Польшча будзе ўводзіць санкцыі супраць замежнікаў, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне і рэпрэсіі ў Беларусі

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон «Аб спецыяльных рашэннях па супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі ва Украіне і гарантаванні нацыянальнай бяспекі», які прадугледжвае санкцыі супраць замежнікаў, што падтрымліваюць вайну ва Украіне і рэпрэсіі ў Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда


Закон прыняты з мэтай эфектыўнай рэалізацыі ў Польшчы санкцый Еўрасаюза, а таксама дае магчымасць Польшчы фармаваць уласныя санкцыйныя спісы асоб і арганізацый, чые сродкі і актывы могуць быць замарожаныя.
У спіс могуць уключыць «асоб, якія прама або ўскосна падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 года, або сур’ёзнае парушэнне правоў чалавека, або прыгнечанне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пазіцый, або дзейнасць якіх уяўляе сабой іншую сурʼёзную пагрозу дэмакратыі і вяршэнству закону ў РФ ці ў Беларусі».
Санкцыі таксама могуць распаўсюджвацца на фізічных і юрыдычных асоб, непасрэдна звязаных з тымі, хто трапіў пад санкцыі, асабістымі, арганізацыйнымі, эканамічнымі або фінансавымі сувязямі. Пры рашэнні будуць улічвацца характар дзейнасці гэтых асоб, структура іх капіталу, таксама будуць брацца пад увагу меркаванні нацыянальнай бяспекі.
Патрапяць у спіс і тыя, хто не выконвае санкцыі або спрабуе іх абыходзіць, ім можа пагражаць штраф да 20 млн злотых (больш за 4,5 млн долараў). Юрыдычныя асобы, якія трапілі ў санкцыйны спіс, не змогуць удзельнічаць у дзяржаўных закупках.
Органам, упаўнаважаным кантраляваць напаўненне санкцыйнага спісу, будзе МУС Польшчы.
Таксама законам забараняецца ўвоз у Польшчу або транзіт па яе тэрыторыі вугалю і коксу расійскага ці беларускага паходжання. Парушальнікам таксама пагражае штраф да 20 млн злотых. Закон ужо набыў сілу.
Паводле РС.