасля 26 сакавіка 2022 года.