Пётр Кузняцоў: Расія і Украіна цалкам памяняліся месцамі

Сёння — роўна месяц з пачатку вайны. Пётр Кузняцоў разважае пра галоўны вынік вайны ва Украіне.

oo8mqzteo3oqjrzuzytr1isvpdkjwlqw.jpg

Хочаце галоўны вынік першых 28 дзён? Без таго, пра што ведаюць і кажуць літаральна ўсе і што няма сэнсу паўтараць – страты, ваенныя злачынствы і гэтак далей.

Галоўны вынік сёння ў тым, што Расія і Украіна цалкам памяняліся становішчам і месцамі.

Усё гэта пачыналася з наратываў аб штучнасці ўкраінскай дзяржавы, яе несапраўднасці. Пасля заканчэння ўсяго месяца ставіць пад сумнеў жыццяздольнасць дзяржавы Украіна можа толькі ўпораты прафесійны прапагандыст. Але нават у асяродку гэтых прапагандыстаў адкрыта пачалі абмяркоўваць, што параза (а да яе прыраўноўваецца проста адсутнасць перамогі) малюе самыя дрэнныя, аж да распаду, перспектывы самой РФ. І пра гэта гавораць сёння не толькі прапагандысты — усё больш і больш самых розных людзей. Распад Расіі ў выпадку паразы.

Вось неяк так. У такім кірунку пайшлі падзеі, кірунак гэта ўсё больш відавочны і чагосьці звышнатуральнага, што магло б крута змяніць ход рэчаў, пакуль нешта не праглядаецца.

Памочнік Пуціна, галоўны ад Расіі па перамовах Мядзінскі выказаўся, што "на коне стаіць лёс Расіі". Хачу сказаць: гэта дадае фарбаў у сітуацыю.