Візавы рэжым пашырыць прорву паміж беларусамі і ўкраінцамі

Уладзімір Зяленскі даручыў ураду разгледзець пытанне аб адмене бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Тым часам ва ўкраінскім сегменце Telegram праводзіцца апытанне, хто за візавы рэжым — большасць падтрымлівае.

79b7210cd9c0a5b979c7d79612d90.jpeg

Беларускi палітолаг Павел Усаў кажа на «Е*рарадыё», што Беларусь і Украіна — частка аднаго цывілізацыйнага праекта, які з’яўляецца альтэрнатывай расійскаму свету. І калі рашэнне аб адмене бязвізавага рэжыму будзе прынята, гэта будзе азначаць, што Украіна цалкам адразае Беларусі магчымасці быць нейкім чынам у альтэрнатыўным падмурку для цывілізацыі супраць расійскага свету.

— Гэта азначае, што беларускі народ успрымаецца як частка расійскай цывілізацыі, якая, у сваю чаргу, не ўспрымаецца як сяброўская, з якой варта і неабходна размаўляць. Візавы рэжым стварае яшчэ адну даволі вялікую шчыліну і пашырае прорву паміж нашымі народамі. І не проста на паперы, а на ўзроўні ментальнасці.

Але я спадзяюся, што да канчатковага палітычнага рашэння аб увядзенні віз не дойдзе, бо частка палітычных эліт краіны і, напэўна, частка інтэлектуальнай, разумее, што мы патрэбны адзін аднаму і мы павінны гэты цывілізацыйны праект развіваць.

Эксперт таксама лічыць, што Офiсу Святланы Ціханоўскай важна казаць аб наладжванні камунікацый з уладамі Украіны. Пры гэтым ён тлумачыць прычыны, чаму Кіеў на гэта можа не пайсці.

— Але не думаю, што Офіс прэзідэнта Украіны вось так раптоўна і ахвоча пачне размаўляць з Офісам Ціханоўскай на афіцыйным узроўні і запросіць яе ў Кіеў. Кіеў зараз падыходзіць да ўсіх выключна з пазіцый прагматычнага разумення: што для Кіева дасць сустрэча са Святланай Ціханоўскай?

Зразумела, што гэта можа даць Офісу самой Ціханоўскай: паляпшэнне і ўзмацненне яе пазіцыі. Але Кіеву гэта не дае ніякіх рэальных фактычных рэсурсаў.

Проста кажучы, у яе няма байрактараў, якія можна было б накіраваць ва Украіну і дапамагчы ёй. Акрамя нейкага палітычнага рэсурсу, які можа мець эфект унутры Беларусі. Але эфект не такі выбуховы, што адразу беларусы ўстануць і будуць змагацца з расійцамі.

Украінцы гэта разумеюць, таму не спяшаюцца ісці на нейкія такія крокі, да таго ж усё яшчэ існуе парадыгма не раздражняць Лукашэнку.

Паводле «Салідарнасці».