Пра ролю розніцы паміж «там» і «тут» у гісторыі

Мабыць, ні ў чым так не праяўляецца своеасаблівасць «беларускай мадэлі», як у стаўленні да інтэрнэту. Слова «лічбавізацыя», якое ўвайшло ў моду, не павінна ўводзіць у зман, паколькі лямпавыя людзі ў лічбавай будучыні бачаць не магчымасці, а пагрозы.

На ліквідацыі пагрозаў і спецыялізуецца беларуская мадэль. Гэта яе modus vivendi (спосаб існавання) — у гэтых рамках хлеб беларускія сяляне сеюць не дзеля атрымання прыбытку, а дзеля вырашэння праблемы харчовай бяспекі.

Але інтэрнэт — гэта не проста СМІ, якія слаба паддаюцца кантролю. Маштаб пагрозы, што сыходзіць з яго боку, не можа быць усвядомлены людзьмі, якія ўспрымаюць сусветнае павуцінне выключна ў якасці сродку камунікацыі. Калі б усё было так проста, то на інфармацыйную памыйніцу ўсялякі аўтарытарны рэжым даўно б накінуў цуглі. Аднак нешта пастаянна перашкаджае гэта зрабіць.

Чалавек слова vs. чалавек лічбы

Асэнсаванне феномену інтэрнэту магчыма толькі ў кантэксце эвалюцыі чалавечай свядомасці і культуры, пад якой разумеецца ўся сукупнасць небіялагічнай актыўнасці чалавека.

Перш за ўсё, варта ўсвядоміць, што інтэрнэт з’яўляецца феноменам не функцыянальным, а сістэмным. Гэтым ён адрозніваецца ад шматлікіх вынаходніцтваў тэхналагічнай эпохі, накіраваных на задавальненне канкрэтных патрэбаў (паравы рухавік, рухавік унутранага згарання і г.д.). Таму інтэрнэт як цэласная з’ява не можа быць зведзены да якіх-небудзь яго прыкладных функцый.

Сістэмная самадастатковасць надае інтэрнэту магчымасць самаразвіцця, што на практыцы і назіраецца. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе разглядаць яго як самастойную падсістэму культуры.

Уцягнутасць у інтэрнэт — асабліва ўжо з дзіцячага ўзросту — мяняе не толькі псіхалогію чалавека, але і яго сацыякультурны тып, і тым самым ператварае інтэрнэт у адзін з ключавых фактараў культурна-антрапалагічнай эвалюцыі.

На змену чалавеку слова, так званаму логацэнтрыку, на нашых вачах ідзе чалавек лічбы.

У логацэнтрычным свеце слова — Логас — не проста адлюстроўвае рэальнасць. Яно і ёсць рэальнасць. Як тут ні прыгадаць першы радок Евангелля ад Яна: «У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог».

Сучасны чалавек — прадукт логацэнтрычнай культурнай сістэмы. «Калі мы не хочам мірыцца з недасягальнасцю ісціны, — тлумачыць культуролаг Андрэй Пеліпенка, — гэта логацэнтрызм. Калі мы суадносім усе нашы каштоўнасці з нейкім вялікім Абсалютам (хай нават той страціў сваю традыцыйную рэлігійную атрыбутыку) — гэта логацэнтрызм. Любога кшталту прынцыпы ўпарадкавання і сістэмы нарматыўнасці — ад маральных установак да сацыяльных статусаў — сведчанні логацэнтрызму. Усе дыскурсы кніжна-пісьмовай культуры — таксама логацэнтрызм. Калі мы шукаем адказ на якія-небудзь пытанні, мы шукаем перш за ўсё слоўную формулу, якая адпавядае законам, правілам, уяўленням пра парадак рэчаў, якім логацэнтрызм падмяняе прамое перажыванне саміх рэчаў. Пры гэтым спрацоўвае выпрацаваная яшчэ грэкамі і несвядома засвоеная логацэнтрычная ўстаноўка: закон быцця, мыслення і мовы — гэта адзін і той жа закон».

Ад правага да левага паўшар’я і назад

З усяго працытаванага вышэй для далейшага прасоўвання наперад дастаткова засвоіць адну думку: логацэнтрычны свет — гэта свет іерархічнага чалавека, для якога няма нічога больш натуральнага, чым успрыманне сваіх супляменнікаў або ў ролі начальнікаў, або ў ролі падначаленых.

Разбурэнне ўладнай вертыкалі, што ў мінулым стагоддзі двойчы назіралася сярод родных бяроз і асін, прыводзіла ў ступар чалавека іерархічнага. Калі ён адыходзіў ад шоку, дык пачынаў патрабаваць навядзення парадку, пад якім разумеў аднаўленне простай і зразумелай іерархіі.

Рэвалюцыя 1917 года і рэвалюцыя канца 1980-х гадоў (Перабудова), зрэшты, як і ўсе папярэднія еўрапейскія рэвалюцыі, праходзілі ў рамках логацэнтрычных стратэгій, бо на змену адным іерархічным сістэмам прыходзілі іншыя.

Тое, што мы назіраем сёння, сведчыць не пра колькасныя, а хутчэй пра якасныя змены ў грамадстве. Нашы дагістарычныя продкі — паляўнічыя і збіральнікі — для выжывання мелі патрэбу ў першую чаргу не ў лагічным асэнсаванні свету, а ў аператыўным аналізе «малюнкаў». А паколькі за вобразнае ўспрыманне адказвае правае паўшар’е мозгу — то яно і было ў іх дамінуючым.

З такога чалавечага матэрыялу не пабудаваць іерархіі, якая выходзіць за цесны круг роду. Таму ўласна гісторыя чалавецтва пачынаецца з пераходу ад палявання і збіральніцтва да прадукцыйнай эканомікі (земляробства і жывёлагадоўлі), у якой вядучую ролю сталі адыгрываць прадстаўнікі Homo sapiens з дамінаваннем левага паўшар’я.

Калі архаік быў яшчэ не здольны ўсвядоміць цэласнасць свету, то для ўладальніка інтэрнэт-свядомасці свет ужо не цэласны. Таму архаік (прыгадаем Пятніцу з несмяротнага рамана «Прыгоды Рабінзона Круза») бескарысны для выбудоўвання ўладных вертыкаляў. Што тычыцца ўладальніка сучаснай інтэрнэт-свядомасці, то для яго іерархіі калі і існуюць, то як загадзя ўмоўныя, зменлівыя і, такім чынам, неабавязковыя і неістотныя.

Згодна з запаветам Сямёна Сямёнавіча

І як на ўсё гэта прапануеце рэагаваць? Можна скарыстацца адкрыццём Уладзіміра Пуціна, якім ён падзяліўся 24 красавіка 2014 года на медыяфоруме ў Пецярбургу: «Усё гэта (інтэрнэт) паўстала як спецпраект ЦРУ ЗША, так і развіваецца».

Здавалася б, больш даходліва і не скажаш, дык у чым справа? А праблема ў тым, што не хлебам адзіным жыве чалавек. Большасць, зразумела, асабліва не пераймаецца — абмяжоўвае свае патрэбы выключна імкненнем да камфортнага жыцця. Але ўсё часцей як беларусы, так і расіяне пачынаюць прад’яўляць запыт на справядлівасць, свабоду і роўнасць.

Дадзім слова палітолагу Уладзіміру Пастухову: «Небяспечна, калі параўнанне з іншымі — не на карысць рэжыму. Да апошняга моманту запыты першага парадку ў Расіі задавальняліся на ўзроўні, які перавышае ўзроўні 1990-х гадоў і большую частку савецкага часу. Калі будзе ўсталявана жалезная заслона, у тым ліку інфармацыйная, пачне нарастаць розніца паміж «тут» і «там». А розніца паміж “тут” і “там” — асноўны фактар рэвалюцыі».

Прыгадаем Сямёна Сямёнавіча з «Брыльянтавай рукі», які наведаў казачны свет, у якім п’юць кока-колу. І без інтэрнэту колькасць ахвочых выпіць імпартны напой у краіне, дзе перамог сацыялізм, расла па экспаненце. У 1991 годзе гэта колькасць спарадзіла новую якасць. Не так даўно гэта было. Яшчэ хапае тых, хто пра гэта памятае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: